Шкоду падчас пратэстаў у Менску ацанілі на 1,25 мільёна рублёў. 980 тысяч спагналі


Улады ацэньваюць шкоду, нанесеную Менску падчас пратэстаў, на 1,25 мільёна рублёў, піша «Звязда» са спасылкай на мэра сталіцы Уладзіміра Кухарава.

Паводле Уладзіміра Кухарава, з грамадзянаў, якія «ўчынілі злачынствы», ужо спагналі 980 тысяч рублёў.

«Тыя людзі, што нанеслі шкоду камунікацыям, дваравым тэрыторыям, выяўленыя, прыцягваюцца да адказнасці, і з іх спаганяюцца сумы, выстаўлены з боку камунальных службаў гораду», – распавёў старшыня Менгарвыканкаму.

Таксама Кухараў лічыць, што адміністратыўная і крымінальная адказнасць растлумачаць людзям неправамернасць іх паводзінаў.

«Тое, што зроблена ў Менску, – праца мільёнаў людзей, што пражываюць тут, клапоцяцца, любяць свой горад, робяць шмат, каб ён заўсёды быў прыгожым, утульным, камфортным для пражывання і гасцей сталіцы. Сёння людзі, якія сваімі дэструктыўнымі дзеяннямі разбураюць зробленае, – у першую чаргу, іх характарызуе як безадказных людзей, якія да гораду і яго жыццядзейнасці адносяцца адмоўна. Таму мы прымем самыя сур’ёзныя меры, каб далей у нас такіх выпадкаў болей не было», – паабяцаў Кухараў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў