Ідэолагі хочуць пазбавіцца беларускай лацініцы ў напісанні тапанімічных назваў


На Рэспубліканскім савеце ў справе гістарычнай палітыкі ў Менску абмеркавалі выкарыстанне лацінкі і кірыліцы ў напісанні назваў населеных пунктаў, вуліцаў і станцыяў метро. Прапануюць пісаць назвы кірыліцай, а з лацінскай транскрыпцыі выкінуць дыякрытычныя знакі. Пра гэта БелТА паведаміў старшыня грамадскага абʼяднання «Веды» Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін расказаў падрабязнасці паседжання Савету ў справе гістарычнай палітыкі, якое адбылося 8 снежня ў Менску і на якім абмяркоўвалі транслітарацыю тапанімічных назваў пры перадачы іх лацінскімі літарамі.

«На савеце было прапанавана перадаваць тапанімічныя назвы на дзяржаўных мовах. Пры гэтым у выпадку так званай раманізацыі, гэта значыць перадачы беларускай мовы лацінскімі літарамі, не выкарыстоўваць дыякрытычных знакаў. Абмяркоўвалася выкарыстанне на таблічках з назвамі вуліц, станцыяў метро і гэтак далей толькі дзяржаўных моваў, гэта значыць толькі кірылічных надпісаў», – расказаў Гігін.

У Менскім метро кірылічныя надпісы пакуль што дублююцца беларускай лацінкай з унікальнымі літарамі.
Фота: «Минск-Новости» / minsknews.b

Аб прычынах і мэтах абмеркавання гэтага пытання перад паседжаннем Савету ў справе гістарычнай палітыкі расказаў кіраўнік «Адміністрацыі прэзідэнта» Ігар Сяргеенка – маўляў, у пытанні транслітарацыі геаграфічных назвах вуліцаў і населеных пунктаў паступаюць звароты грамадзянаў.

«Паколькі паступаюць асобныя звароты грамадзянаў у гэтым пытанні, ім не ўсё зразумела. Таму мы вырашылі гэтае пытанне разгледзець і ўнесці яснасць, як далей мы будзем выкарыстоўваць у назвах вуліцаў, населеных пунктаў, у транспарце лацінку», – цытуе Сяргеенку газета «СБ. Беларусь сегодня».

Пры асвятленні названага паседжання дзяржаўнымі медыямі спачатку праз каналы БелТА было распаўсюджанае паведамленне са словамі Сяргеенкі, што для транслітарацыі ў Беларусі плануецца выкарыстоўваць расейскую мову, аднак пазней гэтую інфармацыю выдалілі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў