Сітуацыя ва Украіне: Поспехі ЗСУ пад Харкавам, расейцаў – у Часавым Яры


«Белсат» падводзіць вынікі 836-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскага раёну баявыя дзеянні лакалізуюцца на ўчастку фронту паміж населенымі пунктамі Ліпцы і Глыбокае.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ўкраінскія вайскоўцы контратакавалі і дайшлі да ўскрайкаў Глыбокага.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што ранкам 8 чэрвеня Збройныя сілы Украіны распачалі штурм пазіцыяў праціўніка ў самім сяле, але поспеху не дасягнулі і адкаціліся назад.

Іншая прарасейская крыніца – «Два майора» – піша, што агулам ЗСУ сцягнулі на гэты ўчастак фронту да 22 батальёнаў пяхоты, цяжкую тэхніку і падраздзяленні БпЛА для правядзення контрнаступальных дзеянняў.

У Чугуеўскім раёне баі ідуць на тэрыторыі гораду Ваўчанск. Выданне BILD адзначае, што за апошнія дні ўкраінцы адбілі некалькі кварталаў у цэнтральнай частцы населенага пункту. Пры гэтым частка вайскоўцаў РФ аказалася аточанай і адарванай ад асноўных сілаў.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка на купянскім і ліманскім кірунках у ваколіцах населеных пунктаў Іванаўка, Макееўка, Церны, Торскае, Грэкаўка і Неўскае.

Тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што на ліманскім кірунку актыўнасць расейцаў знізілася, што звязана з перакіданнем часткі сілаў на поўнач Харкаўскай вобласці.

Яшчэ адзін праўкраінскі тэлеграм-канал – «Говорять Снайпер» – адзначае, што таксама на левым беразе ракі Жарабец войскі РФ скарацілі да мінімуму дзейнасць сваёй артылерыі, але пры гэтым яны ўсе яшчэ валодаюць вялікай колькасцю FPV-дронаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым  сівэрскім выступе атакі расейцаў фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Раздолаўка і Выемка.

Канал «Два майора» удакладняе, што першы населены пункт Узброеныя сілы РФ штурмуюць з паўднёвага ўсходу, але пры гэтым маюць істотныя страты праз няправільную арганізацыю бою.

«Говорять Снайпер» сцвярджае, што каля Выемкі за апошні тыдзень расейцы прасунуліся на адлегласць 700 метраў.

На краматорскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбілі атакі праціўніка каля Часавага Яру, Іванаўскага і Андрэеўкі.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ на ўсходзе гораду Часаў Яр (раён за каналам Сівэрскі Данец – Данбас).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» удакладняе, што рух ідзе адразу на некалькіх участках.

У гэты ж час выданне ТАСС паведамляе, што ЗСУ цалкам пакінулі ўсходнюю частку гораду.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія намагаюцца развіць поспех на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка. Тут баі фіксуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Сокал, Карлаўка, Яснабродаўка, Навасёлаўка Першая і Новапакроўскае – пакуль без істотных зменаў лініі сутыкнення.

Ніжэй па фронце працягваюцца вулічныя баі ў Краснагораўцы. «Фронтовая птичка» піша, што Збройныя сілы намагаюцца ўтрымаць пазіцыі за кошт перакідання рэзерваў.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што таксама на курахаўскім кірунку расейцы ціснуць у Георгіеўцы, Парасковіеўцы і каля Канстанцінаўкі.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці расейцы наступаюць на так званым урэмаўскім выступе каля сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае. У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў апошнім населеным пункце цягам содняў іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы.

У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці войскі РФ атакавалі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах населеных пунктаў Крынкі і Казачыя Лагеры. «Офіцер» піша, што пасля гэтага на другім участку контратакавалі ЗСУ, у выніку чаго пашырылі свой плацдарм.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў