Прэс-сакратар Назарбаева паведаміў, што ён сам перадаў пасаду кіраўніка Савету бяспекі Казахстана Такаеву


Прэс-сакратар былога прэзідэнта Казахстана Айдос Укібай расказаў, што Нурсултан Назарбаеў сам перадаў пасаду старшыні Савету бяспекі Такаеву.

Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамарт Такаеў.
Фота: rg.ru

«У СМІ і сацыяльных сетках распаўсюджваецца вялікая колькасць хлуслівых чутак і правакацыйных запісаў адносна першага прэзідэнта. У цяперашніх умовах падобнага кшталту дзейнасць расцэньваецца намі, як спроба дэстабілізацыі палітычнай абстаноўкі і падрыву канстытуцыйных асноў дзяржавы», – напісаў Укібай.

Таксама ён заявіў, што Назарбаеў усе гэтыя дні знаходзіўся ў Нур-Султане і аказваў падтрымку кіраўніку дзяржавы. Прэс-сакратар адзначыў, што сітуацыя складалася вельмі складана і таму Назарбаеў сам прыняў рашэнне перадаць пасаду старшыні Савету бяспекі прэзідэнту, бо добра ўсведамляў, што беспарадкі і тэрор патрабавалі аператыўнага, жорсткага і бескампраміснага адказу ад кіраўніцтва краіны.

«Елбасы [зн. «лідар нацыі», Назарбаеў – заўв.] і кіраўнік дзяржавы заўсёды былі «па адзін бок барыкадаў», абараняючы свой народ, краіну і будучыню нацыі. І ў гэтыя цяжкія для ўсіх нас дні яны зноў прадэманстравалі маналітнасць дзяржаўнай улады», – дадаў прэс-сакратар.

Hавiны
Былы кіраўнік спецслужбаў Казахстану затрыманы за «здраду дзяржаве». Дзе Назарбаеў?
2022.01.08 11:35

Нагадаем, 5 студзеня стала вядома, што прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у звароце да нацыі заявіў, што заступае на пасаду старшыні Савету бяспекі. Згодна з Канстытуцыяй, гэтую пасаду Назарбаеў павінен быў займаць пажыццёва.

Таксама варта адзначыць, што ад пачатку пратэстаў у Казахстане, Нурсултан Назарбаеў ні разу не з’явіўся на публікі і не рабіў аніякіх заяваў.

Раней прыходзілі паведамленні, што Назарбаеў пакінуў краіну разам са сваёй сямʼёй, а з блізкіх сваякоў у краіне застаецца толькі ягоны брат.

Hавiны
Медыі: экс-прэзідэнт Казахстана Назарбаеў уцёк з краіны разам з дзецьмі
2022.01.07 15:02

АД, belsat.eu

Стужка навінаў