Вынікі пошуку для:

«Абвінавачання няма, але сутнасць ягонага перабывання ў турме ўсім зразумелая». Жонка Сашы Васілевіча – пра зняволенне мужа

Ужо больш за 400 дзён суўладальнік рэкламнага агенцтва «Vondel / Hepta», сузаснавальнік «Kyky» і «The Village Беларусь», галерыст Аляксандр Васілевіч застаецца пад арыштам у СІЗА на Валадарскага. За ўвесь гэты час праз падпіску пра неразгалашэнне адвакаты ні разу не назвалі дакладнага артыкулу, паводле якога затрымалі Сашу. Але нават сам прадпрымальнік не ведае, праз што ён ужо 13 месяцаў у няволі.

«Белсат» пагаварыў з Надзеяй Зелянковай, жонкаю Сашы Васілевіча, пра арышт і побыт мужа ў СІЗА, падтрыманне сувязі з-за мяжы і пра казкі, якія Аляксандр дасылае сваёй дачцэ.

Саша Васілевіч і Надзея Зелянкова. Фота: Данііл Парнюк

Арышт і абвінавачанне

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Васілевіч быў валанцёрам у перадвыбарчым штабе Віктара Бабарыкі, падтрымліваў сувязь з ягонаю камандаю. Першы арышт Сашы ў тым годзе здарыўся яшчэ да выбараў, 28 ліпеня, каля будынку КДБ, куды ён прынёс хадайніцтва пра змену меры стрымання ўжо арыштаванаму Бабарыку разам з галоўным рэдактарам «The Village Беларусь» Яўгеніяй Сугак.

У будынку ў іх забралі рэчы і абшукалі, пасля адвялі ва ўнутраны двор, дзе ўжо чакаў аўтазак. Праз тры гадзіны Сугак адпусцілі, а Васілевіч застаўся ў аддзеле міліцыі. Пазней яго абвінавацілі паводле артыкулу 23.34 КаАП нібыта за ўдзел у мітынгу каля будынку КДБ, арыштавалі на 14 содняў.

У канцы жніўня сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў ягоную кватэру ды офісы кампаніяў, якімі ён валодае. Самога Аляксандра Васілевіча і ягоную цяжарную жонку павезлі на допыт, пасля якога Надзею адпусцілі, а Аляксандр застаўся пад вартаю.

Пазней суўладальнік «Vondel / Hepta» Сяргей Варажун, які жыве ў Талліне, расказаў расейскаму выданню, што неўзабаве пасля затрымання яму патэлефанаваў следчы і паведаміў, што ў дачыненні яго і Васілевіча пачалі крымінальную справу. Тады Варажун перадаў следству ўсе дакументы пра «замежныя плацяжы», якія іх цікавілі. «Я быў упэўнены, што следчы, разабраўшыся з усімі паперамі, выпусціць яго з турмы. Але калі мы ўбачылі Сашу на сустрэчы ў СІЗА КДБ з Лукашэнкам, стала зразумела, што яго трымаюць з палітычных матываў», – кажа бізнесовец.

Саша Васілевіч у чырвоным швэдры на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. Скрыншот з відэа: БелТА / Youtube

Паводле Варажуна, цяпер Васілевіча падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Аднак у чым менавіта вінавацяць, невядома.

Надзея мяркуе, што мужа могуць трымаць у няволі да таго моманту, пакуль ён не пагодзіцца з абвінавачаннем, бо супраць яго не знойдуць ніякіх доказаў:

«Нічога, што я б магла ведаць пра рух справы, няма, і думаю, што нічога не адбываецца. Яны не ведаюць, што з ім рабіць. З аднаго боку, справу даўно ўжо павінны былі перадаць у суд, але ім трэба ягонае прызнанне. Шчыра кажучы, гэта не значыць, што ён яго ніколі не дасць. Праблема ў тым, што ён дасюль не ведае, у чым яго вінавацяць. Абвінавачання няма, але сутнасць ягонага перабывання ў турме ўсім зразумелая».

Ствараў такі Менск, у якім хацелася б жыць

Паводле спецыяльнасці Аляксандр Васілевіч – эканаміст, вывучаў фінансы і крэдыт у Інстытуце сучасных ведаў і нават быў на практыцы ў Нацыянальным банку. Потым пісаў для газеты «Белорусы и рынок» (тады называлася «Белорусский рынок») на эканамічныя тэмы. Там жа пачаў працаваць з рэкламадаўцамі і паралельна працаваў у рэкламным агенцтве. Праз некаторы час прадпрымальнік цалкам сышоў працаваць у рэкламнае агенцтва і паступова стаў партнёрам. Цяпер ён суўладальнік рэкламнага агенцтва «Vondel / Hepta», якое працуе па ўсёй Беларусі і ёсць адным з асноўных гульцоў на рынку.

У той жа час Васілевіч разам з сябрамі збіраўся зладзіць выставу для свайго знаёмага, калі зразумеў, што ў Менску няма месцаў, дзе маглі б выстаўляцца мастакі.

«Калі ты не жывеш у альтэрнатыўнай рэальнасці, то ёсць вялікая праблема зрабіць выставу, персанальную ці не, бо для гэтага фактычна не было месцаў. Тады яны задумаліся пра адкрыццё галерэі сучаснага мастацтва. Гэтак, агульнымі намаганнямі, каля 12 гадоў таму ў дварах на плошчы Перамогі з’явілася галерэя, якая даволі хутка стала ўплывовым інстытутам у беларускім сучасным мастацтве», – згадвае Надзея.

У галерэі праходзілі трэндавыя выставы, якія вызначалі, што адбываецца ў беларускім сучасным мастацтве, адкрываліся новыя імёны, праходзіла вялікая колькасць імпрэзаў і семінараў, прэзентацыі, а побач была кнігарня «Логвінаў». Неўзабаве адкрыўся бар «Ў», месца стала культавым, «адзіным магнітам», паводле Надзеі: «Але ў нейкі момант мы перараслі гэтае памяшканне і пераехалі на Кастрычніцкую. Там ужо адкрылі вялікую галерэю, якую ў кастрычніку мінулага года давялося закрыць».

Саша Васілевіч разам з дачкой Адэляй. Фота: Данііл Парнюк

«Kyky» і «The Village Беларусь» былі для Аляксандра больш як актыўнасці, адзначае Надзея: «Каля васьмі гадоў таму Даша, заснавальніца «Kyky», шукала партнёраў для двух выданняў і звярнулася з такою прапановаю да Сашы. Ён пагадзіўся».

Аляксандр заўсёды займаўся шмат якімі праектамі і хацеў ствараць такі Менск, у якім хацелася б жыць.

Надзея, распавядаючы пра захапленні мужа, вялікую ўвагу надае кнігам:

«Кнігі – гэта асобная вялікая гісторыя, гэта асноўныя скарбы, якія ў яго ёсць. Ён заўсёды шмат чытаў і працягвае цяпер, але пакутуе праз абмежаванні ў кнігах у СІЗА».

Кнігі ў СІЗА нельга праносіць і перадаваць, можна карыстацца толькі кнігамі з бібліятэкі. Таму вялікая частка хатняй бібліятэкі сям’і сышла туды.

Бібліятэка ў кватэры Сашы Васілевіча і Надзеі Зелянковай. 2020 год. Скрыншот з відэа: The Village Belarus / Youtube

Час у СІЗА – самы бессэнсоўны

Пра час у СІЗА Аляксандр кажа як пра самы бессэнсоўны, які толькі можна прыдумаць. Збольшага праз тое, што Саша вельмі дзейны. Надзея распавядае, што ён той чалавек, які ў адной паездцы будзе шкадаваць, што ён не ў іншай: «Ён вельмі прагны на ўражанні і абсалютна ўпэўнены, што ўражанні – гэта галоўная валюта і каштоўнасць, якая ёсць у чалавека. Але ў турме іх няма».

«У няволі Саша не такі аптыміст і, вядома, не шчаслівы праз тое, што адбываецца. Але ён разумее, што ў гэтай сітуацыі ягоны адзіны варыянт – захоўваць унутраны спакой. Гэта сітуацыя, якую ён не можа змяніць, і як мінімум павінен працягваць жыць ды знаходзіць нейкія штодзённыя радасці і моманты, каб адчуваць сябе лепш», – дзеліцца жонка Сашы Васілевіча.

Разам з Аляксандрам у камеры застаюцца 12 чалавек паводле зусім розных артыкулаў. Частка – маладзёны, затрыманыя паводле наркатычных артыкулаў, нейкая частка – гэта побытавыя крымінальныя справы, ёсць эканамічныя злачынствы і, вядома, палітычныя вязні.

У СІЗА вязні марнуюць значную частку часу на побыт: памыцца, прывесці сябе ў парадак, заправіць ложкі і навесці парадак у камеры да ранішняй праверкі. Потым трэба па чарзе папраць свае рэчы, кожнаму прыняць душ з-пад бутэлек і прыгатаваць ежу. Таксама зняволеныя маюць права на шпацыр.

«Раз на дзень яны выходзяць на вуліцу ў «дворык», вельмі маленькае памяшканне, дзе можна зрабіць некалькі крокаў у адзін бок і некалькі ў другі, бетонныя сцены і зверху краты, праз якія відаць неба. Але прыроды не ўбачыш, і дрэваў. Унізе пад нагамі – бруд або пыл. І гэта ягонае жыццё, – распавядае Надзея. – Бывае што ў суботы яны глядзяць нейкія нядрэнныя фільмы на «Беларусь 2». У камеры ёсць тэлевізар, але ён абмежаваны базавымі дзяржаўнымі каналамі».

Сувязь з роднымі

Саша Васілевіч разам з дачкой Адэляй. Фота: Данііл Парнюк

Падчас арышту мужа Надзея Зелянкова была цяжарная другім дзіцем. Яшчэ да арышту Аляксандра было пастаноўлена нараджаць не ў Беларусі, таму ў лістападзе летась Надзея пераехала ў Таллін. Аднак надзеі на тое, што сітуацыя можа змяніцца і Сашу выпусцяць, што яму зменяць меру стрымання, заставаліся.

«Не скажу, што гэта быў прыемны досвед. Нашыя рахункі былі арыштаваныя, Саша сядзеў, мне трэба было разбірацца з нашымі супольнымі праектамі, разбірацца з маім бізнесам, з навучаннем старэйшай дачкі і з тым, дзе я буду жыць і як мне наагул падчас ковіду з’ехаць у Таллін. З аднаго боку, усё гэта цяжка, але з другога – гэта тое, што цябе мабілізуе», – распавядае Надзея.

Малодшай дачцэ Аляксандра дзевяць месяцаў, але бачыць, як яна расце, ён можа толькі праз фотаздымкі ў лістах, якія ходзяць з перабоямі.

Надзея кажа, цяпер на Валадарскага блакада з лістамі, гэта адбываецца час ад часу: «Нядаўна была такая сітуацыя, калі лісты месяцамі не даходзілі, магчыма, не стае цэнзараў. Нядаўна Сашу перадалі некалькі лістоў ад мяне, адзін лісты ад мамы і адзін ад сястры. Хоць я ўпэўненая, што людзі пісалі яму віншаванні з мінулым днём нараджэння».

У мінулы дзень народзінаў мужа, 14 верасня, Надзея падрыхтавала яму падарунак – праілюстраваны зборнік дзевяці казак пра пінгвіна, якія Аляксандр дасылае сваёй старэйшай дачцэ Адэлі з СІЗА.

Вокладка зборніку казак Сашы Васілевіча «Тата і Пінгвін»

«З дзіцем трэба камунікаваць, але гэта не той узрост, калі ён можа пісаць доўгія лісты, – кажа Надзея. – Адэлі складана адказваць на пытанні, ёй прасцей нешта намаляваць або напісаць: «Тата, я цябе люблю». Таму казкі – гэта такая спроба размаўляць з дачкой у той форме, у якой ёй камфортна і цікава. І гэта цудоўна, бо яна можа ўявіць сабе ягонае жыццё, але не тое пекла, у якім жывуць 12 чалавек, а вось такое жыццё з добрым пінгвінам, матрацам і печывам. Гэта такая ілюзія таго, што гэта жыццё можна жыць».

Надзея заўважае, што ў казках Саша даўно перайшоў на тэму паводзіннай эканомікі, што робіцца заўважна: гэтак ён тлумачыць дачцэ, як працуе мозг, успрыманне і свядомасць чалавека. Распавядае, як мы прымаем рашэнні, як абставіны ўплываюць на нас, як гэтаму супраціўляцца. І робіць гэта ў зразумелай форме, праз казку.

Саша Васілевіч разам з дачкой Адэляй. Фота: Данііл Парнюк

Таксама Надзея просіць памятаць, што лёсаў, як у Сашы Васілевіча, вельмі шмат: «Людзей, якія трапілі ў гэтыя жорны, вельмі шмат, яны сядзяць без асаблівых надзеяў ці ўжо адбываюць свае тэрміны ў калоніях. Гэта гісторыі вельмі моцных людзей і сем’яў унутры гэтых гісторыяў, якія падбіраюць абутак ў калоніі сваім дзецям, сваім мужам, братам, разумеючы, што абсалютна нявінныя людзі асуджаныя на гады».

АД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны