Полк Каліноўскага выступіў з заявай па стратах, імаверна, трое ваяроў загінулі


Полк імя Кастуся Каліноўскага выступіў з адмысловай заявай. Яна тычыцца апошніх стратаў пад Лісічанскам. Паводле афіцыйнай прадстаўніцы палка, заява робіцца ў сувязі з інфармацыйным рэзананасам адносна лёсу байцоў батальёну «Волат», зніклых без вестак пад час бою 26 чэрвеня.

Невялікі бел-чырвона-белы сцяжок на абмундзіраванні байца палка імя Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Упершыню інфармацыя пра страты Палка на Луганшчыне была агучаная 5 ліпеня, праз 9 дзён пасля трагічных падзеяў. Ад пачатку Каліноўцы пацвярджалі смерць камандзіра батальёна «Волат» Івана Брэст Марчука ды ўзяцце ў палон Яна Дзюрбейка з пазыўным Тромблі. Аднак медыі са спасылкай на прарасейскія тэлеграм-каналы, агучылі імёны яшчэ трох байцоў, якія імаверна загінулі пад Лісічанскам. Гэта Васіль Сябро Парфянкоў, Васіль Атам Грудовік і Вадзім Папік Шатроў. А таксама пра палон Сяргея Кляшча Дзегцева. Інфармацыю пра апошняга пазней пацвердзілі ў прэс-службе Палка Каліноўскага.

«Дадзеная інфармацыя не зʼяўляецца канчатковай, мы не маем целаў ніводнага з пералічаных ваяроў Палка Каліноўскага, у сувязі з чым, мы не можам дакладна канстатаваць факт гібелі», – заявілі ў прэс-службе Палка Каліноўскага.

«Белсат» прыносіць свае спачуванні родным, сябрам ды пабрацімам загінулых і прапалых без звестак байцоў. Наш тэлеканал абавязкова будзе сачыць за падзеямі.

Інтэрв’ю
«Змагацца з фашызмам – самая патрэбная праца на свеце». Баец-каліновец – пра полк і сяброў з БелаПАН
2022.06.15 16:34

Полк Каліноўскага – добраахвотніцкае падраздзяленне, байцы якога прымаюць удзел у вайне ў шэрагах узброеных сілаў Украіны. Першапачаткова быў створаны як батальён імя Кастуся Каліноўскага, але праз рост асабовага складу ў траўні 2022 года атрымаў статус палка. Касцяком падраздзялення сталіся беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Расеяй. У яго шэрагах – шмат знаных актывістаў: заснавальнік руху «Зубр», спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край» і «Маладога фронту», сябра БХД Вадзім Кабанчук, дзейны кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, стваральнік паблікаў «Мая краіна – Беларусь» і «Усы Лукашенко» Сяргей Бяспалаў ды іншыя.

belsat.eu

Стужка навінаў