Намібія выдала беларуску, якая больш за 10 гадоў была ў міжнародным вышуку. Яе даставілі ў Менск


Па запыце Генеральнай пракуратуры з Намібіі дэпартавалі беларуску, якую яшчэ ў лістападзе 2006 года асудзілі на 5,5 года пазбаўлення волі за махінацыі з палівам. Доўгі час яна хавалася ў Афрыцы.

Дэпартаваная беларуска – Вікторыя Цунік 1961 года нараджэння. У 2006-м суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў яе вінаватай у службовых злачынствах і легалізацыі матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам, і асудзіў да пазбаўлення волі тэрмінам на 5,5 года.

Ад выканання прысуду жанчына ўхілілася, у студзені 2009 года яе абвесцілі ў міжнародны вышук, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле звестак ведамства, жанчына хавалася ў розных краінах Афрыкі, у тым ліку Анголе і Намібіі. Пасля ўсталявання месцазнаходжання Цунік на тэрыторыі вобласці Замбэзі Рэспублікі Намібія Генеральная пракуратура звярнулася з запытам пра экстрадыцыю яе ў Беларусь.

«Нягледзячы на сціснутыя тэрміны перадачы Цунік, устаноўленыя намібійскім бокам, складанасці з прапрацоўваннем маршруту этапавання, абмежаванасць часу для рыхтавання і перакладу дадатковых матэрыялаў з мэтай атрымання дазволу на транзітны перавоз выдадзенай асобы па тэрыторыі некалькіх замежных дзяржаваў, асуджаную ў суправаджэнні спецканвою МУС Беларусі 30 сакавіка 2021 года даставілі ў Менск», – паведамілі ў Генпракуратуры.

Цяпер затрыманая жанчына застаецца ў беларускай пенітэнцыярнай установе.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў