«Слава Воршы ўжо не горша». Што мы ведаем пра бітву пад Воршай?


8 верасня 1514 года адбылася адна з найвялікшых бітваў таго перыяду ва Усходняй Еўропе – бітва пад Воршай. І хоць гэтая падзея адбылася больш за паўтысячы гадоў таму, яна і цяпер выклікае безліч гістарычных і ідэалагічных спрэчак. За доўгі час абрасла гэтая бітва і вялікай колькасцю міфаў. Разам з кандыдатам гістарычных навук Аляксандрам Казаковым узгадваем гэтую гістарычную падзею, а таксама разбіраемся, што насамрэч вядома пра бітву пад Воршай.

– Аляксандр, давайце для пачатку ўзгадаем, у межах якой вайны адбылася бітва пад Воршай, а таксама акрэслім, якія інтарэсы ў гэтай вайне мелі абодва бакі.

– Аршанская бітва адбылася падчас вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім (ВКЛ) і Вялікім Княствам Маскоўскім 1512–1522 гадоў. Гэта была чарговая вайна паміж дзвюма дзяржавамі, і асноўнай прычынай гэтых войнаў была «замежнапалічная дактрына» кіраўнікоў Маскоўскай дзяржавы, паводле якой усе землі, якія калісьці належалі Рурыкавічам у межах старажытнарускай дзяржавы, павінны належыць Маскве. На думку апошняй, гэта іх законныя валоданні.

Адпаведна, інтарэсам у гэтай вайне быў далейшы захоп рускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага. І паколькі заходняя мяжа Маскоўскага княства падышла да Смаленску, то наступнай мэтай, натуральна, стаў Смаленск.

Інтарэсам ВКЛ у гэтай вайне была абарона, то бок задача не дазволіць усходняму суседу захапіць Смаленск і іншыя тэрыторыі.

– Гэтая вайна насіла нацыянальны характар ці была феадальнай?

– Безумоўна, гэта не была вайна паміж нацыямі ці этнасамі, не паміж беларусамі і маскавітамі. Тэрмін феадальная вайна таксама не падыходзіць, ён быў характэрны для савецкай гістарыяграфіі, і ў асноўным выкарыстоўваўся для вызначэння міжусобнай вайны, якая адбываецца ўнутры нейкай буйной дзяржавы паміж рознымі феадаламі. Як жа ахарактарызаваць гэтую вайну? Гэта звычайная вайна паміж дзвюма дзяржавамі за валоданне тэрыторыямі, што было вельмі характэрна для перыяду сярэднявечча і для перыяду ранняга Новага часу, да апошняга адносіцца і бітва пад Воршай.

Калі мы паглядзім, як апісвалі рэаліі ў тую эпоху, то мы заўважым, што ваявалі паміж сабой хутчэй не дзяржавы, а ўладары гэтых дзяржаваў. То бок гэтая вайна была вайной паміж вялікім князем маскоўскім Васілём ІІІ і вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Старым.

– Якія падзеі папярэднічалі бітве?

– Уласна, вайна пачалася з паходу Васіля ІІІ на Смаленск у 1512 годзе, але ўзяць горад не ўдалося. Затым адбыўся яшчэ адзін паход – зімовы – 1512–1513 гадоў, які таксама скончыўся няўдала. І, нарэшце, трэці паход 1514 года скончыўся аблогай і капітуляцыяй Смаленску. І тое войска, якое ў выніку здабыло перамогу пад Воршай, яно ў свой час збіралася для таго, каб дэблакаваць Смаленск. Спадзяваліся, што Смаленск будзе трымацца да падыходу асноўнага войска, але зборы зацягнуліся, і гэтыя разлікі не спраўдзіліся – горад капітуляваў. Сабранае войска, натуральна, не разыходзіцца, і перад ім ставіцца новая задача – адбіць Смаленск. І пад Воршай яго чакае маскоўскае войска, якое мае задачу прыкрываць смаленскі напрамак. Гэтыя падзеі і прыводзяць да таго, што два войскі сутыкаюцца пад Воршай.

Вершы
У Дзень вайсковай славы «Белсат» прэзентуе ролік, прысвечаны сучасным беларускім рыцарам
2021.09.08 13:49

– Якія былі сілы бакоў?

– Гэта адно з самых цікавых, але і самых складаных пытанняў. Што датычыць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскага войска, тут яснасці значна болей, паколькі сапраўды існуюць крыніцы, якія даюць альтэрнатыўны лік гэтым агульнавядомым 35 тысячам, называюцца лікі 15, 16 і 17 тысяч. Як бачым, тут разбежка не вельмі істотная, таму прыблізна на гэтую колькасць і варта арыентавацца. Гэтыя лічбы выклікаюць больш даверу і называюцца рознымі незалежнымі крыніцамі.

Таксама паўстае пытанне пра тое, колькі войска засталося з каралём Жыгімонтам Старым у Барысаве, бо на Воршу войска павёў ужо Канстанцін Астрожскі. Ёсць толькі адна крыніца, якая называе лік часткі войска, што засталася з каралём, і гэта 4 тысячы, але такі лік даверу не выклікае.

Што да колькасці маскоўскага войска, тут пытанне больш складанае, бо надзейных звестак крыніцы не захавалі. Існуюць розныя падыходы да таго, як можна прыблізна ацаніць гэтае войска. Прымяняюцца досыць складаныя методыкі, але ніводная з іх, на мой погляд, не дае дакладнага выніку. Праблема палягае ў тым, што гісторыкі грунтуюцца на больш позніх сведчаннях. Пытанне пра тое, колькі насамрэч было тых маскавітаў, і на сённяшні дзень застаецца адкрытым. Зразумела толькі адно, што ні пра якія 80 тысяч там гаворкі ісці не магло, бо войскі такога памеру проста не вядомыя ў тую эпоху. Але ўлічваючы характар бітвы, што яна досыць доўга цягнулася, што маскоўскі бок нават спрабаваў паслаць частку войска ў абыходны манеўр вакол левага флангу войска Астрожскага, можна меркаваць, што маскоўскія сілы як мінімум не саступалі ў колькасці войску ВКЛ і Каралеўства Польскага.

– Якім быў склад супольнага войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага?

– Калі мы будзем адштурхоўвацца ад агульнай колькасці войска 15–17 тысяч, то арыентавацца трэба на колькасць польскага войска, лічбы якога захаваліся ў крыніцах. Акругляючы, гэта 6600 чалавек. Акрамя таго, варта памятаць пра войска, якое засталося ў Барысаве з каралём. Так, дакладнай колькасці мы не ведаем, аднак вядома, што гэта былі польскія найміты. Таму ад гэтых 6600 трэба адняць яшчэ і іх. Таксама з польскага боку ўдзельнічала надворная харугва, якая складалася з некалькіх сотняў чалавек. З усяго гэтага вынікае, што астатнюю частку войска складалі атрад дваранаў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога (гэта крыху больш за 1000 чалавек) і большая частка – шляхецкае рушэнне, так званая земская служба, прычым пераважна з тэрыторыі Беларусі і Літвы. Вядома таксама пра атрад валынянаў, які прыйшоў разам з гетманам Астрожскім, але тыя сілы звычайна пакідаліся на месцы для абароны ад магчымых татарскіх набегаў. Таму большую частку войска, хоць дакладных падлікаў зрабіць і не магчыма, складала якраз земская служба з тэрыторыяў сучасных Беларусі і Літвы.

– Дзе менавіта адбылася бітва?

– І па сённяшні дзень мы не ведаем дакладна, дзе гэтае месца. Ёсць тры асноўныя версіі:

· прынятая ў польская гістарыяграфіі, а потым перанятая беларускай – паўночны ўсход ад Воршы;

· усход ад Воршы, недзе паміж Воршай і ракой Крапівенкай;

· на правым беразе Крапівенкі, то бок бліжэй да Дуброўна.

Таму і цяпер гэтае пытанне застаецца адкрытым.

Бітва пад Воршай.
Фота: wikipedia.org

– Што вядома пра хаду бітвы?

– Мы можам з упэўненасцю казаць толькі пра асобныя моманты:

· Астрожскі падманам пераправіў сваё войска на іншы бераг. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ўночы, войска таемна пабудавала мост і пераправілася;

· большая частка крыніцаў указвае на тое, што польскія найміты сталі злева, а войска Вялікага Княства – справа;

· бітва доўга не пачыналася, бо Астрожскі, маючы досыць артылерыі і пяхоты, займаў абарончую пазіцыю і рыхтаваў засаду;

· бітва пачалася са спробы маскоўскіх сілаў – іхнага правага флангу – абысці левы фланг Астрожскага. Паводле некаторых звестак нейкія атрады маскавітаў нават здолелі зайсці ў тыл, дзе з імі ўжо справілася пяхота;

· ключавы момант бітвы – артылерыйская і пяхотная засада. Дзесьці Астрожскі схаваў гарматы разам з часткай пяхоты, якія ў пэўны момант былі задзейнічаныя і адыгралі прыкметную ролю;

· поўны разгром маскоўскага войска і палон большай часткі ваяводаў.

У папулярнай літаратуры надаецца вялікая роля гарматам, якія стралялі з засады, і часцяком наагул забываюцца на пяхоту. Але крыніцы выразна гавораць пра тое, што менавіта пяхота адыграла больш прыкметную ролю ў канечным выніку бітвы.

Аб’ектыў
Чаму бітва пад Воршаю такая значная, што яе дагэтуль святкуюць?
2019.09.08 11:45

– Ці мела перамога пад Воршай стратэгічнае значэнне?

– Вядома, што грандыёзнасць бітвы і катастрафічнасць паразы маскоўскага войска не далі вынікаў тым стратэгічным задачам, якія ставіліся. Смаленск адваяваць не ўдалося, але пад уладу Жыгімонта вярнуліся тры замкі: Крычаў, Мсціслаў і Дуброўна. Гэта, уласна, усе вынікі.

– Як перамога ў бітве паўплывала на хаду вайны?

– Вайна працягвалася яшчэ некалькі гадоў з узаемнымі спробамі магутных удараў, якія з абодвух бакоў скончыліся няўдачай. Мы можам меркаваць, што такая буйная параза маскоўскага войска не магла не падарваць ягонага ваеннага патэнцыялу.

– Як перамогу пад Воршай успрынялі ў ВКЛ, Маскве і на Захадзе?

– Гэта была вельмі вялікая бітва для Усходняй Еўропы, якая скончылася поўным разгромам для ворага, таму ў Вялікім Княстве Літоўскім яе так проста і называлі – Вялікая бітва, і нават не было патрэбы ўзгадваць, што яна адбылася пад Воршай. Таксама варта сказаць, што ў Вільні адбыўся трыумфальны прыём Канстанціна Астрожскага з правозам палонных маскоўскіх военачальнікаў і знаці.

Пра рэакцыю Масквы складана казаць, акрамя таго, што захоўваюць летапісы. Адны летапісы спрабуюць апраўдаць гэтую паразу, іншыя – узгадваюць бітву і шмат забітых з абодвух бакоў, але маўчаць пра тое, чым яна скончылася, а некаторыя летапісы наагул не ўзгадваюць бітвы.

Затое дыпламатыя Жыгімонта выкарыстала перамогу напоўніцу, каб зрабіць эфектыўную антымаскоўскую прапаганду пры ўсіх зацікаўленых еўрапейскіх дварах. І прапагандысцкі эфект быў вельмі вялікі, прычым у разы большы, чым рэальныя ваенныя вынікі ад гэтай перамогі. Ёсць папулярная думка пра тое, што перамогу пад Воршай святкавала ўся Еўропа, але гэта яўнае перабольшванне, бо ў Еўропе хапала і саюзнікаў Маскоўскага княства.

Бітва пад Воршай.
Фота: https://spooky12.livejournal.com/

– На вашую думку, якое месца гэтая гістарычная падзея мусіць заняць у сучаснай Беларусі?

– Мне хацелася б, каб гэтая падзея ўспрымалася так, як цяпер паміж немцамі і палякамі ўспрымаецца Грунвальдская бітва – то бок гэта проста эпахальная падзея мінулага, якая прыцягвае ўвагу аматараў гісторыі. Як старонка далёкай агульнай гісторыі, якая ўжо не выклікае нейкіх балючых пачуццяў у нашчадкаў тых, хто зазнаў паразу, і пачуццяў перавагі ў тых, чые продкі перамаглі. Хацелася б, каб без нейкіх палітычных наступстваў можна было стварыць адмысловы мемарыял і музей, вазіць туды тых жа расейскіх турыстаў, ладзіць на гэтым месцы штогадовы рэканструктарскі фэст. Гэта было б на карысць папулярызацыі падзеі і спакойнаму яе ўспрыняццю ды асэнсаванню.

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў