Украіна абмяняла палоннага беларуса, што ваяваў на баку Расеі і падазраваўся ў працы на КДБ


У рамках абмену ваеннапалоннымі, які адбыўся 8 лютага, Украіна перадала Расеі палоннага беларуса, што ваяваў у складзе расейскай ПВК «Рэдут», паведамляе «Радыё Свабода».

Палоннага завуць Максім Зязюльчык. Ён знаходзіўся ва ўкраінскім палоне з 19 верасня 2022 года.

Абмен адбыўся ў фармаце «100 на 100» у Сумскай вобласьці Украіны на мяжы з Расеяй. Беларускіх добраахвотнікаў сярод палонных, што перадала ва Украіну Расея, няма.

Максім Зязюльчык.
Фота: nashaniva.com

У Беларусі Максім Зязюльчык служыў у вайсковай частцы ў Мар’інай Горцы, што ўваходзіла ў склад Сілаў спецыяльных аперацыяў. Напрыканцы 2021 года быў завербаваны ў ПВК «Рэдут», дзе служыў кулямётчыкам-рэтранслятарам у падраздзяленні «Ветэраны».

Пасля таго, як трапіў у палон, ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за найміцтва – гэта максімальны тэрмін.

Пазней СБУ зрабіла заяву пра тое, што Зязюльчык з 2020 года з’яўляўся выведнікам 2-га антытэрарыстычнага аддзелу КДБ Беларусі. Ён мусіў пад выглядам найміта збіраць інфармацыю пра замежнае ўзбраенне, планы ўдзелу расейскіх ПВК у спробах зрынуць Лукашэнку і перадаваць звесткі ў Менск праз сувязнога.

У 2023 годзе Максім Зязюльчык быў уключаны ў спісы для абмену.

Летам 2023 года Зянон Пазняк звярнуўся з адкрытым лістом да Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі, у якім прасіў абмяняць беларускіх палітвязняў Вольгу Залатар і Дзяніса Івашына на двух беларускіх грамадзянаў, якія ваявалі на баку Расеі і пасля апынуліся ва ўкраінскім палоне, гаворка вялася ў тым ліку пра Андрэя Герыловіча і Максіма Зязюльчыка. Беларускія і ўкраінскія ўлады ніяк не адрэагавалі на гэты зварот.

Каментар
Пазняк прапанаваў абмяняць Залатар і Івашына на ваеннапалонных ва Украіне. Чаму менавіта іх?
2023.08.16 11:49

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў