Марыя Калеснікава стала лаўрэаткай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу


Сярод лаўрэатак штогадовай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (International Women of Courage) апынулася і Марыя Калеснікава, паведамляе сайт Дзярждэпартаменту ЗША.

Прэмія была заснаваная ў 2007 годзе дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс. Узнагародай уганароўваюць жанчын, якія праявілі адвагу і лідарскія якасці ў барацьбе за сацыяльную справядлівасць і выкананне правоў чалавека.

У заяве Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, які залучыў Калеснікаву ў спіс лаўрэатак, гаворыцца:

«Пасля таго, як улады пасадзілі ў турму або выслалі з краіны трох самых папулярных апазіцыйных кандыдатаў-мужчынаў, Марыя і ейныя партнёркі кінулі гістарычны і моцны выклік 26-гадоваму кіраванню Аляксандра Лукашэнкі».

Марыя Калеснікава на Маршы міру і незалежнасці ў Менску побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі. У Беларусі ўжо 22-і дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 30 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Дырэктар расейскага фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава назвала 8 сакавіка днём барацьбы за беларускіх жанчын: «Гэта не свята, але гэта дзень барацьбы за правы жанчын, дзень барацьбы за Калеснікаву, за Ціханоўскую, за дзвюх юных журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якія атрымалі па 2 гады. За сябе, за яе, за вас, за ўсіх нас», – перадае «Голас Амерыкі».

Вольга Раманава.
Фота: ТАСС

Прысуджэнне Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу Марыі Калеснікавай Вольга лічыць вельмі правільным жэстам:

«Тое, што беларусы паказалі летам і восенню мінулага года, – гэта проста ўзрушальна! І галоўнае, што жанчына – не «сябар чалавека», а жанчына – лідар. А Марыя Калеснікава свядома вярнулася ў сваю краіну і села ў турму, выдатна разумеючы, што яна робіць, разварочваючыся на мяжы».

Параўноўваючы беларускую апазіцыянерку з Аляксеем Навальным, Вольга Раманава падкрэслівае, што Калеснікава здзейсніла свой учынак раней за Навальнага: «Яна разумная жанчына і выдатна разумела наступствы таго, што зрабіла, а галоўнае – тое, што і беларусам, і міжнароднай супольнасці будзе вельмі цяжка яе падтрымаць. І вельмі цяжка разлічваць на тое, што мы хутка яе адаб’ем. І гэтая ўзнагарода дае надзею на тое, што ўсё не дарма, і што нас не забываюць».

Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута настаўлены больш скептычна. Адказваючы на ​​пытанне, як ён ацэньвае прысуджэнне Марыі Калеснікавай прэміі за адвагу, ён катэгарычна адрэзаў:

«Ніяк. Гэта не паўплывае на становішча Калеснікавай у той сітуацыі, у якой яна знаходзіцца, паколькі нават Нобэлеўская прэмія ў нашай краіне не абараняе ад ціску з боку ўлады».

«Па-другое, гэта ніяк не паўплывае на статус спадарыні Калеснікавай у вачах апазіцыйна настроеных выбарнікаў. Тыя, хто прызнавалі яе якасці лідара, ставіліся да яе так сама да гэтай прэміі. Тыя, хто сумняваецца ў гэтых якасцях, будуць сумнявацца і далей», – адказаў Фядута.

Hавiны
Тэрмін утрымання Марыі Калеснікавай пад вартай закончыўся, але яна не на волі
2021.03.08 15:43

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў