«Нас пакаралі, бо мы спявалі». Гурт Irdorath выпусціў песню, напісаную ў калоніі


Фолк гурт з Беларусі Irdorath выпусціў песню «Zorami», напісаную ўдзельнікамі гурта ў калоніі. Музыкі былі асуджаны па крымінальным артыкуле ў 2021 годзе, частка гурта выйшла на волю ў 2022, яшчэ два ўдзельніка – у 2023 годзе.

Гурт Irdorath выпусціў песню «Zorami». Скрыншот з відэа: Irdorath BY / Youtube

«Песня «Зорамі» была напісана ў калоніі. Такія людзі, як мы, спявалі яе шмат разоў, ціха і таемна, са слязамі на вачах. Песня дала надзею і веру ў сябе ў гэтым халодным акіяне несправядлівасці. Так, мы адтуль выбраліся, але многія да гэтага часу там, і нам усім не варта пра гэта забываць», – сказана ў апісанні да кліпу песні.

У песні ёсць наступныя радкі:

  • «Нас пакаралі, бо мы спявалі,

    Нам спачувалі, але назіралі, але назіралі…

    Нас катавалі – мы вар’яцелі,

    Вы спачувалі, але ўсё глядзелі-глядзелі-глядзелі…»

Музыкі кажуць, што пасля вызвалення з турмы шмат розных журналістаў імкнуліся паразмаўляць з імі пра апошнія два гады, але яны адчувалі, што простымі словамі немагчыма выказаць тое, што б яны хацелі сказаць. «Такім чынам, мы абралі мастацтва як найболей поўную форму самавыяўлення», – дадаюць музыкі.

«У гэтай працы ёсць усё, што можна сказаць аб гэтай змрочнай гісторыі. Гэта адначасова завяршэнне цемры і пачатак новага, светлага раздзела! Гэта наша першая творчая праца пасля зняволення, і яе рэалізацыя стала магчымай дзякуючы вялізнай колькасці творчых людзей, якія аб’ядналіся, каб дапамагчы нам вярнуцца ў мастацтва. Гэта вынік Арт-рэзідэнцыі, арганізаванай суполкай «DOM TWRCAU» (Варшава), створанай беларусамі для беларусаў у выгнанні. Мы бясконца ўдзячныя ім за падтрымку і адданасць справе! І, вядома, усім людзям, якія падтрымлівалі нас увесь гэты час!», – кажуць удзельнікі гурта.

Нагадаем: пяцярых музыкаў Irdorath затрымалі ў жніўні 2021 года. Антон Шніп, а таксама Юлія і Пётр Марчанкі былі асуджаныя на 1,5 года калоніі. Два іншых удзельніка гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калачы былі асуджаныя на 2 гады паводле абвінавачвання ва «удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». У красавіку яны цалкам адбылі тэрмін і выйшлі на волю.

«Віною» музыкаў Irdorath сталася тое, што яны выходзілі на мітынгі ў 2020 годзе і спявалі песні, у тым ліку Віктара Цоя.

Hавiны
Музыкі гурта «Irdorath» Уладзімір і Надзея Калачы з’ехалі з Беларусі
2023.06.25 18:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў