Пазняк прапанаваў абмяняць Залатар і Івашына на ваеннапалонных ва Украіне. Чаму менавіта іх?


Абмяняць ваеннапалонных беларусаў ва Украіне на палітзняволеных прапанаваў Зяленскаму і Лукашэнку палітык Зянон Пазняк. Публічны ліст апублікаваны на старонцы Беларускага нацыянальнага сакратарыяту «Вольная Беларусь». Двое палонных беларусаў застаюцца ва Украіне, а ў беларускіх турмах цяпер трымаюць 1740 палітычных вязняў, з якіх Пазняк вылучыў дваіх. Чаму менавіта іх і якія выгады для абмену могуць быць абодвум бакам, Зянон Пазняк распавёў у эфіры «Белсату».

Зянон Пазняк. Стоп-кадр з праграмы «ПраСвет»

«Два палонныя грамадзяне Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь. Прашу вас паспрыяць такому абмену», – звяртаецца ў сваім звароце палітык Зянон Пазняк да Зяленскага і Лукашэнкі.

Ліст Зянона Пазняка да Зяленскага і Лукашэнкі. Крыніца: bns-volnayabelarus.org

Палітык кажа, што гэта ўнікальны выпадак і што ў яго даўно была такая думка. Ва Украіне ён размаўляў з некаторымі палітыкамі наконт абмену, але тады не было такой магчымасці, бо Беларусь не ваюе і не мае палонных ні з аднаго, ні з другога боку. Гэтыя палонныя ваявалі ў ПВК Вагнэра. Іх Украіна можа абмяняць на сваіх палонных з расейскага боку, але яны звярнуліся да Лукашэнкі, бо паходзяць з Беларусі.

На думку Зянона Пазняка, палітычная сітуацыя цяпер такая, што гэты абмен быў бы выгадны і Лукашэнку, і Зяленскаму.

«Я вырашыў выступіць з такім лістом, але я нікому нічога не навязваю. Рашэнне павінна быць гэтых людзей, якія кіруюць. Яны павінны ўсё прааналізаваць і прыняць такое рашэнне. Думаю, што будзе нейкае рашэнне, але ўпускаць такія шанцы не варта», – кажа лідар нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь».

Каго з беларускіх палітвязняў плануюць абмяняць?

Пазняк прапануе абмяняць на ваеннапалонных ва Украіне беларускіх палітзняволеных: журналіста Дзяніса Івашын і шматдзетную маці Вольгу Залатар.

На ягоную думку для таго, каб было агульнае рашэнне, зручнае для ўкраінцаў і для ўладаў Беларусі, трэба такая фігура, якая б адпавядала адпаведнаму статусу.

«Дзяніс Івашын працаваў на ўкраінскі рэсурс «InformNapalm», фактычна ўкраінскі журналіст, хоць у яго была і беларуская служба. Гэта чалавек, які моцна звязаны з Украінай. Калі яму рабілі абвінавачанні, прыдумалі, што ён працаваў на ўкраінскую выведку. Факт такі: украінцы павінны зразумець, што гэта таксама іх чалавек, ён дапамагаў Украіне і за яе пацярпеў. І такога чалавека можна абмяняць», – кажа палітык.

Дзяніс Івашын. Крыніца: dzianisivashyn / Telegram

Пра абмен Вольгі Залатар Пазняк кажа, што нават з маральнага гледзішча вызваліць жанчыну, якая ніякі не палітык, у якой пяцёра няпоўнагадовых дзяцей і якая сядзіць у турме – «ну гэта ж элементарна». «Не можа быць такіх вязняў, нідзе. І гэта павінна быць зразумела і карысна для абодвух бакоў», – сцвярджае ён.

Вольга Залатар з сям’ёй.
Фота: spring96.org

Калі глядзець з боку Беларусі, рэжыму выгадна абмяняць Зязюльчыка, які працаваў у КДБ, кажа Пазняк і дадае: «Гэта такія людзі, якія для Лукашэнкі неабыякавыя. Таму тут узнікае такая сітуацыя, якая можа зацікавіць і ўкраінцаў, і Лукашэнку. Таму выбраны быў такі чалавек».

Ці можа гэта стаць паспяховым механізмам для вызвалення палітвязняў?

«Я не раз казаў, што ў Беларусі не палітвязні, а палонныя. Таму што большасці людзей не прад’яўлена нейкіх сур’езных абвінавачанняў – з палітычных, з ідэалагічных прычынаў, з пусцяковых прычынаў, калі недзе там лайк паставіў. Але на каго іх абменьваць? Вось з’явіўся такі факт: знайшліся два палонныя. Але паколькі яны з Беларусі, яны зрабілі такую заяву і ўзнік прэцэдэнт. Калі будуць яшчэ такія прэцэдэнты, то, я думаю, можна гэтае пытанне ставіць. А пакуль такі прэцэдэнтаў няма, то трэба думаць», – кажа Пазняк.

Але гэта не значыць, што ціск трэба спыняць, бо мусіць быць нешта, што скансалідуе Беларусь і міжнародную супольнасць, лічыць палітык. Пазняк дадае, што няма такой чароўнай палачкі, якой можна ўсё змяніць.

Аб’ектыў
Адкрыты ліст сусветных дзеячаў культуры да Лукашэнкі
2023.08.15 23:58

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў