Дзеля спажывання і нерухомасці. Беларусы чатыры месяцы запар здаюць валюты болей, чымся купляюць


Нацбанк апублікаваў звесткі пра куплю-продаж валюты на ўнутраным рынку за першыя пяць месяцаў сёлета. Попыт перавысіў прапанову толькі ў студзені, а ў астатнія месяцы продаж стала перавышае пакупку. За гэты час беларусы здалі замежных грошай на 283 млн долараў болей, чымся набылі. Ад эканаміста Дзмітрыя Крука «Белсат» даведаўся, чаму ўжо чатыры месяцы запар беларусы выступаюць чыстымі прадаўцамі валюты.

Беларусбанк, обменник, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына мяняе валюту ў абменным пункце. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

У студзені – траўні фізічныя асобы купілі валюты на 3 млрд 732 млн долараў, а прадалі – на 4 млрд 16 млн долараў. Адметная розніца ў залежнасці ад таго, пра якую форму ідзецца: наяўную або безнаяўную. Гатоўкаю здалі болей, чымся купілі, а безнаяўнымі, наадварот, – болей купілі.

У траўні беларусы прадалі валюты на 892 млн долараў – сёлетні максімум. Гэта на 82 млн долараў болей, чымся ў красавіку. Купілі валюты на 750 млн долараў, што на 47 млн болей у параўнанні з красавіком.

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук упэўнены: такая тэндэнцыя не сведчыць пра тое, што беларусы праядаюць заначкі, хоць, вядома, маюцца асобы, якія выдаткоўваюць валютныя ашчаджэнні праз нястачу рублёвых прыбыткаў.

Валюту, што здаюць, забіраюць з банкаў

Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» звязаў перавышэнне прапановы над попытам у абменніках з адтокам валютных дэпазітаў. Частка гэтых ашчаджэнняў ідзе на спажыванне:

«Людзі забіраюць грошы з банкаў і часцей за ўсё гатоўкаю. Частка гэтых дэпазітаў ідзе на падтрыманне бягучага спажывання. Ашчаджэнні зараз рызыкоўныя, у банках трымаць грошы не хочацца, бо няма даверу, трымаць наяўнымі з меркаванняў бяспекі ці іншых меркаванняў таксама не хочацца, таму як варыянт – падтрымаць спажыванне. Гэты тэзіс часткова пацвярджаецца, калі зірнуць разбіўку: здаюць болей гатоўкі, чымся безнаяўных».

Разбор
Беларусы чацвёрты квартал запар выносяць валюту з банкаў. Куды яе дзяваюць?
2023.05.18 20:28

Набываюць нерухомасць

Яшчэ адно тлумачэнне – набыццё нерухомасці. Праз зніжэнне стаўкі рэфінансавання крэдыты на жыллё сталіся больш даступнымі, таму цяпер беларусы актыўна пазычаюць у банкаў. Крэдытам нельга цалкам аплаціць кватэру, даводзіцца дакладаць.

«Разлікі за нерухомасць адбываюцца ў рублях. Людзі, каб пакрыць гэтую розніцу пры набыцці кватэры, частку валюты пераводзяць, каб разлічыцца рублямі», – кажа эканаміст.

Аналітыка
За месяц беларусы набралі амаль Br 1 млрд крэдытаў. Ці варта баяцца інфляцыі?
2023.06.01 19:30

Канверсуюць валюту ў золата

Дзмітрый Крук мяркуе, што праз абмежаванасць магчымасцяў інвеставаць у Беларусі ўладальнікі валюты канверсуюць яе ў каштоўныя металы або ў нерухомасць:

«Спектр аперацыяў, што даступныя для людзей у замежнай валюце, істотна скараціўся. Беларусь адрэзаная ад вонкавага фінансавага свету, мабільнасць значна скарацілася, людзям усё цяжэй выехаць у суседнія краіны ЕЗ. Адпаведна, дапускаю, што пераводзяць ашчаджэнні ў іншыя формы: для кагосьці гэта могуць быць каштоўныя металы, для кагосьці – тая ж нерухомасць, аднак не праз тое, што жыць няма дзе, а як механізм інвеставання».

У якой прапорцыі кожны з гэтых чыннікаў уплывае на тое, што продаж валюты перавышае пакупку, сказаць складана. «Схіляюся да таго, што першая версія пра падтрыманне бягучага спажывання – асноўная, аднак аб’ектыўных звестак, каб упэўнена сцвярджаць, няма», – канстатаваў эксперт.

 

Залатыя зліткі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belrynok.by

На рынку спакойна, каля нуля

Агулам жа, паводле назіранняў суразмоўцы «Белсату», нечага экстраардынарнага на валютным рынку цяпер не адбываецца. «Калі прасумаваць за апошняе паўгоддзе, ёсць чыстая прапанова, але не надта вялікая, гэта не выпадае з асноўных эканамічных заканамернасцяў», – адзначыў Крук.

Пры гэтым такую ідылію можа парушыць галоўны эканамічны партнёр, Расея. Улічваючы моцную прывязку беларускага рубля да расейскага, можна прагназаваць перамену валютных паводзінаў беларусаў, калі абваліцца расейскі рубель, а ўслед – і наш.

«Калі расейскі рубель пачне прасядаць, то попыт на валюту ў Беларусі можа ўзрасці, бо ў людзей пачнуць падвышацца дэвальвацыйныя чаканні», – упэўнены эканаміст.

У такім выпадку купляць валюты будуць больш, чымся прадаваць, да таго моманту, пакуль не ўсталюецца новы раўнаважны курс. А ён усталюецца, калі вакол нуля стане вагацца сальда куплі-продажу з улікам усіх гульцоў на рынку: і фізічных асобаў, і юрыдычных, і банкаў. Дзеля раўнавагі курсу патрабуецца, каб павышаны попыт у адным сегменце (напрыклад, сярод фізічных асобаў) кампенсаваўся павышанай прапановаю ў іншым сегменце (напрыклад, прадпрыемствамі), растлумачыў Дзмітрый Крук.

Каментар
«Праядаюць заначкі». Другі месяц запар беларусы здаюць валюты больш, чымся купляюць
2023.04.10 15:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў