ЗША пачнуць выдаваць беларусам шматгадовыя візы?


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Белсату» пра гатовасць ЗША змяніць візавую палітыку ў дачыненні беларусаў. Гэта адзін з вынікаў візіту дэмакратычных сілаў у Злучаныя Штаты. Не выключана, што беларусам будуць даваць трохгадовыя амерыканскія візы, а не аднагадовыя, як цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kstudio / Freepik

Цяперашні візіт беларускіх дэмакратычных сілаў у ЗША стаўся пачаткам стратэгічнага дыялогу. Дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка назваў гэта беспрэцэдэнтнай падзеяй:

«Ніколі раней ЗША не адкрывалі стратэгічны дыялог не з урадам, таму было вельмі складана гэта падрыхтаваць і арганізаваць, знайсці адпаведны фармат. Самі амерыканцы здзіўленыя, што ўсё ўдалося».

Бакі дамовіліся аб стварэнні працоўных груп, якія будуць займацца рознымі пытаннямі: дапамога палітвязням, прыцягненне да адказнасці за рэпрэсіі, дапамога прыватнаму сектару, культурніцкім ініцыятывам, моладзі і беларускім дыяспарам, а таксама падтрыманне ініцыятываў, накіраваных на дапамогу ўнутры краіны.

«Гэтыя групы будуць працаваць онлайн, збірацца рэгулярна, мы думаем правесці ўжо ў наступныя некалькі месяцаў супольныя канферэнцыі, івэнты, як вырашаць пытанні беларусаў за мяжою і, напрыклад, якім чынам спыніць паглынанне Беларусі Расеяй», – апавёў Вячорка.

Асобна плануецца дыскусія аб санкцыях:

«Гэта тое, дзе мы недапрацоўваем, таму што санкцыі неэфектыўныя. Ні ЗША, ні Брусель не паспяваюць закрываць шчыліны».

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Паралельна са стратэгічным дыялогам абмяркоўвалася новая версія Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, і дарадца Ціханоўскай спадзяецца, што бліжэйшым часам адпаведны законапраект будзе ўхвалены.

«Таксама, здаецца, маецца згода на прызначэнне спецпасланніка. Раней Дзярждэпартамент прапаноўваў прызначыць, але Кангрэс бачыў гэтую ролю па-іншаму. Нібыта зараз ёсць пэўны кампраміс», – адзначыў прадстаўнік Офісу абранай прэзідэнткі.

Ён таксама анансаваў змену фармату працы амерыканскіх місіяў і арганізацыяў у Вільні і Варшаве: ЗША вызначаць асобаў, якія будуць працаваць толькі па Беларусі. «Будзе па-іншаму пабудаваная дапамога, большую ўвагу прысвецяць менавіта беларускім арганізацыям у выгнанні», – сказаў Вячорка.

Ён таксама заявіў аб гатовасці амерыканцаў змяніць візавую палітыку ў дачыненні беларусаў:

«Звычайна гэта двухбакова робіцца: лукашэнкаўская Беларусь дае на 1 год візы, амерыканцы – таксама на 1 год. Нібыта ёсць гатовасць паламаць гэты прынцып і пачаць выдаваць даўжэйшыя візы. Я не разумею, чаму расейцам даюць на 3 гады візы, а беларусам – на 1 год. І гэта быў бы моцны сігнал салідарнасці».

Яшчэ адна тэма – статус часовай абароны беларусам у ЗША. «Гэта не мільёны людзей, не сотні тысячаў, гаворка ідзе пра тысячы асобаў, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Гэты статус дапамог бы многім развязаць праблему легалізацыі», – падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Каментар
«Надыходзяць новыя санкцыі». Прадстаўнік Дзярждэпу паабяцаў закрыць «шчыліны» Лукашэнку
2023.12.07 20:37

Франак Вячорка прызнаў, што амерыканскія медыі насуперак чаканням не надалі належнай увагі візіту беларускай дэлегацыі: усё сапсавала вайна на Блізкім Усходзе і ўнутрыамерыканскія праблемы.

«Мы трапілі ў вельмі кепскі момант сюды. Калі прызначаўся дыялог, ніхто не ведаў, што будзе Ізраіль і «Хамас», будзе палітычны крызіс унутры Кангрэса. Мы чакалі, вядома, што гэта будзе паўсюль транслявацца і асвятляцца ўсімі тэлеканаламі, але зараз фокус зусім на іншым. Мінус у тым, што камунікацыйна мы не атрымалі той увагі, якую хацелі», – канстатаваў палітык.

Ён таксама панаракаў, што не стае стоадсоткавых дамоўленасцяў, але «так працуе амерыканская сістэма».

«Яны не могуць нічога паабяцаць. Яны могуць узяць да разгляду, таму што ў іх зараз няма рэсурсаў нешта рэалізоўваць. Зараз амерыканская дапамога ўся ідзе на Украіну, на Беларусь – вельмі мала», – падсумаваў дарадца ў каментары «Белсату».

Hавiны
Падтрымка бізнесу, медыяў і ідэнтычнасці. Пра што гавораць на стратэгічным дыялогу дэмсілаў Беларусі і ЗША
2023.12.08 17:40

Адной з тэмаў, што абмяркоўваліся падчас стратэгічнага дыялогу, стаўся прыватны сектар і прадпрымальніцтва. Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук паведаміў «Белсату», што ўдзельнікі дыялогу «прыйшлі да адзінага разумення, што прыватны сектар – гэта стратэгічны партнёр у дэмакратызацыі Беларусі і яе еўраатлантычнай інтэграцыі».

«Адпаведна, падтрыманне прыватнага бізнесу вельмі важнае, асабліва сёння, калі прыватны бізнес адчувае на сабе пабочныя наступствы санкцыяў. Акрамя таго, бізнес і за мяжою, і ўнутры краіны сутыкаецца яшчэ і са сваімі спецыфічнымі праблемамі. Таму асноўная праца на будучыню – гэта ідэнтыфікаваць выразна крокі, што могуць палепшыць становішча бізнесу. Мы казалі, што гэта могуць быць захады як унутры Беларусі, гэтак і за мяжою ў дачыненні да рэлакаванага бізнесу», – сказаў Крук.

Такімі захадамі могуць быць падтрыманне хабаў, акселератараў, падтрыманне навучання, дапамога ў адаптацыі рэлакаванага бізнесу.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук. 16 кастрычніка 2021 года. Кіеў, Украіна.
Фота: Белсат

«Гэта таксама можа быць фінансавае падтрыманне шляхам гарантыйных фондаў праз спрашчэнне доступу да крэдытавання, бо гэта адзін з найгалоўнейшых бар’ераў, пра які кажа беларускі рэлакаваны бізнес», – адзначыў эканаміст.

З дапамогаю бізнесу ўнутры Беларусі ўсе больш складана.

«Тут можна месці размову пра адукацыю, павышэнне мабільнасці, каб людзі маглі выязджаць за мяжу дзеля перамоваў, адукацыі. Гэта той мінімум, з якога трэба пачаць», – канстатаваў Дзмітрый Крук.

Аналітыка
«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае». Вынікі візіту дэмсілаў у ЗША
2023.12.07 18:22

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў