Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто». Хто такая Анджэліка Борыс – старшыня Саюзу палякаў у Беларусі


Анджэліка Борыс – вядомая ў паланійным свеце асоба, якая шмат гадоў насуперак ціску ўладаў працуе над адраджэннем і развіццём польскай мовы ды культуры ў Беларусі. У жніўні 2020 года яна выступала перад 40-тысячнай плошчай у Горадні, дзе падтрымала беларускі народ у яго барацьбе, а таксама брала ўдзел у акцыях салідарнасці, якія ладзілі тады сябры Саюзу палякаў у Беларусі. Цяпер спадарыня Борыс – на Валадарцы, ёй пагражае да 12 гадоў зняволення за «распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы».

Анджэліка Борыс, старшыня Саюзу палякаў у Беларусі. Беласток, Польшча. 13 верасня 2018 года.
Фота: Anatol Chomicz / Forum

Анджэліка Борыс нарадзілася ў вёсцы Грабяні Гарадзенскага раёну. Мае двух братоў і сястру. Дзеці ў сям’і выхоўваліся на рэлігійных каштоўнасцях і нацыянальных польскіх традыцыях.

З Саюзам палякаў спадарыня Анджэліка звязаная яшчэ са школы. Яна была сярод першых дзяцей, якіх саюз у 1989 годзе адправіў у Польшчу на вакацыі і вывучэнне польскай мовы. Пасля сканчэння школы паехала вучыцца ў Польшчу – скончыла педагагічны тэхнікум у Люблінскім павеце, аддзяленне Варшаўскага ўніверсітэту ў Беластоку. Вярнуўшыся ў Беларусь, пайшла працаваць настаўніцаю пачатковых класаў, выкладала польскую мову ў школах у Горадні і Адэльску.

«Анджэліка вельмі актыўная, ініцыятыўная. Яна заўсёды знаходзіла кантакт з людзьмі, яе вельмі любілі дзеці. У 1996 годзе паўстала польская школа ў Горадні, пасля адкрылася польская школа ў Ваўкавыску. Пачалі паўставаць грамадскія польскія школы. Анджэліка арганізоўвала розныя імпрэзы, конкурсы, каб прыцягнуць у гэтыя школы навучэнцаў. Таксама курсы для настаўнікаў, метадычныя канферэнцыі», – распавядае «Белсату» Ірэна Валюсь, віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі.

Ірэна Валюсь, віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі.
Фота: Белсат

Сябрам СПБ Анджэліка Борыс зрабілася ў 1995 годзе, праз тры гады пачала кіраваць адукацыйным аддзелам, што ў той час прыраўноўвалася да пасады намесніка старшыні. На з’ездзе, планаваным на 2000 год, яе мелі фармальна зацвердзіць на гэтай пасадзе. Аднак новаабраны старшыня СПБ, дацэнт Гарадзенскага ўніверсітэту Тадэвуш Кручкоўскі з асабістых меркаванняў гэтую пасаду ёй не запрапанаваў.

«Анджэліка вельмі смелая і рашучая, яна заўсёды ўмела адстойваць свой пункт гледжання, усім сэрцам адданая справе польскага адраджэння ў Беларусі. Менавіта такая асоба, верная нашым ідэалам, была патрэбна ў той час у Галоўным праўленні СПБ», – кажа Тадэвуш Гавін, заснавальнік і першы кіраўнік саюзу.

Перыяд з 2000 да 2005 года быў найгоршым у дзейнасці СПБ. Тадэвуш Кручкоўскі адмовіўся ад шмат якіх жыццёва важных ініцыятыў саюзу. Больш за тое, практычна падпарадкаваў арганізацыю ўладам Беларусі. Такому становішчу супраціўлялася група маладых і актыўных дзеячаў СПБ, сярод якіх была і Анджэліка Борыс. На чарговым зʼездзе, 12 сакавіка 2005 года, яе абралі старшынёй арганізацыі.

Будынак афіцыйнага праўладнага Саюзу палякаў. Адабраны ў СПБ у 2005 годзе.
Фота: Белсат

«Анджэліка была яшчэ зусім маладой, але яна ездзіла па Беларусі, сустракалася з людзьмі, таму яе добра ведалі і падтрымалі ейную кандыдатуру на выбарах у 2005 годзе», – адзначае Ірэна Валюсь.

Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікаў зʼезду. У ліпені 2005-га АМАП захапіў будынак гарадзенскага Дому палякаў, а ў жніўні пад кантролем уладаў правялі паўторны зʼезд, на якім абралі новага кіраўніка СПБ – Юзэфа Лучніка. Аднак гэтага зʼезду не прызнала Польшча.

Hавiны
Навошта ўлады Беларусі атакуюць Саюз палякаў у Беларусі
2021.03.26 17:08

«Польскі ўрад, палонія ўва ўсім свеце шануе наш дэмакратычны выбар. Канечне, думалася, што такая сітуацыя з саюзам працягнецца год-два, а бачыце – цягнецца ўжо 16 гадоў», – распавядае Ірэна Валюсь.

Пераважная большасць аддзелаў СПБ і яго членаў засталіся верныя Анджэліцы Борыс і працавалі з ёю далей. Улады адабралі ў незалежнага саюзу дамы польскай культуры і друкаваныя органы – «Głos znad Niemna» і «Magazyn Polski», якія ўжо праз некалькі месяцаў спынілі сваё існаванне.

На спадарыню Борыс пачалі моцна ціснуць, яе пачалі выклікаць у КДБ, пракуратуру, міліцыю. Толькі ў 2005 годзе яна хадзіла на допыты 56 разоў.

Фота: Белсат

«Ніхто не быў гатовы да таго, што ўсё адбудзецца менавіта так. Аказалася, вучыць польскую мову ў Беларусі, праводзіць культурніцкія імпрэзы – гэта палітыка. Але Анджэліка – мэтанакіраваная асоба, моцны лідар, які здольны весці за сабой. Яна кіруецца прынцыпам «калі не я, то хто», – адзначае Ірэна Валюсь.

У 2006 годзе ўплывовы польскі часопіс «Twój styl» назваў Анджэліку Борыс «Жанчынаю года» – «за цвёрдасць, з якой яна абараняе польскую культуру ад рэпрэсіяў уладаў Лукашэнкі». Аднак атрымаць свой прыз «Złoty Wawrzyn» не здолела: напярэдадні, калі спадарыня Борыс вярталася з Польшчы, куды яе запрасілі як сябру Кансультацыйнай рады палоніі свету пры польскім Сенаце, гарадзенскія памежнікі адабралі ў яе пашпарт на нявызначаны час без тлумачэння прычынаў.

Hавiны
«Курс на канчатковае знішчэнне польскай меншасці ў Беларусі». Першы кіраўнік СПБ выказаўся пра рэпрэсіі супраць палякаў
2021.03.26 14:09

«Гэта вельмі крыўдна. У Польшчы мяне пазнаюць на вуліцах і віншуюць, а ў Беларусі я злачынец толькі за тое, што наш Саюз палякаў працягвае планавую працу», – казала яна тады ў інтэрвʼю.

Анджэліка Борыс некалькі разоў атрымлівала вялікія штрафы за правядзенне культурніцкіх імпрэзаў. Напрыклад, у 2008 годзе аштрафавалі на 400 еўраў за канцэрт польскага гурта «Lombard» у Горадні, у 2010 годзе далі 1000 еўраў штрафу «за незаконную дабрачынную дзейнасць» і каля 200 еўраў штрафу за незаконны мітынг перад Польскім домам у Горадні.

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс. Крыніца: Znadniemna.pl

У 2011 годзе міністр замежных справаў Польшчы ўзнагародзіў спадарыню Борыс дыпломам за вялікі ўнёсак у прасоўванне Польшчы ў свеце. Улады Беларусі ў сваю чаргу «ўзнагароджвалі» яе па-свойму: з 2015 года яна была пад сталым назіраннем упраўлення фінансавых расследаванняў КДК. У 2019 годзе Анджэліку Борыс судзілі за арганізацыю традыцыйнага свята рамеснікаў «Гарадзенскія Казюкі». Праўда, тым разам справу закрылі праз нязначнасць правапарушэння.

«У Анджэлікі добрыя кантакты з палоніяй ува ўсім свеце дзякуючы камунікабельнасці. Разам з тым, ад кожнага чалавека яна патрабуе адказнасці: калі дамовіліся нешта зрабіць, то трэба выконваць. Кіраваць арганізацыяй, рэалізоўваць дзейнасць у беларускіх рэаліях – справа нялёгка. Але Анджэліка – з тых рэдкіх сёння асобаў, якія маюць высокія ідэалы», – адзначае Ірэна Валюсь.

У 2021 годзе ціск на палякаў Беларусі ўзмацніўся ў разы. Пракуратура пачала маштабна правяраць школы з вывучэннем польскай мовы. Анджэліку Борыс затрымалі 23 сакавіка і арыштавалі на 15 содняў за правядзенне кірмашу рамёстваў «Гарадзенскія Казюкі».

Анджэліка Борыс.
Фота: Andżelika Borys / Facebook

25 сакавіка 2021 года Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць яе ды іншых асобаў паводле трэцяй часткі артыкулу 130 КК Рэспублікі Беларусь. Анджэліку Борыс ды іншых вінавацяць у правядзенні масавых акцыяў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандыцкіх фармаванняў, а іхныя дзеянні нібыта мелі на мэце рэабілітаваць нацызм, апраўдаць генацыд беларускага народу.

Сябры саюзу адзначаюць, што арганізацыя працуе і працягне працаваць, што б ні здарылася. Нягледзячы на пераслед, СПБ сёння – адна з самых вялікіх грамадскіх арганізацыяў у Беларусі.

Артыкулы
«У іх заўсёды ўва ўсім палякі вінаватыя». Што кажуць гарадзенцы пра антыпольскую кампанію
2021.03.26 11:05

«Я заўсёды паўтарала, што СПБ – гэта не дамы, гэта людзі. Цяпер сітуацыя для ўсіх вельмі цяжкая. Патрэбная салідарнасць грамадзянскай супольнасці, палякаў, беларусаў», – казала спадарыня Борыс 20 сакавіка падчас апошняга зʼезду саюзу, на якім яе трэці раз абралі старшынёю.

«Анджэліка Борыс падчас свайго кіравання саюзам здолела захаваць арганізацыю і павесці за сабою людзей, аднавіць працу выданняў «Głos znad Niemna» і «Magazyn Polski». Арганізавала вывучэнне польскай мовы ў грамадскіх школах, а таксама ўсебаковую дапамогу сябрам саюзу, якія мелі ў ёй патрэбу. Павялічыла колькасць аддзелаў і чальцоў СПБ, практычна аднавіўшы гэтую лічбу да перадканфліктнага перыяду», – адзначае дасягненні кіраўніцы саюзу Тадэвуш Гавін.

Тадэвуш Гавін, заснавальнік і першы кіраўнік СПБ.
Фота: Белсат

Грамадскі дзеяч адзначае, што СПБ у цяперашніх рэпрэсіях не ёсць нейкім выключэннем – саюз стаўся чарговай ахвярай у барацьбе рэжыму з грамадзянскаю дэмакратычнаю супольнасцю:

«Беларускія дэмакратычныя сілы, грамадскія арганізацыі і само беларускае грамадства, нязгоднае з рэжымам, панесла невымерна вялікія страты. Арыштаваныя дзеячы СПБ чакалі арышту і былі да яго гатовыя. Гэта помста польскім уладам за дапамогу беларусам у іхнай барацьбе за лепшую і справядлівую будучыню. Гэта, натуральна, дапамога і нам, беларускім палякам, большая частка якіх хоча жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, у якой людзі ўсіх нацыянальнасцяў адчуваюць сябе камфортна».

Тадэвуш Гавін мяркуе, што даводзіць справу з вядомымі ўва ўсім паланійным свеце польскімі дзеячамі да суда – задума, якая нічога, акрамя іміджавых стратаў, уладам не прынясе. З іншага боку, калі ў краіне вялікая колькасць найлепшых прадстаўнікоў беларускага грамадства сядзела ці сядзіць за кратамі, пасадка некалькіх беларускіх палякаў ужо і так моцна сапсаванаму іміджу асаблівай шкоды не прынясе.

Фота: Белсат

«Я не выключаю, што ўлады будуць спрабаваць узамен на свабоду схіліць Анджэліку Борыс і ейных калегаў выехаць з Беларусі ў Польшчу або гвалтоўна іх туды дэпартаваць. Для абвінавачвання нашых грамадскіх дзеячаў няма ніякіх прававых падставаў. Гэта справа надуманая», – адзначае спадар Гавін.

На думку Тадэвуша Гавіна, цяпер у краіне няма ніякіх рычагоў уплыву на дзейныя ўлады, якія ментальна ўсё яшчэ застаюцца ў СССР і жывуць паводле савецкіх паняткаў. Разам з тым, беларускі народ ужо даўно жадае жыць ва ўмовах свабоды і выканання правоў чалавека.

Аналітыка
Лукашэнка абяцаў: калі стане прэзідэнтам, палякі будуць мець столькі школаў, колькі неабходна. Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі
2021.04.05 08:00

«Польшчы і Еўразвязу вельмі цяжка нешта змяніць у варунках існай палітычнай сістэмы Беларусі. Пры гэтым я ўпэўнены, што ні Анджэліка Борыс, ні арыштаваныя разам з ёю дзеячы СПБ не пагадзіліся б з тым, каб Польшча выцягнула іх з турмы коштам спынення дапамогі беларускаму народу ў яго барацьбе за свае правы з дзейным рэжымам», – падсумаваў Тадэвуш Гавін.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў