Ваяр палку Каліноўскага Дзяніс Урбановіч: «Я добра бачыў іх твары»


Лідару «Маладога фронту» Дзянісу Урбановічу зрабілі ў шпіталі Кіева аперацыю пасля ранення ў грудную клетку.

Дзяніс Урбановіч. Фота з прыватнага архіву

Ваяр палку Каліноўскага Дзяніс Урбановіч днямі трапіў пасля ранення ў кіеўскі шпіталь «Феафанія», які аказвае платныя медычныя паслугі насельніцтву. Параненых вайскоўцаў накіроўваюць у самыя розныя шпіталі і яны там лякуюцца бясплатна.

«Доктар мне сказаў, што куля зачапіла лёгкае, таму там назапашвалася кроў. Як ускрылі паражніну, то выкачалі адтуль больш за 200 мілілітраў крыві. Весветлілася, што яшчэ два рэбры зламаныя. Таму давялося вялікі разрэз рабіць. Цяпер іду на папраўку. Доктар сказаў, што пасля аперацыі давядзецца можа нават месяц праходзіць лячэнне», – распавёў «Белсату» Дзяніс.

Дзяніс Урбановіч служыць у разведцы. Ён распавёў пра абставіны свайго ранення:

«Мы з групай ішлі па пазіцыі і думалі, што ў акопах нікога няма. Бо была інфармацыя, што там пуста. Але там хаваліся расейцы. Сядзелі ціха. Калі падышоў да краю акопа, то ўбачыў адразу аднаго з іх. Спытаў: «Пароль?! Нумар часткі?!», а ён нешта там пачаў лапатаць. Усё зразумела стала. Тыя, якія там хаваліся на дне, адкрылі агонь. Пачалася страляніна. Даводзілася страляць часам у сляпую. Менавіта той рускі і параніў мяне. Я добра бачыў іх твары – смуглыя, вузкія зусім вочы, самі чорныя. Можа гэта бураты былі ці хтосьці іншы. Яны былі маленькага росту тыя рускія».

Калі баявыя таварышы Дзяніса выносілі яго з поля бою, то самі атрымалі кантузію ад грукату гранатаў. Дзяніс кажа, што ні ў якім разе не застанецца ў тыле, а адразу пасля выпіскі накіруецца на фронт.

«Там нашы хлопцы. Я павінен быць разам з імі. Мы ўжо, як адна сям’я. Там маё месца», – тлумачыць Урбановіч.

Нагадаем, гэта не першае раненне Дзяніса Урбановіча. У ліпені ён атрымаў кантузіў у выніку выбуху міны. Потым яго параніла ў правую руку. Гэтым разам ён атрымаў раненне ў грудную клетку.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў