Чаму рэжым Лукашэнкі хавае інфармацыю пра палітвязняў


У беларускіх вязніцах шырока ўжываюць палітыку ізаляцыі ды хавання інфармацыі пра палітзняволеных, то бок практыку забыцця. Шмат вязняў атрымліваюць лісты выключна ад родных, а пра больш публічных асобаў нават у сваякоў няма інфармацыі месяцамі. Напрыклад, хутка паўгода, як няма ніякіх вестак пра палітыка Мікалая Статкевіча, адваката Макcіма Знака. Месяцамі нічога невядома пра блогера Ігара Лосіка, актывістку Вольгу Маёраву, з 6 ліпеня няма ніякіх вестак пра асуджанага журналіста Анджэя Пачобута.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Markus Schreiber / AP Photo / East News

Такое свядомае катаванне нявызначанасцю балюча б’е найперш па сваяках палітычных вязняў. Навошта гэта робіцца? Паразмаўлялі з гісторыкам Алесем Пашкевічам.

«Рэжыму патрэбна, каб людзі зняверваліся і расчароўваліся, і ён знішчае салідарнасць усімі сродкамі»

– Чаму рэжым блакуе і хавае інфармацыю пра палітзняволеных?

– Гэта адна з формаў катаванняў. Многія палітвязні, якія вызваліліся з турмаў і калоніяў, расказваючы пра перажытае, адзначаюць, што адно з найбольш цяжкіх выпрабаванняў, якое ім даводзілася там перажываць, – гэта адарванне ад крыніцаў інфармацыі, а то і поўны інфармацыйны вакуум. Абмежаванне ліставання дэмаралізуе шмат каго, прымушае адчуваць сябе забытымі і пакінутымі. І адпаведна расчароўвацца ў сабе і ў людзях. Маўляў, у 2020 годзе была такая салідарнасць, такое яднанне, здавалася б, мусіць быць і цяпер магутная падтрымка, але ніхто не піша: усім усё адно, такі народ няўдзячны, і гэтак далей. Такія думкі непазбежна наведваюць палітычных вязняў, асабліва тых, хто менш маральна ды ідэйна загартаваны, слабейшы духам.

А гэта ўладам акурат і трэба. Каб людзі зняверваліся і расчароўваліся. Салідарнасць – магутная сіла, якую ў 2020-м яны на ўласныя вочы пабачылі. І цяпер прыкладаюць усе намаганні, каб яе знішчыць і звесці да мінімуму, а лепш да нуля. Таму і ўводзяць для гэтага ўсе даступныя механізмы, сярод якіх – блакаванне магчымасцяў ліставацца.

Што да адсутнасці інфармацыі пра больш публічных палітвязняў нават для блізкіх сваякоў, то тут мае месца жаданне дадаткова прадэманстраваць: магчымасці сістэмы бязмежныя, ніякіх краёў для яе няма. Гэтым самым апанентам шлецца выразны сігнал: мы, маўляў, можам вашых блізкіх увогуле «абнуліць», вывесці ў сферу невядомасці, амаль неіснавання – і вы з гэтым нічога не зробіце. І калі хочаце, каб нешта памянялася, то выхад адзін – пакаяцца. А мы тады, можа, і скажам, што там з вашым родзічам.

Гэта тым больш актуальна, бо сваякі публічных палітвязняў, як правіла, такія ж моцныя і прынцыповыя асобы, як і іхныя зняволеныя родныя. Таму, каб уздзейнічаць на іх з мэтаю маральна зламаць, робяцца захады самай надзвычайнай подласці.

– Правядзіце паралелі з іншымі аўтарытарнымі і таталітарнымі рэжымамі: як там ставяцца да палітвязняў?

– Найбольш характэрны і ў пэўнай ступені да нас блізкі, бо гэта постсавецкая прастора, прыклад свядомай палітыкі поўнага абмежавання кантактаў палітвязняў са знешнім светам – сітуацыя ў сучасным Туркменістане. Там яшчэ з часоў першага іхнага лідара Сапармурата Ніязава існуе практыка, калі людзей, асуджаных на вялікія тэрміны па палітычна матываваных абвінавачаннях, пасля цалкам ізалююць ад грамадскасці, і нават іхныя найбліжэйшыя сваякі гадамі і дзесяцігоддзямі не маюць пра іх ніякіх звестак, аж да таго, ці жывыя яны ўвогуле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На здымку справа – Барыс Шыхмурадаў. 25 красавіка 1999 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Найбольш вядомыя асобы, якія з гэтым сутыкнуліся, – былыя міністры замежных справаў Туркменістану Барыс Шыхмурадаў і Батыр Бердыеў, якіх у студзені 2003-га асудзілі аднаго пажыццёва, а другога на 25 гадоў зняволення за нібыта арганізацыю спробы замаху на Ніязава.

З таго часу прамінула больш за 20 гадоў, у канцы 2006-га ў Туркменістане пасля смерці Ніязава нават памяняўся лідар, але ніякай інфармацыі пра лёс гэтых людзей дагэтуль, здаецца, так і няма. Адно толькі ў таксама ўжо вельмі далёкім 2007 годзе новы туркменскі прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў падчас візіту ў ЗША, адказваючы на зададзенае яму пытанне пра лёс палітзняволеных, «выказаў упэўненасць», што былыя высокапастаўленыя палітыкі жывыя. Але з таго часу за цэлых 16 гадоў ніякага ні пацвярджэння, ні абвяржэння гэтай інфармацыі не было.

У сувязі з такою сітуацыяй шмат гадоў існуе міжнародная праваабарончая ініцыятыва пад назваю «Пакажыце іх жывымі!», якая адмыслова адсочвае стан з палітвязнямі ў Туркменістане. Яна праводзіць маніторынг сітуацыі і рэгулярна складае ды абнаўляе спісы людзей, якія былі асуджаныя туркменскімі судамі і сувязь з якімі пасля знікла. Цяпер у яго ўваходзіць 161 (!) чалавек, але інфармацыя можа быць далёка не поўная, бо магчымасці маніторынгу ў туркменскіх праваабаронцаў, як і ў беларускіх, вельмі абмежаваныя.

Пры гэтым часта лёс туркменскіх вязняў не праясняецца нават тады, калі мінае тэрмін іхнага зняволення: ён ці працягваецца без публічнага суда з дэманстрацыяй жывога вязня, ці ўлады ўвогуле ігнаруюць гэтую тэму, то бок вязень і не выходзіць, і інфармацыі пра нейкія новыя суды над ім няма.

Цалкам верагодна, што рэжым Лукашэнкі калі і не гатовы пакуль цалкам узяць на ўзбраенне вопыт туркменскіх «сяброў і саюзнікаў», то пільна да яго прыглядаецца. І тое, што цяпер адбываецца з адсутнасцю інфармацыі месяцамі пра многіх палітвязняў, – прамацванне глебы адносна таго, ці магчыма ўвесці такую практыку на беларускай глебе. Гэта адна з праяваў ператварэння аўтарытарнай дзяржавы ў таталітарную. І тое, што такая практыка ў нас усё больш шырыцца, сведчыць пра тое, што мы, на жаль, цяпер цвёрда на гэтым шляху.

Варта яшчэ адзначыць, што і ў савецкай рэпрэсіўнай практыцы сталінскага часу існаваў прысуд для палітзняволеных з назвай-эўфемізмам «10 гадоў без права перапіскі». Менавіта з такою фармулёўкаю пра прысуд паведамлялі сваякам, і тыя шмат гадоў жылі з верай у тое, што чалавек пасля адбыцця пакарання мае да іх вярнуцца. Але на самай справе гэтая фармулёўка азначала расстрэл, у лагеры людзей з такімі прысудамі не адпраўлялі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Пасля вайны, нават яшчэ пры Сталіне, многім сваякам паведамлялі, што іхныя родныя з такімі прысудамі памерлі ў зняволенні ад розных хваробаў. Праўда ж стала вядомая толькі праз шмат гадоў, падчас спачатку хрушчоўскай, а пасля і гарбачоўскай рэабілітацыі рэпрэсаваных.

«Капітуляцыя перад рэжымам Лукашэнкі можа толькі памяняць імёны палітвязняў, але не вырашыць гэтай праблемы прынцыпова»

– Як можна паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі? Гэта наагул магчыма ў аўтарытарнай/таталітарнай дзяржаве? Ці былі ў гісторыі пазітыўныя прыклады?

– На жаль, пры рэжымах, якія абапіраюцца пры ўтрыманні ўлады выключна на гвалт, нейкіх рэальных магчымасцяў уплыву на сітуацыю з палітвязнямі з боку грамадства няма. Маецца на ўвазе – уплыву беспасярэдняга ў рамках сістэмы. І так будзе да таго часу, пакуль сама сістэма не пачне зазнаваць эрозіі пад уплывам унутраных ці знешніх абставінаў.

Абставіны гэтыя могуць быць самыя розныя. Часам для відавочнай і хуткай трансфармацыі ці прынамсі значнага памякчэння сістэмы дастаткова змены ў ёй галоўнай асобы, як гэта адбылося ў СССР пасля смерці Сталіна ці ў Іспаніі пасля смерці Франка. У такіх выпадках дыктатар, які доўгія гады выбудоўваў рэжым выключна пад сябе, з тых ці іншых прычынаў сыходзіць, а ягоныя паплечнікі, хоць і прынялі ўладу ў свае рукі, кіраваць і жыць па-старому не хочуць самі, ініцыюючы рэформы зверху. Што пазітыўна адбіваецца і на лёсе палітзняволеных. Хоць, канечне, ёсць і адваротныя прыклады, як, напрыклад, той жа Туркменістан ці Паўночная Карэя, калі змена лідара прынцыпова сітуацыі не мяняла.

Другі варыянт. Калі рэжым залежны ад знешняй падтрымкі, то ўстойлівасць ён пачынае траціць пасля таго, як рэжым-донар сам сутыкаецца з моцнымі як унутранымі, так і знешнімі эканамічнымі ды палітычнымі выклікамі, якім не можа даць рады. А таму, заглыблены ва ўласныя праблемы, больш не можа паўнавартасна падтрымліваць і сатэлітаў.

Гэта той варыянт, які перажывалі краіны Цэнтральнай Еўропы ў канцы 1980-х, пасля таго як у самым гаранце існавання мясцовых камуністычных аўтарытарных рэжымаў, у СССР, пачаліся працэсы перабудовы. У выніку гэтага ўжо неўзабаве Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу стала банальна не да захавання сферы ўплываў у суседніх краінах, што адразу адчулі мясцовыя грамадствы, дабіўшыся зменаў – дзе праз эвалюцыйныя механізмы, як у Польшчы ці Чэхаславаччыне, а дзе і праз крывавую рэвалюцыю, як у Румыніі. На лёсе палітвязняў гэта ўсё, вядома, адбілася найлепшым чынам.

Нейкі з гэтых шляхоў, а цалкам магчыма, што камбінацыя абодвух, відаць, чакае ў пэўнай перспектыве і нас. А вось варыянту, што прынцыповай змены бягучай сітуацыі з палітвязнямі можна дабіцца пры захаванні і персанальнага цяперашняга статусу-кво на вяршыні ўладнай піраміды, і пры захаванні сваёй моцы ды ўнутранай стабільнасці Расеяй, як мне падаецца, ужо не існуе. Істотныя саступкі рэжыму асабістай улады Лукашэнкі, ці, называючы рэчы сваімі імёнамі, капітуляцыя перад ім могуць хіба толькі памяняць імёны палітвязняў, але не вырашыць гэтай праблемы прынцыпова. Занадта шмат чырвоных лініяў за апошнія гады пройдзена ўсімі ўдзельнікамі палітычных працэсаў у рэгіёне.

Разбор
Палітвязням сабралі звыш паўмільёна еўраў. Куды пойдуць грошы і як гэта пракантралююць?
2023.07.31 18:48

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў