Як у Берасцейскай крэпасці добраахвотна-прымусова будуюць «патрыятычны цэнтр»


Пачатак будаўніцтва «цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі» ў Берасцейскай крэпасці запланавалі на 11 лістапада. Як піша дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА, будоўлю пачнуць з суботніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Берасцейская крэпасць.
Фота: Pixabay.com

На суботніку, як расказаў старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Сяргей Лабадзінскі, чакаюць каля 300 чалавек: чыноўнікаў, актыў БРСМ, студэнтаў, школьнікаў з «патрыятычных класаў» і вайскоўцаў. Іх пашлюць працаваць у былыя казармы Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці, а таксама на земляныя працы і прыбіранне смецця.

Суботнікам плануюць распачаць будаўніцтва «цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі» на базе Кобрынскага ўмацавання. У гэтым цэнтры збіраюцца зрабіць казармы, зону летняга намётавага мястэчка, вайскова-спартовыя і гульнявыя пляцоўкі, пазней дадаць навучальныя класы і сталоўку ў рэканструяваных казематах, адрамантаваць паўночна-ўсходнюю браму крэпасці, у апошнюю чаргу – аднавіць заходні форт і зрабіць там забаўляльна-асветніцкі комплекс.

На першую чаргу плануюць патраціць Br 30 млн, сабраных ад грамадзянаў і арганізацыяў, у тым ліку частку таго, што збяруць на планаваным суботніку. Пытанне фінансавання таксама абмяркоўваюць на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі, але пакуль грошы адтуль, відаць, не прыходзяць.

Раней выданне «Zerkalo» расказвала, што грошы на будоўлю збіраюць у добраахвотна-прымусовым парадку, а «Deutsche Welle» пісала, што ў будаўніцтве разлічваюць на бясплатную працоўную сілу з суботнікаў, дзён ударнай працы ды іншых «патрыятычных акцыяў».

Супольнасць медыкаў «Белыя халаты» называла тарыфы: на будоўлю «патрыятычнага цэнтру» з малодшага медычнага персаналу збіраюць па 3 рублі, з сярэдняга – па 5 рублёў, з дактароў – па 10, пры гэтым работнікаў просяць пісаць заявы, у якіх тыя просяць, каб у іх забралі грошы.

Аб’ектыў
Беларусь будзе «патрыятычна» выхоўваць моладзь разам з Расеяй?
2023.08.19 23:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў