У Гомлі арыштавалі самалёт «Boeing 727»


Судовыя выканаўцы ў Гомлі 6 кастрычніка арыштавалі цэлы самалёт. Некалі адна з найбуйнейшых транспартных кампаніяў Беларусі «Авіястар» не змагла расплаціцца па запазычанасцях, расказвае «Флагшток».

Арышт самалёта. Гомель, Беларусь. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: gomeljust / Instagram

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму толькі пахвалілася арыштам самалёта ў сацсетках, не назваўшы кампаніі, у якой арыштавалі тэхніку. Але гомельскія журналісты высветлілі: гэта адзін з двух самалётаў ТАА «Авіястар», транспартны «Boeing 727-230» (EW-494TT) 1975 года выпуску. Агулам у кампаніі два самалёты, другі – «Ан-2Р» 1980 года.

Арыштаваны самалёт, як адзначае «Флагшток», меў доўгую гісторыю: лётаў на лініях «Lufthanza», «Istambul Airlines», «DHL», «European Airlines» і «Swiftair».

Кампанія «Авіястар» была зарэгістраваная ў 2016 годзе ў свабоднай эканамічнай зоне «Гомель-Ратон» і ўжо ў 2017-м стала адной з пяці найбуйнейшых транспартных кампаніяў Беларусі.

Пра «Авіястар» вядома даволі мала. У 2019 годзе кампанія згадвалася ў навінах аб рэзанансным судзе: былога дырэктара Дэпартаменту авіяцыі тады асудзілі за хабар на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а інжынер-інспектар авіяцыйнай бяспекі і бяспекі палётаў ТАА «Авіястар» за дачу хабару ў буйным памеры быў асуджаны на 2 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ды кампанія яшчэ не збанкрутавала і лічыцца ў дзейных суб’ектах гаспадаркі. «Флагшток» адзначае, што, мяркуючы па спадарожнікавых здымках, арыштаваны «Боінг» з 2017 года збольшага стаяў на стаянцы гомельскага аэрапорту.

Hавiны
Былога дырэктара Дэпартаменту авіяцыі пасадзілі на 9 гадоў
2019.11.06 20:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў