Палітвязня Арцёма Саўчука асудзілі да чатырох гадоў калоніі за тое, што перасунуў вазкі ад крамы да дарогі


Да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзіў суд Фрунзенскага раёну 30-гадовага палітвязня Арцёма Саўчука. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых закалотах»).

Справу разгледзела суддзя Юлія Блізнюк. Дзяржабвінаваўцай была Аліна Касьянчык, перадае «Вясна».

Арцём Саўчук распавядаў, што ён не здзяйсняў проціпраўных дзеянняў, а назіраў за мірнай дэманстрацыяй. Ён расказаў, што дапамог штурхнуць каляску ўгару, гэта было на ходніках паміж Лядовым палацам і прыпынкам грамадскага транспарту: палітвязень не лічыць гэта супрацьпраўнымі дзеяннямі.

Затрымалі Арцёма ўвечары 17 жніўня на вуліцы Кальварыйскай, калі ён узяў на буксір адну з машынаў. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго, пацікавіліся, чаму ягоны аўтамабіль з польскімі нумарамі, і адвезлі ў Фрунзенскае РУУС. Туды прыехалі невядомыя, правялі ператрус аўтамабіля, але не знайшлі нічога супрацьзаконнага. У Арцёма сканфіскавалі мабільны тэлефон, пароль ад яго палітзняволены паведаміў сам.

Hавiны
Мастаку Аляксандру Нурдзінаву прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за пратэсты 9–10 жніўня
2021.02.05 11:42

На паседжанні выступілі сведкі з боку абароны: сябры і бацька Арцёма. Яны распавялі, што хлопец прыехаў у Беларусь дапамагчы сваякам і пагуляць на вяселлі сябра. На іхную думку, Арцём дапамагаў штурхаць вазкі ад спагадлівасці і штурхаў іх метраў на 15 і выключна па ходніках, а не на дарогу. Яны сведчылі, што палітвязень не будаваў барыкадаў, не канфліктаваў з супрацоўнікамі міліцыі.

Абаронца палітвязня Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што паказанні пацвердзіліся запісамі з камераў назірання.

«І Арцём, і ягоныя сябры далі прынцыпова аналагічныя паказанні, – адзначыў адвакат палітвязня. – Калі яны вярталіся дадому, рух быў заблакаваны, таму яны прыпаркавалі машыну на адной з вуліцаў і працягнулі рух пешшу. Падчас выбухаў яны часова згубіліся, але потым знайшліся каля гандлёвага цэнтру «Цівалі». Там Саўчук дапамог невядомым яму людзям, якія перамяшчалі вазкі супермаркету – толькі таму, што яны перасоўвалі іх з цяжкасцю. Ён не думаў, што гэтыя вазкі могуць быць выкарыстаныя ў супрацьпраўных дзеяннях».

Hавiны
Тры гады калоніі за гвалт над міліцыянтам прысудзілі жыхару Гомля. У СІЗА ён можа аслепнуць
2021.02.04 16:58

Падчас прагляду відэа з рэгістратара Арцёма не пацвердзілася інфармацыя пра тое, што ён нібыта выкрыкваў лозунгі каля СІЗА-1 на Валадарскага.

Пракурор запрасіла для Арцёма Саўчука чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў «Менсктрансу» – 21 839 рублёў. Суддзя прызначыла менавіта такое пакаранне. Пазоў «Менсктрансу» будзе вылучаны ў асобны грамадзянскі працэс.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў