Курсы еўра і долара амаль зраўняліся. Што адбываецца і ў чым лепш захоўваць свае грошы


Ужо больш за год на сусветных рынках назіраецца зніжэнне курсу еўра адносна долара. Пастаянна абнаўляюцца новыя мінімумы ў іх суадносінах, і 8 ліпеня таксама не стала выключэннем. У прычынах гэтага, а таксама ў тым, ці варта беларусам пазбаўляцца ад еўрапейскай валюты і замяніць яе амерыканскай, карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам са старэйшым навуковым супрацоўнікам даследчага цэнтра BEROC Анастасіяй Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Долары ЗША і еўра.
Фота: Белсат

На таргах 8 ліпеня курс еўра апускаўся ніжэй 1,01 долара ўпершыню з снежня 2002 года. Падчас таргоў курс еўрапейскай валюты апускаўся да 1,0072 долара – гэта значыць практычна зраўняўся з ім па кошце.

Як адзначыла Анастасія Лузгіна, праблемы ў Еўразоны пачаліся яшчэ раней. На сітуацыю паўплывала спачатку пандэмія каронавірусу, якая запаволіла рост ВУП, а затым і рэзкі рост у 2021 годзе коштаў на энерганосьбіты. Апошні фактар спрыяў павышэнню інфляцыі ў краінах ЕЗ.

«Але, тым не менш, чакалася, што ў 2022 годзе ўсё нармалізуецца і адбудзецца аднаўленчы рост. Аднак з-за вайны ва Украіне гэтыя прагнозы, хутчэй за ўсё, не спраўдзяцца і ўжо былі перагледжаныя», – заявіла экспертка.

Праз канфлікт і уведзеныя ў адказ на яго санкцый разбураюцца традыцыйныя схемы паставак. У прыватнасці, абрынуўся экспарт Еўразвязу ў Расею, а таксама яшчэ больш вострым стала пытанне імпарту энергарэсурсаў: да леташняга росту цэн дадаліся перабоі з пастаўкамі. У выніку калі першапачаткова чакалася, што ВУП ЕЗ сёлета вырасце на 4 %, то абноўлены прагноз прадказвае павелічэнне ўсяго на 2, 7 %. Адначасова вырас і прагноз па інфляцыі – з 3,5 % да больш чым 6 %.

«Мы бачым, што эканамічныя паказчыкі пагоршыліся. Усё гэта стварае нервовасць на рынках. Таму інвестары думаюць, куды ўкладваць свае сродкі», – адзначыла Анастасія Лузгіна.

Інвестары шукаюць больш надзейную гавань

Таксама, падкрэсліла эканамістка, важную ролю ў тым, што адбываецца адыгрываюць і цэнтрабанкі ЕЗ і ЗША. Так, Федэральная рэзервовая сістэма ЗША, зважаючы на высокую інфляцыю, пачала «праводзіць палітыку дарагіх грошай» – павышаць працэнтныя стаўкі, што ў сваю чаргу прыводзіць да ўмацавання долара.

Альфа-Банк
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць у чарзе ў «Альфа-банк» у Менску.
Фота: Белсат

«Адпаведна ўкладваць у долары становіцца больш выгадна. Павышэнне ставак адбывалася і ў сакавіку, і ў траўні, і ў чэрвені. І хутчэй за ўсё, ФРС [Федэральная рэзервовая сістэма. – Рэд. Belsat.eu] захавае дадзеную стратэгію надалей. А высокія працэнтныя стаўкі прыцягваюць інвестараў», – заявіла Анастасія Лузгіна.

Еўрапейскі Цэнтрабанк таксама плануе павышаць працэнтныя стаўкі ў ліпені і верасні, але «робіць гэта са спазненнем» у параўнанні з ЗША. Больш за тое, адзначыла эканамістка, ёсць асцярогі, што гэта нават занадта позна:

«У сувязі з запаволеннем эканамічнага росту ёсць рызыка скочвання еўраэканомікі ў рэцэсію, а гэта накладвае абмежаванні па далейшым павышэнні ставак».

Інвестары ж «шукаюць для сябе больш надзейную гавань, а на дадзены момант – гэта Злучаныя Штаты», лічыць эканамістка. Нават з улікам таго, што ў ЗША інфляцыя за травень была вышэй, чым у ЕС.

«Яны праводзяць больш жорсткую манетарную палітыку. Плюс, вядома, трэба разумець, што Злучаныя Штаты нашмат менш уцягнутыя і адчуваюць наступствы ваеннага канфлікту, чым еўрапейцы. Нават геаграфічна яны знаходзяцца далёка», – падкрэсліла Анастасія Лузгіна.

І ўсе гэтыя тэндэнцыі адбіваюцца на сусветным валютным рынку. Эканамістка не выключае, што ў выніку еўра можа патаннець яшчэ больш, апусціўшыся да парытэту з доларам. Аднак сур’ёзных ваганняў у бліжэйшай перспектыве яна ўсё ж не чакае. Сумняваецца і ў тым, што трэнд у хуткім часе можа змяніцца і еўра пачне ўмацоўвацца.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына здымае грошы ў банкамаце «Беларусбанка» ў Менску.
Фота: Белсат

«Пакуль існуе сітуацыя нявызначанасці. Трэба глядзець, як будзе дзейнічаць Еўрапейскі цэнтральны банк. І як адрэагуюць на яго рашэнні сусветныя рынкі: гэта дапаможа еўра або не. І як хутка еўрапейская эканоміка зможа прыстасавацца да новых умоў працы і пераарыентавацца на новых пастаўшчыкоў і аптымізаваць лагістычныя ланцужкі», – падсумавала суразмоўца.

Што рабіць беларусам

Што тычыцца звычайных беларусаў, якія захоўваюць свае зберажэнні ў валюце, то Анастасія Лузгіна адзначыла, што ў выпадку пераводу еўра ў долары яны па-любому страцяць частку сродкаў пры канвертацыі.

«Дзейсны варыянт – гэта па магчымасці дыверсіфікаваць вашы зберажэнні. І глядзець на тое, што вам неабходна. Калі вы плануеце паездку ў еўразону, то, магчыма, лагічней будзе рабіць зберажэнні ў еўра», – лічыць эканамістка.

Тым жа, хто проста хоча захаваць нейкую частку сваіх сродкаў у замежнай валюце, яна раіць прыгледзецца ў бліжэйшай перспектыве да долара, які на сённяшні дзень «адчувае сябе больш упэўнена».

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў