Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу


Уладзімір Гундар, якому ў турме прысудзілі 10 содняў карцару, трымае сухое галадаванне. Палітвязень галадае з 30 чэрвеня. Родныя перажываюць за ягонае здароўе, але цалкам разумеюць такі крок.

Уладзімір Гундар на судзе са сваёй адвакаткай. Мужчыну з інваліднасцю 2-й групы затрымалі ў гэтак званай справе Аўтуховіча. Але судзілі Гундара нібыта за гвалт або пагрозу гвалту над службовай асобаю. Берасце, Беларусь. 2021 год. Фота МК / Белсат

29 чэрвеня на судзе родныя пабачылі палітвязня Уладзіміра Гундара без адзення ў адных майтках, прыкутым да батарэяў, за кратамі. Пазней стала вядома, што перад судом вязня раздзелі, прасвечвалі ягонае адзенне і потым у адных майтках завялі ў суд. Уладзімір моцна абураўся, а суддзя выдаліў яго з залы суда. 30 чэрвеня яму прысудзілі 10 дзён карцару.

Але і на гэтым у той дзень здзекі не спыніліся, распавялі «Белсату» родныя палітвязня.

«29 чэрвеня Уладзіміра выдалілі з залы суда і накіравалі ў камеру. Там яго прымусілі стаяць на адным месцы. А стаяць на адной назе даволі складана. Да таго ж ён мусіў стаяць нахіленым над сталом. Невядома, ці адзелі яго пасля суда, ці не, калі з яго знялі ўсё адзенне. Праз некаторы час Уладзіміра перавялі ў іншую камеру, там таксама прымушалі стаяць, нахілі яго над сталом, гэта працягвалася даволі доўгі час. Яго змучылі. Потым прыйшоў лекар і нешта ўкалоў яму. Уладзімір распавядаў, што яго проста выключыла пасля ўколу, пасля гэтага ён прачнуўся толькі ў абед на наступны дзень. Ён распавядаў, што цалкам адышоў ад уколу толькі да вечару 1 ліпеня», – кажуць родныя палітвязня.

Аналітыка
Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»
2022.05.17 15:19

Уладзімір Гундар мае інваліднасць 2-й групы. Ён не мае нагі і перамяшчаецца з дапамогай мыліцаў. Пасля такіх катаванняў палітвязень на знак пратэсту абвесціў сухое галадаванне.

«Як я яго ні прасіла і ні маліла, але ён не мае намеру адмаўляцца ад гэтага. З карцару ён павінен выйсці 9 ліпеня аб 11:40. І ён казаў, што як выйдзе з карцару, пачне піць ваду. Тры дні будзе піць ваду, а потым будзе выходзіць з галадавання. Пакуль таксама не вядома, ці пайшла адміністрацыя насустрач ягоным патрабаванням, бо апошняй кропляй для Уладзіміра сталася тое, што іх раздзявалі кожны дзень перад судом», – кажуць родныя вязня.

Гісторыі
Чалавека без нагі, без мыліцаў, з рукамі ў кайданках прымусілі ісці з камеры. Гісторыя Уладзіміра Гундара
2021.12.17 10:25

Адзіная магчымасць для родных пабачыць вязня – падчас судовых паседжанняў. Сваякі Уладзіміра Гундара распавядаюць, што ён штодня слабее. Падчас выступаў ён гаворыць вельмі ціха, бо не мае сілаў. А 6 ліпеня на судзе ён выглядаў даволі кепска, скура мела шэрае адценне. На патрабаванне родных у залу прыйшоў доктар, які паглядзеў вязня, памераў ціск, які быў у норме. Абязводжвання арганізму лекар не пабачыў.

«Я нават і не ведаю, як ён будзе выходзіць з галадавання. Але ў яго такі характар, што калі ён вырашыў, то не саступіць. Ён не будзе цярпець здзекаў. А ён жа яшчэ ў Берасці ў турме страціў 20 кілаграмаў вагі», – звяртаюць увагу родныя палітвязня.

З Уладзімірам родныя могуць камунікаваць выключна праз адваката. Лісты даходзяць за краты, і ён таксама піша. Але цяпер, калі ён у карцары, то будзе затрымка на 10 дзён. І першы ліст ад яго прыйдзе толькі праз два тыдні пасля выхаду з карцару.

«Ён вельмі рызыкуе сваім здароўем, але такім чынам ён сцвярджае, што таксама чалавек, што мае годнасць. Таму я разумею яго, але ён патрэбны нам жывы. Здароўе неяк ужо выцягнем, але галоўнае, каб ён выйшаў на волю», – кажуць родныя Гундара.

Уладзімір Гундар.
Фота: родныя вязня

Катаванні фігурантаў «справы Аўтуховіча»

Увогуле, як стала вядома «Белсату», за кратамі сілавікі здзекуюцца не толькі з Уладзіміра Гундара. Асабліва адчувальна ціснуць на жанчын, сярод якіх Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш і Любоў Разановіч. Гэтыя жанчыны ў веку пасля 60 гадоў і маюць розныя хваробы. Але іх таксама раздзяваюць. Галіна Дзербыш яшчэ на судзе распавяла, што яе наагул вывелі з камеры і на калідоры раздзелі. Яна мае анкалагічную хваробу і носіць з сабою ваду, каб запіваць пігулкі, ды яблыкі, каб заесці лекі. Але ў судзе гэта ўсё забіраюць. Таксама на жанчыну ціснуць следчыя, патрабуюць, каб яна дала паказанні супраць Міколы Аўтуховіча.

Адметна, што суддзя практычна ніколі не слухае да канца хадайніцтваў абвінавачаных і адмаўляе ў іх задавальненні. Раіць звяртацца да адміністрацыі турмаў, але ж галоўным чынам здзекі чыніць адміністрацыя. Атрымліваецца, што нават паскардзіцца абвінавачаныя не могуць нікому.

6 ліпеня падчас судовага паседжання суддзя чарговы раз выдаліў з залы Міколу Аўтуховіча, таксама апошняе папярэджанне суддзя вынес адвакату за абарону.

Звяртае на сябе ўвагу таксама тое, што доказы віны вельмі сумнеўныя. На відэа з запісам выбухаў каля аўтамабіляў у пратаколах пазначаецца, што немагчыма вызначыць асобу, якая праходзіла побач, але нягледзячы на гэта суддзя далучае гэтае відэа да справы як доказ. А калі на гэтыя моманты звяртаюць увагу абвінавачаныя або абаронцы, то суддзя выносіць папярэджанні і пагражае выдаліць з працэсу. Цяпер суддзя нават перастаў стрымлівацца і можа накрычаць на абвінавачаных ці адвакатаў.

Гісторыі
«Ну які ж гэта тэрарызм? Дзікасць нейкая!» Хто такі Аляксей Іванісаў, якога будуць судзіць у справе «Буслы ляцяць»
2022.05.31 10:51

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча» распачалі 18 траўня на тэрыторыі гарадзенскай турмы № 1. На лаве абвінавачаных 12 асобаў, якіх вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Самому Аўтуховічу выставілі 10 артыкулаў. У справе праходзяць Мікола Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, а таксама Ірына і Антон Мельхеры.

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў