Выбуховы сектар Газа. У чым карані рэгулярных абвастрэнняў?


Ракетныя абстрэлы Ізраілю з сектару Газа працягнуліся пасля таго, як Ізраіль і групоўка «Палестынскі ісламскі джыхад» абвясцілі спыненне агню. Рэжым замірэння набыў моц а 23:30 мясцовага часу. Армія абароны Ізраілю пачала антытэрарыстычную аперацыю ў сектары Газа супраць «Палестынскага ісламскага джыхаду» 5 жніўня.

 Як утварыўся Сектар Газа? Як так склалася, што ледзь не кожны год там адбываюцца вялікія і малыя вайсковыя аперацыі?

Ад выгнання да вяртання

Прыкладна з II тысячагоддзя да Раства Хрыстовага на тэрыторыі сучаснага Ізраілю жылі габрэі, юдэйскія дзяржавы паўставалі і занепадалі, аднак на рубяжы нашай эры Ізраіль заставаўся пад уладай Рыму. Чарговае антырымскае паўстанне напачатку I тысячагоддзя нашай эры радыкальна змяніла сітуацыю для юдэйскага насельніцтва на Бліжнім Усходзе. Рымляне жорстка адказалі масавымі рэпрэсіямі. Габрэі мусілі масава ўцякаць са сваёй айчыны. З вялікай даволі кампактнай групы насельніцтва яны пераўтварыліся ў раскіданую па Еўропе, Азіі і паўночнай Афрыцы меншасць, якая часта рабілася ахвярай пераследу.

Лічыцца, што Ізраіль першы раз згадваецца ў тэксце на старажытнаегіпецкай стэле Мэрнэптаха: «Ізраіль спустошаны, ягонага семя няма». Крыніца: wikipedia.org

Толькі ў XIX стагоддзі, калі пачалося фармаванне еўрапейскіх нацыянальных рухаў, у тым ліку беларусаў, паўстаў і габрэйскі нацыянальны рух – сіянізм. Сіянізм абвяшчаў патрэбу вяртання на зямлю Ізраілю для стварэння незалежнай габрэйскай дзяржавы. Гэты рух паступова ідэйна захапіў значную частку габрэйскай дыяспары.

Масавае перасяленне габрэяў у былы (і будучы) Ізраіль пачалося з пачатку XX стагоддзя. Другая сусветная вайна і Галакост – масавае знішчэнне габрэяў нацыстамі – дадаткова падштурхнулі гэты працэс. Аднак на Святой Зямлі ўжо сотні гадоў жылі ў значнай ступені арабы, і іміграцыя сотняў тысяч габрэяў выклікала негатыўную рэакцыю з арабскага боку.

Гарачыя войны на фоне халоднай вайны

Усё часцей паміж дзвюма этнарэлігійнымі групамі ўзнікалі канфлікты і крывавыя сутычкі, таму ў 1947 годзе ААН прыняла план падзелу Палестыны на дзяржаву для габрэяў і дзяржаву для арабаў. Пры гэтым габрэі прынялі план ААН, а арабы – не.

У выніку ў 1948 годзе габрэі абвясцілі незалежнасць Ізраілю ў межах, вызначаных ААН. У адказ вайсковы звяз арабскіх дзяржаваў пачаў вайну з мэтай знішчэння маладой краіны. Аднак хоць на паперы арабскія сілы былі значна большымі і лепш узброенымі, Ізраіль змог змабілізаваць вельмі вялікі адсотак насельніцтва і лепш кіраваць сваімі войскамі. Такім чынам, фактычна ізраільцяне білі войскі арабаў, што наступалі з розных бакоў, часткамі, аператыўна перакідвалі сілы на новы фронт – і білі зноў. Так невялікі Ізраіль перамог.

Як ААН планавала падзяліць Палестыну на 2 дзяржавы. Крыніца: wikipedia.org

Падчас вайны зноў адбыліся маштабныя дэмаграфічныя змены. Вайна суправаджалася масавым (ад 520 да больш за 900 тысяч асобаў) выхадам палестынскага арабскага насельніцтва з тэрыторыяў, што трапілі пад кантроль Ізраілю. Адбывалася гэта як паводле загадаў арабскіх лідараў, так і ў выніку адчування небяспекі з боку ізраільскіх фармаванняў.

З іншага боку, пасля пастановы ААН пра падзел Палестыны больш за 800 тысяч габрэяў былі выгнаныя ці беглі з арабскіх краінаў у Ізраіль і іншыя краіны.

На памежных тэрыторыях, якія ААН планавала для арабскай дзяржавы (у тым самым сектары Газа, на Заходнім беразе ракі Іярдан, суседніх землях Лівану, Сірыі, Іярданіі) – узніклі вялікія перанаселеныя анклавы арабскага насельніцтва. Іх і сталі называць палестынцамі, каб адрозніць ад насельніцтва іншых арабскіх краінаў, а таксама ад грамадзянаў Ізраілю арабскага паходжання.

Новыя войны адбываліся ў наступныя дзесяцігоддзі ледзь не кожныя пару гадоў. Навакольныя арабскія дзяржавы з дапамогай СССР спрабавалі ўзяць рэванш, аднак штораз цярпелі паразу ад ізраільскай арміі, якая стала самай эфектыўнай і матываванай ваеннай машынай рэгіёну.

Тым часам Ізраіль паступова пашыраў тэрыторыю пад сваім кантролем.

Ізраільскія танкі падчас Шасцідзённай вайны, 1967 г. Крыніца: wikipedia.org

З цягам часу такія дзяржавы, як Іярданія і Егіпет, адмовіліся ад канфрантацыі з Ізраілем, больш за тое, іх значна больш сталі турбаваць радыкальныя палестынскія ўзброеныя групоўкі, што дзейнічалі на тэрыторыі гэтых краінаў. У Ліване напады палестынскіх баевікоў на Ізраіль у мірны час прывялі да ўвядзення ў краіну ізраільскіх войскаў, а потым і да крывавай грамадзянскай вайны ў Ліване паміж хрысціянамі, мусульманамі-сунітамі і мусульманамі-шыітамі.

Як сектар Газа стаў самай нестабільным пунктам

У 2000-ыя гады ў рэгіёне паўстаў новы статус-кво. Ізраіль вывеў войскі з палестынскіх тэрыторыяў (сектар Газа і Заходні бераг Іярдану). Напады палестынскіх тэрарыстаў прывялі да таго, што Ізраіль адмежаваўся сцяной ад тэрыторыяў, што былі пакінутыя пад кантролем палестынцаў.

Раней афіцыйнай уладай на палестынскай тэрыторыі была Арганізацыя вызвалення Палестыны (АВП), якая то ваявала з Ізраілем, то заключала мірныя пагадненні. Аднак у 2000-ыя гады сектар Газа трапіў пад фактычную ўладу ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкі «Хамас». Заходні бераг Іярдану застаўся пад уладай міжнародна прызнанай Палестынскай аўтаноміі, улады якой былі створаныя пастановаю АВП.

Уваход ізраільскіх танкаў у сектар Газа ў 2014 год. Крыніца: Сілы абароны Ізраілю

Пабудаваны ізраільцянамі мур рэзка зменшыў страты ад тэрарыстычных атак супраць Ізраілю, у выніку баевікі з сектару Газа (не толькі «Хамас», але і не такі моцны «Палестынскі ісламскі джыхад») сталі выкарыстоўваць масавыя ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ізраілю як метад нанесці ворагу хоць нейкую шкоду.

Тэрарысты ў час такіх абвастрэнняў запускаюць ад некалькіх сотняў да тысячаў даволі няякасных і недакладных ракетаў, што забіваюць максімум некалькі выпадковых чалавек.

Ізраільская авіяцыя ў адказ звычайна наносіць удары па меркаваных абʼектах тэрарыстаў, а ў выпадку асабліва моцнага абвастрэння – уводзіць у сектар Газа наземныя войскі. Гэта адбывалася ў 2008–2009 гадах, у 2012 годзе і ў 2014 годзе.

Стратэгія абмежаванага канфлікту

Баявыя дзеянні пастаянна рызыкуюць разгарэцца зноў на фоне нябачнай ціхай вайны, якая ўвесь час ідзе паміж ізраільскімі спецслужбамі і ісламскімі тэрарыстамі. Апошняе абвастрэнне пачалося з арышту 1 жніўня аднаго з лідараў «Палестынскага ісламскага джыхаду», пасля чаго гэтая арганізацыя пачала ракетныя абстрэлы Ізраілю.

У адказ 5 жніўня Армія абароны Ізраілю пачала антытэрарыстычную аперацыю ў сектары Газа супраць палестынскага руху «Палестынскі ісламскі джыхад».

Пры гэтым Ізраіль наносіць толькі абмежаваныя ўдары, каб да супрацьстаяння не падключылася мацнейшая групоўка «Хамас», але сцягнуў да межаў сектару Газа дадатковыя войскі, каб быць гатовым да любога развіцця падзеяў, у тым ліку да наземнага ўваходу на гэтую тэрыторыю.

Сістэма ізраільскай супрацьракетнай абароны перахоплівае ракеты з сектара Газа. Крыніца: Сілы абароны Ізраіля

Уся сітуацыя мае адразу некалькі аспектаў, піша ізраільскі ваенны эксперт Давід Гендэльман.

З пункту гледжання Ізраілю асаблівых дасягненняў больш не будзе і можна заканчваць. «Палестынскі ісламскі джыхад» пакуль упіраецца і больш хоча захаваць твар… Пры жаданні прынамсі на пару тыдняў стральбы яго хопіць… Чым даўжэй працягваецца аперацыя, тым больш шанцаў, што «Хамас» не зможа больш ухіляцца ад удзелу: удар па канкурэнце ў абліччы «Палестынскага ісламскага джыхаду» яму выгадны, але павелічэнне колькасці ахвяраў можа вымусіць яго далучыцца нават без жадання», – адзначае ён.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў