Міністр эканомікі распавёў, наколькі закранулі санкцыі Беларусь


Міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў распавёў пра ўплыў санкцыяў краінаў Захаду на беларускую гаспадарку. Паводле міністра, абмежавальныя захады закранулі 25 % усёй эканомікі краіны, піша БелТА.

Аляксандр Чарвякоў.
Фота: economy.gov.by

2022 год, паводле словаў Міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, стаў выключным. Такую ацэнку чыноўнік паставіў у сувязі з тым, што краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць рэжыму Беларусі. Пад абмежаванні з 2021 патрапілі авіяцыйная, калійная, нафтаперапрацоўчая галіны. Летась пад санкцыі патрапіла металургія, машынабудаванне, дрэваапрацоўка, будаўнічыя матэрыялы.

«Маштабы ўведзеных супраць нас санкцый вялізныя – 25 % эканомікі наўпрост патрапілі пад абмежаванні, а ўскосна – закранулі ўсе галіны. Паводле розных ацэнак экспертаў-эканамістаў, «санкцыйны ўдар» павінен быў прывесці ў 2022 годзе да зніжэння ВУП Беларусі ад 10% да 20%. Аднак дзякуючы своечасовым рашэнням, прынятым кіраўніком дзяржавы і аператыўна рэалізаваным урадам, удалося не дапусціць развіцця сітуацыі па самых негатыўных сцэнарыях«, – сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Чыноўнік таксама пераконвае, што беларуская эканоміка адаптавалася да вонкавых умоваў. Мала таго, цяпер ён бачыць прыкметы аднаўлення.

Але пра аднаўленне пакуль не кажуць эксперты. Паводле эканамістаў Еўразійскага банку развіцця, толькі вясной варта чакаць запавольванне падзення ВУП. А летась беларуская эканоміка скарацілася на 4,7 %. Рост эканомікі Беларусі можа пачаць назірацца летам, але пры ўмове, што не будзе новых шокаў у эканоміцы краіны.

Каментар
За тыдзень курс долара ў Беларусі вырас на 2%. Чаму так адбылося і як будзе далей
2023.02.01 18:47

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў