У Сенаце ЗША вайну Расеі супраць Украіны прызналі генацыдам


Камітэт Сената ЗША па міжнародных адносінах ухваліў рэзалюцыю аб прызнанні расейскай агрэсіі генацыдам украінскага народу, піша брытанская тэлерадыёкарпарацыя «Бі-бі-сі». Дакумент падтрымлівае правядзенне трыбуналаў над палітычным кіраўніцтвам Расеі.

Супрацоўнікі хуткай дапамогі вядуць параненую жанчыну ў шпіталь. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 17 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Рэзалюцыю аб прызнанні расейскай агрэсіі генацыдам украінскага народу, якую ўхваліў камітэт Сената ЗША па міжнародных адносінах, прапанавалі як дэмакраты, гэтак і рэспубліканцы.

«Сваімі дзеяннямі Пуцін вельмі ясна прадэманстраваў, што ягоная мэта – спыніць існаванне ўкраінскага народу. Я асабіста бачыў сведчанні ягонай жорсткасці ў Ірпіні ды іншых раёнах Кіеўскай вобласці», – заявіў адзін з аўтараў рэзалюцыі, сенатар Джым Рыш з Рэспубліканскай партыі.

Дакумент заклікае ЗША, NATO і еўрапейскіх саюзнікаў падтрымаць урад Украіны, каб перадухіліць далейшыя акты генацыду ўкраінскага народу з боку Расеі, а таксама падтрымлівае трыбуналы і міжнародныя крымінальныя расследаванні, каб прыцягнуць да адказнасці расейскае палітычнае кіраўніцтва ды вайскоўцаў, вінаватых у агрэсіўнай вайне, ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці і генацыдзе. Таксама рэзалюцыя заклікае прэзідэнта ЗША выкарыстоўваць гэтак званы акт Магніцкага супраць датычных да генацыду.

Даведка
Акт Магніцкага прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да расейцаў і грамадзянаў іншых краінаў, якія маюць дачыненне да парушэнняў правоў асобы. Дакумент ухвалены пасля смерці ў маскоўскім СІЗА юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага.

Цяпер гэтую рэзалюцыю вынесуць на ўхваленне Сенатам ЗША.

Раней парламенты некалькіх краінаў абвесцілі Расею спонсарам тэрарызму, такую ​​ж рэзалюцыю прыняў і Еўрапарламент.

Расейскія ўлады неаднаразова адмаўлялі, што іхныя войскі вінаватыя ў якіх-небудзь злачынствах падчас вайны. У Маскве таксама называюць фэйкамі звесткі пра масавыя забойствы цывільных ва ўкраінскіх гарадах.

Аб’ектыў
Расея працягвае ракетны тэрор
2022.11.23 21:51

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў