«Дзякуй тым, хто задае мне нязручныя пытанні». Святлана Ціханоўская звярнулася да журналістаў


9 лютага, у Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, Святлана Ціханоўская заклікала ва ўсім свеце падтрымаць незалежныя медыі і журналістаў, і звярнулася да іх з гэтай нагоды.

«9 лютага – паўтара года з кропкі невяртання, з моманту, калі беларусы вырашылі не маўчаць, а глядзець праўдзе ў вочы. І 9 лютага мы прысвячаем тым, хто дапамагаў і дапамагае нам дамагчыся гэтай праўды: журналістам, блогерам і медыям. Дзякуй тым, хто аднаўляе працу рэдакцыяў і хто стварае персанальныя блогі. Дзякуй тым, хто задае мне нязручныя пытанні. Дзякуй тым, каму хапае энергіі ўзяць на сябе адказнасць за каманды. І дзякуй тым, хто заўважае, калі сканчаюцца сілы, перадыхае і рухаецца далей», – сказала беларуская лідарка.

Паводле стану на 9 лютага ў Беларусі ў няволі застаюцца 33 прадстаўнікі медыяў.

18 лютага 2021 года суд назваў журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову вінаватымі і засудзіў на 2 гады калоніі агульнага рэжыму толькі за тое, што дзяўчаты рабілі сваю працу. 4 жніўня 2021 года затрымалі вядоўцу праграмы «Размова дня на «Белсаце» Уладзіміра Мацкевіча. Яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ірына Слаўнікава супрацоўнічала з тэлеканалам у Беларусі. 26 лістапада Ірына атрымала статус падазраванай у «арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Аляксандр Фядута каментаваў самыя галоўныя палітычныя падзеі на сайце «Белсату». Яго затрымалі ў Маскве нібыта за замах на дзяцей Лукашэнкі. Аляксандра перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

Журналістка Ірына Слаўнікава (справа) падчас ператрусу ў офісе «Белсату» ў Менску. Крыніца: Aleksy Dzikawicki / Facebook

Таксама ў зняволенні: Ігар Лосік, кансультант радыё «Свабода», Сяргей Гардзіевіч, журналіст сайту «Першы Рэгіён», Ксенія Луцкіна, былая журналістка «Беларусь 2», Андрэй Аляксандраў, медыя-менеджар, Дзяніс Івашын, журналіст-фрылансэр («Новы Час», InformNapalm), Анджэй Пачобут, журналіст, сябар Саюзу палякаў у Беларусі, Марына Золатава, галоўная рэдактарка ТУТ.бай, Вольга Лойка, рэдактарка ТУТ.бай, Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка ТУТ.бай, Алена Талкачова, журналістка ТУТ.бай, Анжэла Асад, галоўная бухгалтарка ТУТ.бай, Ірына Рыбалка, намесніца дырэктара ТУТ.бай, Ала Лапатка, галоўная інжынерка ТУТ.бай, Дарʼя Данілава, RocketData, TAM.BY, Марыя Новік, намесніца галоўнага бухгалтара ТУТ.бай, Аляксандр Дайнэка, намеснік дырэктара ТУТ.бай, Андрэей Аўдзееў, менеджар ТУТ.бай, Кацярына Ткачэнка, юрыст ТУТ.бай – хатні арышт, Ірына Касцючэнка, былая юрыстка ТУТ.бай – хатні арышт, Валерыя Касцюгова, рэдактарка «Беларускага штогодніка», палітолаг, Аляксандр Івулін, журналіст Tribuna, Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы», Ірына Леўшына, дырэктар, галоўная рэдактарка БелаПАН, Дзмітрый Наважылаў, экс-дырэктар БелаПАН, Генадзь Мажэйка, журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі», Андрэй Кузнечык, фрылансэр радыё «Свабода», Сяргей Сацук, галоўны рэдактар «Ежедневника», Алег Груздзіловіч, журналіст радыё «Свабода», Уладзімір Грыдзін, фотажурналіст.

Мерапрыемствы салідарнасці з беларускімі журналістамі пройдуць у розных краінах з 9 да 13 лютага.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў