«У найбліжэйшыя год-два мы пабачым сапраўдны эканамічны крызіс». Як улады вядуць Беларусь да калапсу


Золатавалютныя рэзервы Беларусі цягам зімы істотна патанчэлі і на 1 сакавіка склалі $ 7,1 млрд. Разам з тым дзяржаўныя пазыкі нашай краіны выраслі да 43,7 % ВУП. У сувязі з гэтым Еўразійскі банк развіцця адзначае рост рызыкі для пазыковай устойлівасці Беларусі. Незалежныя эканамісты ў размове з «Белсатам» кажуць, што негатыўныя з’явы ў эканоміцы краіны пашыраюцца, што можа прывесці да сістэмнага крызісу.

Эканамічныя праблемы ў Беларусі паглыбляе востры палітычны крызіс. Улады краіны імкнуцца пераадолець праблемы неэфектыўнага дзяржаўнага сектару пры дапамозе крэдытавання і фінансавых уліванняў. Гэтыя сродкі нерэнтабельныя прадпрыемствы вярнуць не змогуць. Але і крыніцаў для фінансавання робіцца ўсё меней. У выніку колькасць праблемаў толькі павялічваецца.

«Усё больш растуць таксічныя запазычанасці банкаў. Бачым, што расце доля стратных прадпрыемстваў, адток прыватнага капіталу, на 13 % зваліўся экспарт. Усё гэта і прыводзіць да негатыўных наступстваў. Цяпер адбываецца разбурэнне макраэканамічнай стабільнасці, пры тым што назіраецца ціск, каб яшчэ больш расла колькасць танных крэдытаў для стратнага дзяржсектару.

Усё гэта адбываецца ў атмасферы, пры якой невядома, як далей будзе развівацца сітуацыя з законам. Усё гэта дэстабілізуе сітуацыю. Заробкі будуць змяншацца. Вядома, што ўлады маюць намер звальняць бюджэтнікаў і, дзякуючы такой аптымізацыі, павялічваць заробкі. А што рабіць з тымі, каго могуць скараціць, невядома. Агулам у нас каля 700 тыс. людзей у эканоміцы «лішнія». Таму невядома, што будзе далей з гэтымі людзьмі», – кажа кіраўнік навуковага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Аб’ектыў
«Будзе дэфіцыту пэўных таварных пазіцыяў». Цэнавыя абмежаванні на тавары і лекі
2021.02.24 21:55

Каманда галоўнага эканаміста Еўразійскага банка развіцця і Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця Яўгена Вінакурава ў макраэканамічным аглядзе эканомікі Беларусі прыйшла да высновы, што ў нашай краіне растуць рызыкі для пазыковай устойлівасці. Дзяржаўныя пазыкі Беларусі выраслі на 0,8 % ВУП за студзень і дасягнулі 43,7 % ВУП на 1 лютага 2021 года. Для параўнання, на 1 снежня 2020 года дзяржпазыкі складалі 36,2 % ВУП.

Золатавалютныя рэзервы за люты скараціліся на $ 0,09 млрд і склалі $ 7,1 млрд на 1 сакавіка.

«Нам трэба рыхтавацца да зацягвання паясоў, і нікуды мы не дзенемся, нам трэба будзе гэта перажыць. Сёння адзіная каманда, якая працуе, – Нацбанк. Яны – прафесіяналы, і ў такіх умовах утрымліваюць курс, нешта спрабуюць рабіць. Але нават яны не могуць спыніць абвалу, які нас чакае. Я мяркую, што ў найбліжэйшыя год-два мы пабачым сапраўдны эканамічны крызіс», – кажа эканаміст Васіль Шлындзікаў.

Hавiны
«Лукашэнкаўская эканоміка рыхтуецца да калапсу». Вячорка пра забарону павышэння коштаў на базавыя тавары
2021.02.24 12:02

Нацбанк 12 сакавіка мае разгледзіць памер стаўкі рэфінансавання. Цяпер яна складае 7,75 %. Але беларускія банкі выдаюць крэдыты ў некалькі разоў большыя. Падобная сітуацыя і на рынку дэпазітаў. Пры гэтым прагнозы ад міжнародных эканамістаў аб інфляцыі складаюць нават на сакавік больш за 8 %.

«Справа ў тым, што ў Беларусі шмат прадпрыемстваў не арыентуюцца на стаўку рэфінансавання. Гэтыя прадпрыемствы жывуць паводле сваіх законаў, не глядзяць на фінансавую дысцыпліну, паколькі яны жывуць за кошт дзяржавы. Таму нягледзячы на фінансавы стан яны маюць магчымасць атрымання новых крэдытаў і спісання старых запазычанасцяў. Ім нецікавая стаўка рэфінансавання.

Іншая справа – адна пятая частка жыццяздольных прадпрыемстваў, якія бяруць крэдыты. А для значнай часткі дзяржсектару гэта не так істотна. Таму пакуль у нашай краіне гэты інструмент не стаў яшчэ інструментам паўнавартаснага ўздзеяння на крэдытна-грашовую палітыку», – кажа Яраслаў Раманчук.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Цяпер моцны ціск на эканоміку аказваюць дэвальвацыйныя чаканні. Нават Нацбанк прызнае, што яны значна больш высокія, чым рэальная небяспека. Беларусы масава працягваюць забіраць дэпазіты з банкаў. На працягу апошніх месяцаў свае ашчаджэнні яны пераводзяць у валюту і робяцца чыстымі пакупнікамі замежнай валюты.

«Дэвальвацыйныя чаканні – сапраўды важны чыннік, паколькі дзяржава абнуліла права, абнуліла ўласнасць, абнуліла давер да сябе, таму беларусы не давяраюць дзяржаўнай валюце, дзяржаўным банкам, сістэме дзяржаўнага права. Таму ўжо амаль 18 месяцаў грамадзяне забіраюць свае грошы з банкаў, захоўваюць свае зберажэнні дома.

Людзі мінімізуюць свае кантакты з дзяржавай. Гэта наступствы таго, што няма даверу. І калі людзі яшчэ больш інтэнсіўна распачнуць забіраць свае грошы з банкаў, то ўзнікне пытанне пра рэформы. Сёння таксама варта сказаць, што людзі, якія трымаюць свае зберажэнні на дэпазітах, па сутнасці спансуюць сістэму, якая існуе ў краіне», – адзначае Яраслаў Раманчук.

Апошні час на гандляваннях валютна-фондавай біржы Нацбанк часта выступае прадаўцом валюты, каб не дапусціць падзення курсу беларускага рубля. Але на колькі хопіць сродкаў на валютныя інтэрвенцыі і калі адбудзецца дэвальвацыя, эканамісты не могуць адказаць на гэтыя пытанні.

«Даваць нейкія прагнозы цяпер практычна немагчыма. Адзінае, што можна сказаць, – крыніцаў для эканамічнага росту, для павышэння дабрабыту насельніцтва ў нас практычна не засталося. Улады робяць усё, каб у 2021 годзе гэтыя крыніцы не з’явіліся», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Размова
Ці ўдасца стрымаць кошты на тавары?
2021.03.03 21:20

СК belsat.eu

Стужка навінаў