Польскія памежнікі атрымалі дазвол мець пры сабе зброю і ўпершыню ўжылі яе супраць групы мігрантаў


Намеснік кіраўніка польскага Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк распавёў, што змяняецца ў экіпіроўцы і службе Памежнай аховы пасля смерці параненага мігрантам афіцэра.

Польскі памежнік.
Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Камяні, падпаленыя галіны дрэваў, нажы, электрашокеры, металічныя шары, выпушчаныя з рагаткі з велізарнай сілай, і, нарэшце, самаробныя дзіды, удар якой стаў смяротным для 21-гадовага салдата Матэвуша Сітка, маладога хлопца, які ў якасці шарагоўца быў адным з многіх, накіраваных на мяжу – намеснік кіраўніка польскага Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк распавёў, што выкарыстоўваюць мігранты на мяжы ў якасці зброі, з якой атакуюць памежнікаў.

Ад пачатку 2024 года мігранты спрабавалі незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу 17 тысяч разоў, паведаміў прадстаўнік МУС.

«Мігранты беспакараныя, польскія службы бездапаможныя. Мы гэта мяняем», – запэўнівае Чэслаў Мрочэк.

Служба на мяжы апошнім часам знясільвае польскіх памежнікаў і фізічна, і маральна. Найбольш напружаны час – ноч.

«Невядома, з якога боку пойдзе атака, будзе град камянёў, металічныя шарыкі з самаробных рагатак, стрэлы з гумак, нацягнутых паміж дрэвамі. Пры траплянні ў галаву імі можна забіць, – перадае выданне «Rzeczpospolita» аповед аднаго з афіцэраў, што служыць на мяжы.

Каб зменшыць нагрузку памежнікаў, ужываецца сістэма ратацыі – праз два тыдні адна каманда вяртаецца дамоў, а на яе месца прыязджае іншая. За службу на мяжы дзяржава плаціць дадатковыя грошы.

Hавiны
Памежны камітэт Беларусі зрабіў заяву ў сувязі з гібеллю польскага жаўнера
2024.06.07 11:57

У афіцэраў, што ахоўваюць мяжу, у арсенале вадамёты, газавыя і пярцовыя ручныя пісталеты, шчыты, дубінкі. Паводле польскіх законаў, карыстацца зброяй памежнікі могуць у скрайніх выпадках. Надоечы афіцэрам дазволілі мець пры сабе асабістую зброю – да гэтага яны хадзілі з пустой кабурой.

Па стане на 4 чэрвеня на польска-беларускай мяжы знаходзяцца агулам 370 паліцэйскіх (250 новых дэлегаваных), у тым ліку кінолагі і контртэрарысты. Раней было 60 чалавек на 260 кіламетраў мяжы.

Роля паліцэйскіх на мяжы прынцыпова змянілася. Раней яны дзейнічалі ў памежнай зоне, правяраючы пешаходаў і аўтамабілі, спынялі мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу, і кур’ераў, якія іх перавозілі.

«Цяпер супрацоўнікі паліцыі рухаюцца непасрэдна ў памежнай зоне, патрулюючы гэтую тэрыторыю», – тлумачыць Катажына Новак, прэс-сакратарка галоўнага каменданта паліцыі Польшчы.

На мяжу таксама прыбылі інструктары, якія мусяць навучыць вайскоўцаў і памежнікаў, як даць рады з натоўпам. Завезеная таксама цяжкая паліцэйская тэхніка – спецыяльныя браніраваныя машыны. Памежнікі ў патрулях атрымалі гладкаствольную зброю. У чацвер 6 чэрвеня яе ўпершыню ўжылі супраць групы імігрантаў.

«Гэта прынесла вынікі, мігранты былі вымушаныя адысці», – кажа Мрочэк.

З лютага памежнікі здзейснілі амаль 1200 папераджальных стрэлаў, аднак, паводле Памежнай аховы, мігранты на іх не рэагуюць, бо ведаюць, што польскім службам забаронена па іх страляць.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі паступова аснашчае памежныя службы формай і экіпіроўкай, якая дагэтуль была толькі ў паліцыі – шчытамі, спецыяльнымі шаломамі, зброяй з гумовымі кулямі.

28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна прайсці з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзным, вайскоўца даставілі ў шпіталь. Чарговы інцыдэнт на мяжы здарыўся 3 чэрвеня. Працаўнік Памежнай аховы Польшчы быў паранены ў выніку нападу мігранта, ён у цяжкім стане. Ёсць рызыка, што не атрымаецца ўратаваць пашкоджанае вока.

Аналітыка
Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы
2024.06.06 07:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў