Дзе беларускам вучыцца самаабароне і што такое WenDo – трэнінгі, створаныя жанчынамі для жанчын?


Пасля трагедыі, якая адбылася з беларускай Лізаветай у цэнтры Варшавы, сярод іншых распачаліся абмеркаванні на тэму таго, як жанчынам абараніць сябе ў падобных выпадках ды даць адпор нападніку. У сацсетках з’явілася адразу некалькі прапановаў трэнінгаў па самаабароне для жанчын. Пагутарылі на гэтую тэму з актывісткай Настай Базар – удзельніцай трэнінгу па самаабароне і асертыўнасці для жанчын WenDo, і з беларусам Вадзімам, які ладзіць у Беластоку заняткі па персанальнай бяспецы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ukrinform / East News

«WenDo працуе з унутранай сілай жанчын»

Даведка

Методыка самаабароны і асертыўнасці для жанчын WenDo з’явілася ў 80-90-х гадах ХХ стагоддзя ў Канадзе, адкуль распаўсюдзілася на еўрапейскія краіны. Асабліва папулярнай яна стала ў Францыі і Нямеччыне. Першыя трэнінгі WenDo у Польшчы прайшлі ў 2001 годзе. Потым полькі пачалі вучыць беларусак.

«Доўгі час у Беларусі была толькі адна трэнерка WenDo – Вольга Ланеўская, якая працавала ў «Радзіславе» – арганізацыі, што дапамагала жанчынам, і якой больш за 20 гадоў кіравала Вольга Гарбунова, – распавядае актывістка Наста Базар. – Цяпер Вольга працуе ў Кракаве ў фондзе «Аўтаномія», вядзе Акадэмію WenDo, і я ведаю як мінімум трох беларусак, якія яе скончылі. З’яўляецца ўсё больш трэнерак, якія могуць выкладаць па-расейску, па-беларуску, па-ўкраінску. Мая задача цяпер – арганізаваць як мага больш такіх трэнінгаў па ўсёй Польшчы».

Асаблівасць методыкі WenDo у тым, што яна распрацаваная жанчынай для жанчыны.

«Яна накіраваная не толькі на фізічную самаабарону, але і на псіхалагічную, – кажа актывістка. – Большасць жанчын думаюць, што яны слабейшыя, чым ёсць насамрэч, і гэтыя трэнінгі працуюць з унутранай сілай жанчын, каб яны былі больш упэўненыя ў сабе, сваёй пазіцыі, сваіх межах».

Наста Базар прымала ўдзел у WenDo трэнінгах, але не можа дэталёва распавесці, з чаго яны складаюцца.

«У гэтых трэнінгах ёсць прыёмы, нечаканыя для мужчын, і калі пра іх казаць у голас, гвалтаўнікі будуць ведаць пра іх і іх чакаць», – зазначае актывістка.

Большасць жанчын у сітуацыі нападу маўчаць

Галоўнае, чаму вучыць методыка WenDo, паводле Насты Базар, – гэта разуменне, што ты – не адна, у тым ліку, у досведзе гвалту.

«Кожная з нас – не адна. Нас шмат. І гэта вельмі важна казаць, і я ведаю па сабе, што як толькі ты разумееш, што ты не адна, і я не толькі пра гвалт, а пра любую сітуацыю – калі мы ведаем, што мы – не адны, нам становіцца прасцей», – кажа феміністка.

Больш за 70% жанчын у сітуацыі нападу маўчаць, таму што адбываецца ступар, дысацыяцыя з целам, неразуменне, зазначае актывістка:

«Я цудоўна памятаю сябе ў сітуацыі крыху іншага, але тым не менш, гвалту – калі я трапіла ў ачапленне АМАПу, і я памятаю свае думкі, як я сабе казала, што гэта адбываецца тут і цяпер, бо я не магла ў гэта паверыць. Тое самае часта адбываецца з жанчынамі пры нападзе – яны не могуць паверыць, што гэта адбываецца і што гэта – гвалт. І маўчаць. На жаль, гэта адэкватная рэакцыя псіхікі і цела. Але з іншага боку, менавіта разуменне, што большасць маўчаць, можа даць моцы закрычаць. І нават гэта ўжо можа здзівіць гвалтаўніка».

Яшчэ адна з мэтаў методыкі WenDo – навучыць жанчыну прымаць усе свае праявы, у тым ліку – страх, і прымаць рашэнні ў сітуацыі тут і цяпер.

«Гэта пра тое, каб быць крышачку больш упэўненай і адчуць у сабе моц, – кажа Наста Базар. – Гэтая методыка падыходзіць у тым ліку жанчынам з інваліднасцю, і яе ідэя ў тым, што кожная жанчына можа мець хаця б некалькі інструментаў, каб паспрабаваць зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць гвалту са свайго боку. Паўтаруся – са свайго боку, бо каб гвалт спыніўся, трэба проста перастаць гвалціць – гэта галоўнае».

Калі няма куды пайсці на радзіме па дапамогу, яе можна атрымаць не ў Беларусі

Наста з сумам і шкадаваннем кажа, што цяпер немагчыма праводзіць трэнінгі WenDo у Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«А там моцна вырас узровень гвалту, як хатняга, так і сексуалізаванага, хоць ад нас гэтыя дадзеныя хаваюць, – зазначае актывістка. – Тут мне важна сказаць жанчынам, якія застаюцца ў Беларусі і патрапілі ў сітуацыю гвалту, што гэта таксама можа быць падставай для атрымання статусу ўцякачкі. Калі жанчынам няма куды пайсці на радзіме па падтрымку, яны могуць атрымаць яе не ў Беларусі. Я хачу, каб яны ведалі, што заўсёды будуць жанчыны, якія іх падтрымаюць».

Трэнінгі па самаабароне, якія цяпер прапаноўваюць мужчыны, – гэта таксама файны інструмент і яны мусяць быць, лічыць актывістка, але пры ўмове, калі мужчыны будуць пытацца ў жанчын, што ім самім патрэбна, будуць чуць жанчын, а не выходзіць з пазіцыі «я ведаю, я вас навучу». Яшчэ адна важная ўмова, паводле эксперткі – гэтыя трэнінгі мусяць быць бясплатнымі для жанчын.

«Яны мусяць быць даступнымі, таму што не ва ўсіх жанчын ёсць магчымасць аплаціць. І гэта агулам не ок, калі мы кажам – заплаці, каб ведаць, як абараніцца», – кажа феміністка.

«На жаль, гэта нашая рэчаіснасць – думаць, як абараняцца»

Наста Базар цяпер думае, як арганізаваць шэраг трэнінгаў WenDo у як мага большай колькасці гарадоў Польшчы, і каб яны таксама былі бясплатнымі для ўдзельніц. Пры гэтым актывістка падкрэслівае, што праца трэнерак мусіць быць аплочаная і на ўзроўні не меншым, чым за сваю працу атрымліваюць трэнеры-мужчыны.

«Праца жанчыны павінна быць аплочаная, таму што мы і так робім вельмі шмат бясплатнай працы. Таму гэта будзе збор сродкаў на трэнінгі, і цяпер я думаю, як гэта ўсё цяпер арганізаваць. Я на сябе гатовая ўзяць камунікацыю з трэнеркамі, з дыяспарамі, і буду ўдзячная, калі хтосьці будзе далучацца», – кажа Наста.

Акрамя далучэння да трэнінгаў, актывістка раіць жанчынам задумацца пра сродкі абароны, якія можна насіць з сабой кшталту пярцовага балончыка, свістка, а таксама вывучыць у наладах тэлефону, як працуе кнопка SOS.

«Такая трывожная кнопка ёсць цяпер хіба ва ўсіх тэлефонах – яна створаная для экстраннай медычнай дапамогі, але можа дапамагчы і ў сітуацыі гвалту. Пры яе актывацыі смартфон можа адпраўляць на вызначаныя кантакты фота з абедзвюх камер, некалькі секунд галасавога, геалакацыю, – распавядае Наста. – На жаль, так, – гэта нашая рэчаіснасць, нам трэба думаць, як абараняцца. Большасць з нас увечары робяць выгляд, што з некім размаўляюць па тэлефоне, пераходзяць дарогу, калі бачаць мужчыну наперадзе, прапускаюць мужчын, якія ідуць за намі ці бяруць ключы ў руку, каб было чым адбіцца. Мы пра гэта задумваемся, але я хачу, каб задумаліся найперш мужчыны, што тое, што жанчыны вымушаныя насіць з сабой пярцовы балончык – гэта не ок».

«Цікавасць да тэмы самаабароны прачынаецца, калі штосьці здараецца»

Беларус Вадзім Чарток вядзе трэнінг па персанальнай бяспецы ў Беластоку ўжо каля месяцу. Наведваць яго могуць і жанчыны, і мужчыны.

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Праект адносна нядаўна стартаваў і пакуль працуе ў тэставым рэжыме. Невялікая група наведвае заняткі, пакуль яны тэарэтычныя, але практычныя таксама ёсць у планах. Пакуль я намацваю, як лепей усё арганізаваць і праводзіць, – распавядае Вадзім. – Да такой прапановы падштурхнула разуменне, што ўменне абараніць сябе – патрэбнае і важнае. Да кейсу Лізаветы былі і іншыя, так, не такія трагічныя, без смерці, але тым не менш, былі выпадкі нападаў на беларусаў па нейкіх ідэалагічных прычынах і іншых. Проста, чалавечая псіхіка так працуе, што ў людзей цікавасць да тэмы самаабароны прыходзіць, калі нешта здараецца».

Сітуацыі нападаў, пра якія распавядаюць СМІ ці самі ўдзельнікі, разбіраюцца на занятках, робяцца высновы – што чалавек рабіў правільна, а дзе памыліўся, бо мог ухіліцца ад канфлікту і г.д. Таксама на трэнінгу вывучаюцца прыёмы фізічнай самаабароны, польскае заканадаўства ў гэтай галіне, якія сродкі самаабароны можна легальна насіць з сабой у Польшчы, як яны працуюць, дзе і за якія кошты іх можна набыць, базавыя медычныя навыкі. Наступны занятак будзе прысвечаны практыкаванням са сваёй вагой. У планах – кібербяспека і сеткавая гігіена.

«Я падыходжу комплексна і праводжу заняткі не па самаабароне, а агулам па персанальнай бяспецы. Персанальная бяспека – панятак шырэйшы, чым самаабарона, якая з’яўляецца важнай, але не адзінай часткай гэтага панятку», – падкрэслівае трэнер.

Зрабіць усё, каб не давесці сітуацыю да сілавога кантакту

Прыёмам самаабароны можна навучыць любога, нават дзіця, перакананы Вадзім. Аднак галоўны прынцып персанальнай бяспекі – зрабіць усё, каб не давесці сітуацыю да моманту, калі пачнецца непасрэдны фізічны сілавы кантакт.

«Шмат у якіх падобных кейсах, калі іх пачынаеш аналізаваць, разумееш, што было правалена шмат задач, перш чым дайшло да сілавой агрэсіі, – зазначае трэнер. – І я не маю тут на ўвазе, што мы павінны сябе ў нечым абмяжоўваць і выбіраць, па якой вуліцы ісці, а па якой – не. Размова пра тое, дзе ў кожнага праходзіць мяжа, за якой ён гатовы крыху ахвяраваць сваім камфортам на карысць сваёй бяспекі».

Калі чалавек перасоўваецца ноччу ў буйным горадзе, ён павінен для сябе прымаць, што ёсць верагоднасць канфлікту, тым больш там, дзе маецца алкаголь, клубы, дзе людзі знаходзяцца ў крыху змененым стане свядомасці, падкрэслівае Вадзім:

«У такой сітуацыі пагроза канфлікту моцна павялічваецца ў параўнанні са звычайным працоўным днём у офісе. А яшчэ варта падумаць пра наяўнасць сродкаў абароны. Звычайны пярцовы балончык за 20-25 злотых, які пры правільным выкарыстанні выроўнівае сілы фізічна моцнага мужчыны і жанчыны ці чалавека з інваліднасцю. Гэта – самая банальная памылка, што ў людзей, якія могуць трапіць у сітуацыю небяспекі, няма з сабой сродкаў самаабароны».

«Уратаваць можа максімальны супраціў, крык»

У нападніка заўсёды ёсць нейкая мэта, кажа Вадзім. Яна можа палягаць у ідэалагічнай сферы і на гэтай глебе ўзнікае канфлікт, ці гэта можа быць карысць – імкненне забраць тэлефон, грошы, штосьці яшчэ.

«І тут размова пра тое, як паказаць, што ты – не лёгкая ахвяра, і лепш пашукаць некага іншага. Бо нападнік хоча дамагчыся нейкай сваёй мэты з мінімальнымі стратамі. Ён не хоча, каб яго затрымала паліцыя, атрымаць у твар, каб яго залілі газам ці штосьці яшчэ. Ён хоча, каб усё прайшло ціха, гладка, і без наступстваў для яго. І персанальная бяспека – гэта пра тое, як не быць лёгкай ахвярай і нават пры сілавым канфлікце прымусіць нападніка адмовіцца ад сваіх планаў і спыніць канфлікт», – кажа трэнер.

Часам уратаваць можа максімальны супраціў, прыцягненне да сябе ўвагі, крык, зазначае эксперт. Аднак вельмі часта ў людзей у сітуацыі нападу спрацоўвае нібы блакіроўка, і там, дзе трэба паводзіць сябе максімальна гучна, яны маўчаць – так працуе псіхіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Гэта знікае, калі ты загадзя прапрацоўваеш для сябе, што можа быць такая сітуацыя, – кажа Вадзім. – Чалавек, які ходзіць на заняткі па персанальнай бяспецы, трымае ў галаве, што з ім можа штосьці здарыцца, і гэтая гатовасць у значнай ступені дапамагае, калі пачынаецца рэальны канфлікт, таму што ў чалавека ўжо ёсць нейкія прапрацаваныя сцэнары, план А і Б. А калі чалавек зусім пра гэта не думае, то ён застаецца ў выпадку сілавога канфлікту разгубленым. У яго няма ніякіх напрацовак, гэта стрэс, на які кожны рэагуе па-свойму. І хтосьці насамрэч можа ўпасці ў ступар нібы гэта не са мной адбываецца».

Які сродак самаабароны абраць

З даступных сродкаў самаабароны Вадзім раіць самы просты і надзейны – газавы балончык.

«Яны існуюць у розных варыянтах – ад маленькіх кішэнных да паўлітровых падобных да вогнетушыцеля, якія можна захоўваць удома ці вазіць з сабой у машыне. Таксама розным можа быць прынцып дзеяння – струмень, хмара (аэразоль), пена, – распавядае трэнер. – Як паказвае мой асабісты досвед і маіх сяброў, калі балончык надзейнай фірмы, у яго ўсё добра з тэрмінам прыдатнасці і ён правільна выкарыстаны, канфлікт ён адразу перарывае. Гэта працуе і з людзьмі, і з дзікімі жывёламі. Гэта прасцей і танней за ўсё».

Акрамя балончыкаў, ёсць газавыя пісталеты, якія могуць страляць шарамі з газавым парашком, які пры траплянні ў цвёрдую паверхню рассыпаецца і дазваляе на дыстанцыі нанесці шкоду нападніку.

Акрамя таго, у Польшчы легальна прадаюцца шокеры да пэўнай напругі, кажа Вадзім:

«Гэта таксама досыць эфектыўны сродак самаабароны, але ён патрабуе крыху большай падрыхтоўкі, таму што балончык мы ўжываем дыстанцыйна без прамога кантакту з супернікам, а шокер выкарыстоўваецца на блізкіх адлегласцях, калі ёсць прамы кантакт з супернікам, а гэта заўсёды рызыка атрымаць удар рукой ці нагой».

Яшчэ можна легальна купіць тэлескапічную дубінку. У складзеным выглядзе яна займае вельмі мала месца, а калі раскладаецца, ператвараецца ў паўнавартасны металічны дрын, які дазваляе трымаць дыстанцыю і наносіць значныя пашкоджанні, якія пры гэтым не будуць лятальнымі для суперніка, кажа наш суразмоўца. Яшчэ можна набыць кайданкі, а таксама так званую кнопку сігналізацыі – прыладу, якая дае вельмі моцны гук пры націсканні, распавядае Вадзім:

«Напрыклад, калі вас хтосьці пачаў душыць ці штосьці такое, у кішэні націсніце на кнопку гэтай сігналізацыі, пачнецца піск на ўсю вуліцу, які прыцягне ўвагу людзей».

Вадзім праводзіць заняткі па персанальнай бяспецы штотыдзень на базе хабу «Новая зямля» у Беластоку. Інфармацыя пра час і тэму чарговага трэнінгу публікуецца ў тэлеграм-канале хабу. Паўдзельнічаць можа кожны ахвочы. Заняткі бясплатныя, але Вадзім будзе ўдзячны за данат, калі хтосьці захоча яго падтрымаць. Калі ж у чалавека няма магчымасці ахвяраваць грошы, няхай прыходзіць проста так, падкрэслівае трэнер.

Інтэрв’ю
«Вылечылася ад раку, кінула мыць унітазы». БЧБ-нявеста Іна Зайцава пра жыццё ў Швейцарыі
2024.03.08 15:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў