ГУР Украіны шукае беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон, але пакуль безвынікова


ГУР Украіны не ведае, дзе знаходзяцца палонныя ў 2022 годзе байцы палка Каліноўскага, але паведамляе, што спрабуе развязаць гэтае пытанне, распавядае «Белсату» кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько. Даведаліся, якія ёсць праблемы з абменам беларускіх ваеннапалонных і ці рэальна мяняць тых, хто ваяваў на баку Расеі, на беларускіх палітвязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец палка Каліноўскага.
Фота: Белсат

Беларусы ў «абменных» спісах рэдкасць, аднак 8 лютага Украіна перадала Расеі беларуса Максіма Зязюльчыка, які ваяваў на расейскім баку ў складзе ПВК «Рэдут». Звычайна такога не адбываецца, паколькі беларускія ўлады не прызнаюць, што беларусы ваююць на баку Расеі, расказаў Генадзь Манько. А як жа беларусы, якія ваююць на другім баку і апынуліся ў зняволенні?

«Як толькі здарылася так, што два байцы палка Каліноўскага – “Тромбл” і “Клешч” – трапілі ў палон, мы гэтае пытанне актыўна ўздымалі. І з каліноўцамі размаўлялі, і з ГУРам. Нам быў адказ такога плану: “не перашкаджайце нам, калі ласка, таму што гэта байцы нашага падраздзялення”. Яно [полк Каліноўскага. – Рэд.]. Само па сабе ўваходзіць у ГУР, а самыя галоўныя перагаворшчыкі, якія вядуць тэму абмену ваеннапалонных – гэта і ёсць ГУР. Гэта значыць, усе перадачы ідуць праз іх», – кажа Генадзь Манько.

Аднак байцы трапілі ў палон яшчэ ў сярэдзіне 2022 года, а дагэтуль і іх нічога не вядома.

«Да Новага года я задаваў пытанне па іх. Мне сказаў украінскі бок, што няма дакладнай інфармацыі, дзе яны знаходзяцца, адбываюць тэрмін, асуджаныя альбо не асуджаныя. Мы маем пакуль толькі тое відэа, якое з’явілася адразу пасля іх затрымання, таго бою, у якім загінулі нашы беларусы, уключаючы “Брэста”.

ГУР кажа: “Вы ў гэтую тэму не ўнікайце, не перашкаджайце. Уся інфармацыя ідзе праз нас, праз нашы каналы, мы памятаем, мы ведаем. Гэта нашы людзі і мы займаемся гэтым пытаннем.”», – працягвае Манько.

Агляд
«Ведаў, што былі на зямлі і горай палоны». Беларус з «Азова» распавёў, як перажыў палон
2024.01.30 22:32

На жаль, адсутнасць інфармацыі можа азначаць, што палонныя беларусы загінулі, прызнаецца суразмоўца.

«Усё, што заўгодна можа быць. Я задаў пытанне, ці ёсць там разуменне, давайце, можа быць, паспрабуем праз ФСВП [Федэральная служба выканання пакаранняў. – Рэд.] Расеі шукаць нейкія кантакты. Але мне сказалі, што не вядома, дзе яны знаходзяцца на тэрыторыі Расеі. Таму так, я не хацеў бы нікога хваляваць, але такая сумная гісторыя можа быць», – кажа кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

Таксама Зянон Пазняк прапаноўваў мяняць палітычных зняволеных на беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ў палон ва Украіне. Тут сітуацыя ідзе яшчэ складаней.

«Гэта добрая ідэя, якая магла б нам даць нейкі шанец. Але я думаю, што рэжым Лукашэнкі на гэта не пойдзе. Я пакуль не ведаю, хто б гэтым займаўся, хто ўпаўнаважаны прымаць такія рашэнні з беларускага боку. Так, гэтая тэма ўздымалася, мы таксама гаварылі пра гэта з Валерыем Кавалеўскім 8 лютага. Але рэжым заняў такую жорсткую пазіцыю і працягваюць займацца рэпрэсіямі», – падводзіць рысу Генадзь Манько.

Каментар
Пазняк прапанаваў абмяняць Залатар і Івашына на ваеннапалонных ва Украіне. Чаму менавіта іх?
2023.08.16 11:49

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў