Роўна год няма вестак ад палітвязня Міколы Статкевіча – апошні ліст прыйшоў 9 лютага 2023 года


Цягам года палітзняволенага палітыка Міколу Статкевіча і ягоных сваякоў катуюць інкамунікада – поўным пазбаўленнем любых кантактаў, не толькі праз спатканні і тэлефонныя званкі, але і праз ліставанне. 9 лютага 2023 года жонка палітвязня Марына Адамовіч атрымала ад мужа апошні ліст – з таго часу ад яго няма ніякіх вестак. Напрыканцы студзеня 2024 года Марыну таксама затрымалі і арыштавалі на 15 содняў. Згадваем, чым вядомы Мікола Статкевіч, якую ролю ён адыграў у беларускай палітыцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі палітык Мікола Статкевіч сустракаюцца з людзьмі ў цэнтры Менску, Беларусь. 10 верасня 2015 года.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Яшчэ да распаду СССР распрацаваў канцэпцыю стварэння беларускай арміі

Мікола Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну. Бацька Статкевіча паходзіць са старажытнага праваслаўнага шляхецкага роду гербу Касьцеша. Продкі маці паходзяць са шляхецкага роду Валадковічаў.  Дзеда Міколы па бацьку, Паўла Статкевіча, расстралялі нацысты за сувязь з партызанамі ў 1944 годзе. Дзед па маці Сымон Гарабец яшчэ да вайны стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў. Ён быў сябрам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, потым перабег у савецкую Беларусь, быў старшынём сельсавету, а падчас рэпрэсіяў яго расстралялі ў Слуцкім НКУС.

Бацькі Мікалая працавалі настаўнікамі. У палітыка ёсць старэйшы брат, які цяпер жыве ва Украіне.

У 1978 годзе Статкевіч скончыў Менскую вышэйшую інжынерную зенітную ракетную вучэльню СПА паводле спецыяльнасці «вайсковы інжынер радыёэлектронікі». Быў размеркаваны ў Мурманскую вобласць, дзе служыў чатыры гады. У Менск вярнуўся ў 1982 годзе. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў кандыдатам тэхнічных навук. Выкладаў у сваёй alma mater, дзе запрашаў курсантаў далучацца да Беларускага згуртавання вайскоўцаў, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва. БЗВ ставіла за мэту «стварэнне беларускай арміі, абарону незалежнасці і гістарычна-патрыятычнае выхаванне грамадства». У Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня 1992 года сябры БЗВ прынеслі прысягу на вернасць Беларусі, праз што былі звольненыя ўладамі з арміі. Адзін з сябраў згуртавання, Віктар Шэйман, зрабіў вайсковую кар’еру пры Лукашэнку. Пасьля 1991 года Статкевіч чытаў лекцыі курсантам на беларускай мове.

Яшчэ да распаду СССР Статкевіч распрацаваў і апублікаваў канцэпцыю стварэння беларускай арміі. У 1993 годзе выступаў супраць далучэння Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бяспецы з краінамі ў стане вайны, паводле ўмоваў якой Беларусь абавязвалася адпраўляць на чужыя войны сваіх жаўнераў. У траўні 1993 года Статкевіч быў звольнены з вайсковай службы з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю афіцэрскага звання». У 1994 годзе Вярхоўны Суд Беларусі забараніў дзейнасць БЗВ.

Марина Адамович, жена Николая Статкевича
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, паказвае фота з мужам. Менск, Беларусь. 26 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

У чэрвені 1995 года Статкевіч быў абраны старшынём партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», якая ў 1996 стала Народнай Грамадой.

У 2020 годзе падтрымаў Ціханоўскую

З 2003 года Статкевіч стаў лідарам Еўрапейскай кааліцыі «Вольная Беларусь». У 2005 годзе яго затрымалі і асудзілі на 3 гады за арганізацыю акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму. «Amnesty International» прызнала тады Міколу вязнем сумлення, беларускія праваабаронцы – палітвязнем. Палітык выйшаў на волю паводле амністыі, на год раней.

У 2010 годзе Статкевіч быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Быў затрыманы на мітынгу пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у ноч на 20 снежня. 11 студзеня 2011 года «Amnesty International» зноў прызнала Статкевіча вязнем сумлення, а беларускія праваабаронцы – палітвязнем. У траўні таго ж года палітыка засудзілі за «арганізацыю масавых беспарадкаў» на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай крытай турме і шклоўскай калоніі № 17.

22 жніўня 2015 года Мікола Статкевіч быў датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі паводле рашэння Лукашэнкі аб памілаванні. У 2016 годзе падтрымліваў пратэсты прадпрымальнікаў, у 2017 годзе – пратэсты «недармаедаў».

У студзені 2019 года заявіў пра намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, аднак ЦВК адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу Статкевіча ў сувязі з непагашанай судзімасцю. Тады палітык выступіў у падтрыманне Святланы Ціханоўскай.

31 траўня 2020 года Мікола Статкевіч быў затрыманы па дарозе на пікет для збору подпісаў за Ціханоўскую. 29 чэрвеня стала вядома, што на палітыка завялі крымінальную справу за падрыхтоўку масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК РБ).

Агляд
Катаванне «нявызначанасцю»: 5 вядомых палітвязняў, пра якіх даўно няма звестак
2023.07.07 20:42

Тройчы палітвязень

24 чэрвеня 2021 года ў СІЗА № 3 Гомля распачаўся закрыты судовы працэс у так званай «справе Ціханоўскага» – судзілі Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Папова. Справу разглядаў суддзя Мікалай Доля. 14 снежня 2021 года Статкевіч быў засуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі.  У залі суда пасля прысуду ён гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!».

У чэрвені 2022 года этапаваны ў калонію № 13 у Глыбокім у Віцебскай вобласці.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны будуць сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі – як пазначана ў судовай пастанове, «для выплатаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».

У калоніі палітык адразу ж быў пастаўлены на ўлік як схільны да экстрэмізму. Яго пазбавілі рэжымнай перадачы, змясцілі ў штрафны ізалятар, потым у адзіночную камеру, пазней – зноў у ШІЗА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітка рэпрэсіяў у Беларусі адбыўся у Вільні, Літва. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

Беларускія праваабаронцы трэці раз прызналі Статкевіча палітвязнем. Еўрапейскія палітыкі Роджэр Нордман і Маргарэтэ Баўзэ сталі ягонымі сімвалічнымі хроснымі.

4 лістапада 2022 года МУС уключыла палітвязня ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Вядома, што ў лістападзе 2022 года палітвязень захварэў на пнеўманію, яго змясцілі ў лякарню. У снежні і студзені яго чарговы раз кінулі ў штрафны ізалятар. Агулам з ліпеня 2022 года Статкевічу ў калоніі выпісалі прынамсі 21 спагнанне.

67-годдзе ў адзіночнай камеры памерам з ліфтавую кабіну

На пачатку сакавіка 2023 года жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла, што ўжо месяц не атрымлівае ад яго лістоў – апошні прыйшоў 9 лютага 2023 года. Акрамя таго, да палітвязня не пусцілі адваката. 24 ліпеня Марына Адамовіч напісала, што ёй вярнулі ліст да мужа Міколы Статкевіча з фармулёўкай «адмова ад атрымання». Ейны ліст нават не забралі з пошты. Таксама ў ліпені стала вядома, што ў палітвязня пагоршылася здароўе, аднак атрымаць больш інфармацыі пра стан палітыка фактычна немагчыма з увагі на ўмовы ягонага ўтрымання: большасць часу Мікола Статкевіч застаецца ў адзіночнай камеры ва ўмовах асаблівага рэжыму і бачыць людзей, толькі калі яго адтуль пераводзяць у штрафны ізалятар.

Hавiны
Мікалаю Статкевічу споўнілася 67 гадоў. За кратамі ён сустракае чацвёрты дзень народзінаў запар
2023.08.12 11:45

12 жніўня палітык сустрэў за кратамі 67-годдзе. У адмысловай заяве абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай адзначалася, што дзень народзінаў Статкевіч сустракае ў адзіночнай камеры памерам з кабіну ліфта.

«Лукашэнкаўскі рэжым імкнецца зламаць Статкевіча. Але Мікола – чалавек з моцным духам, цвёрдым характарам і воляй у душы. Пра гэта сведчаць ягоныя жыццёвая пазіцыя і ўчынкі. Сёння я б хацела пазычыць яму моцнага здароўя і як мага хутчэй апынуцца побач са сваёй жонкай, дзецьмі і паплечнікамі», – гаворыцца ў заяве Ціханоўскай.

Дэпутат Еўрапарламенту патрабаваў ад калоніі даць інфармацыю пра Статкевіча

Таксама ў жніўні дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус адправіў ліст начальніку калоніі № 13 у Глыбокім, у якім папрасіў даць інфармацыю аб стане здароўя палітзняволенага палітыка Міколы Статкевіча.

«Адважны беларускі апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч адзначае свой 67-мы дзень нараджэння за сценамі лукашэнкаўскай турмы. Нядаўна я напісаў ліст начальніку турмы з просьбай прадставіць інфармацыю аб стане здароўя Міколы. Адсутнасць адказу не здзівіла. Будзьце здаровы і моцны, Мікола», – напісаў еўрадэпутат у Twitter.

Hавiны
Марыне Адамовіч вярнулі ліст да Мікалая Статкевіча з фармулёўкай «адмова ад атрымання»
2023.07.24 19:50

На пачатку кастрычніка 2023 года жонка палітыка Марына Адамовіч напісала ў Facebook, што да Міколы зноў не пусцілі адваката:

«А з навінаў у нас – поўная адсутнасць навінаў. 232 дні. Чарговы раз была ў калоніі. Чарговы раз не пусцілі адваката. Чарговы раз «няма заявы». І гэта, вядома, нічога не значыць, што я, як «прадстаўнік па даверанасці», пакінула там (у межах прадстаўленых паўнамоцтваў) ад імя Міколы заяву на спатканне з адвакатам, а яшчэ даслала тэлеграму, аб атрыманні якой «упаўнаважанай асобай» маю паведамленне. Ну не хоча Мікола Статкевіч ні мне пісаць, ні з адвакатам сустракацца».

Другая крымінальная справа і затрыманне жонкі

Марына Адамовіч паведамляла, што начальнік папраўчай калоніі № 13, дзе Статкевіч адбывае пакаранне, спасылаецца на кепскую працу «Белпошты». Аднак да «Белпошты» спадарыня Марына прэтэнзіяў не мае.

У другой палове лістапада 2023 года сваякі Міколы праз другія рукі атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль у глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць то ў адзіночным памяшканні камернага тыпу, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.

Hавiны
Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 содняў
2024.01.24 12:43

9 студзеня 2024 года аб’яднанне былых сілавікоў «ByPol» паведаміла, што Статкевіча трымаюць у ПКТ. Акрамя таго, стала вядома, што адміністрацыяй калоніі Мікола Статкевіч «у мінулым годзе неаднаразова паддаваўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго, на яго сабралі матэрыял для завядзення крымінальнай справы паводле арт. 411 КК Беларусі («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»)».

«Варта адзначыць, што, прызначаючы пакаранне ў сукупнасці прысудаў з улікам арт. 411 КК, суды да папярэдняга тэрміну пакарання дадаюць як мінімум шэсць месяцаў пазбаўлення волі», – гаворыцца ў паведамленні «ByPol».

Жонка палітыка заставалася ў Беларусі. 23 студзеня 2024 года яе затрымалі падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ па сваяках палітвязняў. Паводле праваабаронцаў, 24 студзеня над ёю адбыўся суд паводле арт. 19.1 КаАП РБ («Дробнае хуліганства»). Суд Заводскага раёну Менску арыштаваў яе на 15 содняў. 7 лютага стала вядома, што Марына Адамовіч на волі.

Інкамунікада – адно з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека

Інкамунікада, ці поўная ізаляцыя вязняў ад кантактаў з роднымі і адвакатам, лічыцца адной з самых жорсткіх формаў катаванняў у месцах зняволення. У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў гэты інструмент ціску стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі – адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека. Паводле беларускіх праваабаронцаў, за блакаваннем карэспандэнцыі стаіць не толькі жаданне ўладаў зламаць волю палітычных зняволеных, каб яны ніколі не вярнуліся да грамадска-палітычнай дзейнасці, але і ўрок, які засвоілі ўлады пасля рэакцыі міжнароднай супольнасці на гвалтоўныя знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага.

Інтэрв’ю
Чаму рэжым Лукашэнкі хавае інфармацыю пра палітвязняў
2023.08.02 09:51

«Шмат якія палітвязні, што вызваліліся з турмаў і калоніяў, расказваючы пра перажытае, адзначаюць, што адно з найбольш цяжкіх выпрабаванняў, якое ім даводзілася там перажываць, – гэта адарванасць ад крыніцаў інфармацыі, а то і поўны інфармацыйны вакуум, – казаў у інтэрв’ю нам гісторык Аляксандр Пашкевіч. – Абмежаванне ліставання дэмаралізуе шмат каго, прымушае адчуваць сябе забытымі і пакінутымі. І, адпаведна, расчароўвацца ў сабе і ў людзях. Маўляў, у 2020 годзе была такая салідарнасць, такое яднанне, – здавалася б, мусіць быць і цяпер магутная падтрымка, але ніхто не піша: усім усё адно, такі народ няўдзячны і гэтак далей. Такія думкі непазбежна наведваюць палітычных вязняў, асабліва тых, хто менш маральна ды ідэйна загартаваны, слабейшы духам».

Гэтак жа ўлады катуюць і другі бок – сваякоў палітвязняў. Аляксандр Пашкевіч тлумачыць такія дзеянні жаданнем дадаткова давесці, што магчымасці сістэмы бязмежныя, нічога яе не спыніць.

«Гэтым самым апанентам дасылаецца выразны сігнал: мы, маўляў, можам вашых блізкіх увогуле «абнуліць», вывесці ў сферу невядомасці, амаль неіснавання – і вы з гэтым нічога не зробіце. І калі хочаце, каб нешта памянялася, то выхад адзін – пакаяцца. А мы тады, можа, і скажам, што там з вашым родзічам», – кажа гісторык.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў