«475 рублёў за 10 таблетак». Ці эфектыўны новы расейскі прэпарат ад ковіду, што з’явіўся ў Беларусі?


У Беларусі пачалі прадаваць новыя расейскія лекі ад ковіду – таблеткі «Скайвіра». Гэта копія прэпарату «Паксловід» амерыканскай кампаніі «Pfizer». «Белсат» высвятляў, ці бяспечна прымаць расейскі джэнэрык, за які трэба выкласці нямала грошай: Br 475 за 10 таблетак.

Пачак лекаў «Скайвіра» расейскай вытворчасці.
Фота: Мінздароўя Беларусі / Telegram

Пра паступленне ў аптэкі расейскіх лекаў ад COVID-19 «Скайвіра» паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Пачак з 10 таблетак каштуе Br 475. У паведамленні міністэрства падкрэсліваецца, што «накіраваны механізм уздзеяння на вірусную пратэазу вызначае поспех лячэння незалежна ад штаму каронавіруса».

Кіраўнік навуковай экспертызы фармацэўтычнага фонду «Inbio Ventures», кандыдат хімічных навук Ілля Ясны ў размове з «Белсатам» адзначыў, што якасць гэтага прэпарату невядомая.

«Кантроль якасці ў Расеі не такі добры, як у ЗША»

«Скайвіра» – гэта копія прэпарату «Паксловід» амерыканскай кампаніі «Pfizer». Эфектыўнасць арыгінальных лекаў даказаная, але з расейскім джэнэрыкам сітуацыя горшая, кажа Ілля Ясны.

«Ніхто не можа быць упэўнены, што прэпарат узноўлены добра, правільна ды якасна і што там выкананыя ўсе тэхналагічныя моманты накшталт чысціні, дазавання і гэтак далей. У Расеі кантроль якасці наладжаны не так добра, як у Заходняй Еўропе і ЗША. Таму яго можна прымаць, але на свой страх і рызыку», – мяркуе эксперт.

Але ж ва ўмовах Беларусі (як і Расеі), дзе няма ні заходніх вакцынаў, ні адмысловых лекаў ад COVID-19, нават гэты джэнэрык – шчасце.

«Калі б у мяне бацькі захварэлі на ковід, мабыць, я б ім усё-такі параіў з’есці гэты прэпарат. Лепш так, чым наогул без лекаў», – адзначыў Ілля Ясны.

Паводле яго, расейскае Міністэрства аховы здароўя зарэгістравала «Скайвіру» з парушэннем закону. Напрыклад, у афіцыйным дзяржаўным рэестры не апублікаваная інструкцыя, як тое мусіць быць.

«Калі ў нас у Расеі рэгіструюць прэпараты, няма магчымасці запытацца ў Мінздароўя, на якой падставе яно зарэгістравала прэпарат, хаця ў законе прапісана, што міністэрства мусіць публікаваць звесткі пра рэгістрацыю. Але яно проста гэтага не робіць і парушае закон», – звярнуў увагу эксперт.

Хворы на COVID-19 у шпіталі. Фота Мінздароўя Беларусі / Telegram

Ілля Ясны выказаў спадзеў, што ў беларускім Мінздароўя «больш прытомныя асобы», таму павінны быць нейкія апублікаваныя звесткі пра «Скайвіру». Аднак на сайце дзяржаўнага рэестру лекаў Рэспублікі Беларусь нічога пра гэты расейскі прэпарат няма. Таксама нічога не дае пошук у адзіным рэестры зарэгістраваных лекаў Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Што праўда, як кажа суразмоўца «Белсату», джэнэрыкі і не трэба даследаваць на эфектыўнасць. Лічыцца, што копія нейкага прэпарату не горшая за арыгінал. Адзінае, што трэба высветліць, з якой дакладнасцю зроблены джэнэрык, і вось гэтых даследаванняў у выпадку са «Скайвірай» няма.

«Абараняе ад наступстваў ковіду»

Што тычыцца арыгіналу, «Паксловіду», то яго даказаная эфектыўнасць сярод непрышчэпленых асобаў сталага веку – амаль 90 %. Галоўнае – пачаць піць таблеткі ў першыя пяць дзён са з’яўлення сімптомаў, распавёў Ілля Ясны.

«Таксама ёсць звесткі пра маладзёнаў і прышчэпленых. У маладзёнаў не такі заўважны эфект, бо яны наогул радзей трапляюць у шпіталі і паміраюць ад ковіду. А вось для асобаў сталага веку, нават калі яны вакцынаваныя, «Паксловід» – вельмі добрая дадатковая абарона», – зазначыў эксперт.

Але што самае карыснае ў амерыканскім прэпараце – ён ахоўвае ад наступстваў каронавіруснай хваробы. Больш такіх лекаў пакуль няма.

«Літаральна днямі выйшла даследаванне, што «Паксловід» таксама абараняе ад «доўгага ковіду», то бок ад наступстваў ковіду цягам некалькіх месяцаў – прычым як у маладзёнаў, гэтак і ў паджылых. Гэта вельмі карысная ўласцівасць, іншых такіх прэпаратаў няма», – сказаў суразмоўца «Белсату».

Раней у Беларусь завезлі іншы расейскі прэпарат ад ковіду – «Мірабівір». Гэта такі ж джэнэрык амерыканскіх таблетак, як і «Скайвіра», толькі іншага вытворцы. Цяпер «Мірабівір» ёсць у наяўнасці толькі ў адной аптэцы ў Менску па цане Br 648 за пачак з 30 таблетак.

Аб’ектыў
Калі чакаць беларускіх лекаў ад каронавіруса?
2022.10.17 22:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў