Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 9 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 9 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на раніцу 9 красавіка страты расейскіх войскаў склалі каля 19 100 чалавек асабовага складу.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Кіеве з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам. Таксама 9 красавіка Кіеў наведвае прэм’ер-міністр Аўстрыі Карл Нэгамэр.

Прэс-сакратар аператыўнага штабу Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук паведаміў, што расейскі флот працягвае блакаваць узбярэжжа Адэскай вобласці. Таксама застаецца высокая імавернасць ракетных атак па Адэсе. Разам з тым Братчук сцвярджае, што сітуацыя ў горадзе і вобласці пад кантролем, а ў вайскоўцаў ЗСУ дастаткова сілаў і сродкаў для агнявога знішчэння праціўніка.

Паводле Бі-Бі-Сі, Расея змяніла камандуючага аперацыяй ва Украіне. Прычынамі называюць адступленне каля Кіева і вялікія баявыя страты сярод расейцаў. Таксама гавораць, што новым камандуючым стаў генерал арміі Аляксандр Дворнікаў, які ўзначальвае войскі Паўднёвай вайсковай акругі.

Пэнтагон пацвердзіў, што скінутая 8 красавіка на вакзал у Краматорску ракета з комплексу «Точка У», была выпушчаная расейцамі. Пэнтагон таксама лічыць, што Расея задзейнічае 18-ую мотастралковую дывізію УС РФ для наступу на Краматорск, сфармаваную ў 2021 годзе. Нагадаем: у выніку ракетнага ўдару па чыгуначным вакзале ў Краматорску былі забітыя 52 асобы (з іх 5 дзяцей), яшчэ 109 параненыя.

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @belhalat_by, з Гомельскага РНПЦ радыяцыйнай медыцыны з’ехалі расейскія вайсковыя медыкі і салдаты. Тое ж адбылося і з палявым шпіталем у Нароўлі. Паводле крыніцы, імаверная перадыслакацыя баяздольных войскаў і сілаў медычнага забеспячэння ў данецкім напрамку.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну за антываенныя акцыі пратэсту па ўсёй краіне затрымалі мінімум 1500 чалавек. Большасць з іх улады пераследавалі паводле адміністратыўных справаў, а супраць некаторых распачалі крымінальныя.

ВК Belsat

Стужка навінаў