Следчы камітэт РФ звязаў сям’ю Байдэнаў і тэракты ў Расеі


Следчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу паводле абвінавачання ў фінансаванні тэрарызму супраць службовых асобаў NATO і ЗША. Пра гэта 9 красавіка паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК РФ Святлана Пятрэнка.

Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн у Вашынгтоне.
Фота: Telegram / V_Zelenskiy_official

Крымінальная справа нібыта была адказам на зварот дэпутатаў Дзярждумы «і іншых асобаў».

«Высветлена, што грашовыя сродкі, якія паступалі праз камерцыйныя арганізацыі, у прыватнасці, нафтагазавую кампанію «Бурысма Холдынгс», што працуе на тэрыторыі Украіны, цягам апошніх гадоў выкарыстоўваліся для ажыццяўлення тэрарыстычных актаў у Расейскай Федэрацыі, а таксама за яе межамі з мэтаю знішчэння бачных палітычных і грамадскіх дзеячаў і нанясення эканамічнай шкоды», – заявіла Святлана Пятрэнка.

Канкрэтныя падзеі пры гэтым не называюцца.

Паводле Пятрэнкі, цяпер правяраюцца крыніцы паступлення і далейшы рух некалькіх мільёнаў долараў, дачыненні канкрэтных асобаў «з ліку працаўнікоў органаў улады, грамадскіх і камерцыйных арганізацыяў краінаў Захаду», «адпрацоўваюцца сувязі беспасярэдніх выканаўцаў тэрарыстычных актаў з замежнымі куратарамі, арганізатарамі і фундатарамі».

Што за зварот?

Пра зварот дэпутатаў Дзярждумы, які згадалі ў СК РФ, 1 красавіка пісала «РИА Новости». У звароце адзначалася, што «адным з ключавых прыватных спонсараў, якія фінансуюць у тым ліку тэрарыстычную дзейнасць ГУР МА Украіны, быў беспасярэдне ўкраінскі бізнес-партнёр прэзідэнта ЗША Джо Байдэна – уласнік газаздабыўной кампаніі «Бурысма» Мікола Злачэўскі, а таксама апасродкавана ягоныя топ-менеджары і саўдзельнікі, якія ўдзельнічалі ў карупцыі».

Дэпутаты Дзярждумы РФ нагадвалі, што ў 2014 годзе сын Байдэна быў прызначаны на пасаду ў раду дырэктараў кампаніі «Бурысма». Паводле звароту, Злачэўскі, «фінансуючы тэрарыстычныя акцыі ГУР МА і СБУ, ухіляецца ад крымінальнай адказнасці за канкрэтныя факты крадзяжу, адмывання і ўдзелу ў міжнароднай карупцыі».

Заяву падпісалі першы намеснік старшыні камітэту Дзярждумы ў справе абароны Андрэй Красаў, кіраўнік камітэту Дзярждумы ў справе Далёкага Усходу Мікалай Харытонаў, першая намесніца старшыні камітэту Дзярждумы ў справе асветы Яна Лантратава, філосаф Аляксандр Дугін і экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Дзяркач.

Справа кампаніі «Бурысма» прывяла да супярэчнасцяў паміж Кіевам і Вашынгтонам падчас мінулага прэзідэнцтва Доналда Трампа. Згадка Следчым камітэтам РФ кампаніі і сям’і Байдэнаў адбываецца падчас чарговай спробы Трампа зрабіцца прэзідэнтам ЗША.

Hавiны
ФСБ знайшла ў тэракце 22 сакавіка «ўкраінскі след»
2024.03.23 11:18

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў