Месяц таму ўрад замарозіў кошты на некаторыя прадукты. Паглядзелі, што з коштамі цяпер


Прадукты першай неабходнасці. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Больш за месяц таму ўлады Беларусі пастанавілі замарозіць кошты на некаторыя харчы і лекі. «Белсат» параўнаў цэны са спісу прадуктаў месяц таму і цяпер.

Пастанову № 100 «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці» прынялі 23 лютага.

Гэтак, з канца лютага кошты на сацыяльна значныя тавары замарожваліся, а затым маглі павышацца на 0,2 % за месяц. Адхіляцца ад гэтага абмежавання можна па ўзгадненні з Камісіяй у пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў. Выступіць з ініцыятываю павысіць кошты вышэй за ліміт могуць толькі дзяржаўныя структуры.

Прадукты харчавання. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Спіс прадуктаў змяшчае 62 пазіцыі. З яго мы абралі 14: манныя, рысавыя і грэчневыя крупы, туалетную паперу (двух відаў), аўсяныя шматкі, тварог, цукар, муку, свініну і кураціну, малако, кефір і бульбу.

Першы раз набылі прадукты 1 сакавіка, другі раз – 1 красавіка ў адной і той жа краме. На дзіва, кошты насамрэч засталіся такімі ж, як і месяц таму. Нават мяса не падаражэла ні на капейку.

На тым жа ўзроўні засталіся цэны на манныя крупы, хаця, паводле Белстату, у студзені яны каштавалі 1,66 рубля, а ўжо ў лютым – 1,71 рубля. Мы яе набылі за 1,8 рубля ў пачатку мінулага і гэтага месяцаў. Так бы мовіць, «індэкс манкі» не змяніўся.

Прадукты харчавання. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч патлумачыў неўласцівую для Беларусі адсутнасць падаражэння тым, што ў эканоміцы не адбылося ніякіх зменаў:

«Беларуская эканоміка здранцвела. Не было росту заробкаў, таму прадаўцы не могуць і падвысіць цэнаў, іначай прадуктаў ніхто не будзе набываць».

Паводле эксперта, менавіта адсутнасць рухаў у эканоміцы, а не стрымліванне коштаў пакінула цэннікі на старым узроўні.

Наступны закуп правядзём 1 траўня, каб паглядзець, ці жывая эканоміка і ці працуе стрымліванне.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў