За месяц беларусы набралі амаль Br 1 млрд крэдытаў. Ці варта баяцца інфляцыі?


Насельніцтва Беларусі актыўна набірае новыя крэдыты ў банках. У асноўным яны ідуць на доўгатэрміновыя мэты, найперш, на будаўніцтва і набыццё жылля. І хоць гэта дапамагае разагнаць беларускую эканоміку, аднак існуе рызыка таго, што разам з ёй у краіне можа разагнацца і інфляцыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выходзіць з аддзялення банка ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Статыстыка Нацыянальнага банка паказвае, што аб’ём крэдытавання фізічных асоб у Беларусі за студзень-красавік павялічыўся на 37,9% у параўнанні з адпаведнчым перыядам 2022 года. Усяго за чатыры месяцы беларусы набралі ў банках Br 3,64 млрд крэдытаў.

Толькі ў красавіку жыхары краіны ўзялі крэдытаў амаль на Br 1 млрд рублёў. Аб’ём крэдытавання ў параўнанні з красавіком 2022 года павялічыўся на 73,6%.

Агульны аб’ём запазычанасці беларусаў перад банкамі на 1 траўня склаў Br 17,5 млрд. Ён узрос цягам месяца на Br 220 млн. У параўнанні з 2022 годам запазычанасць жыхароў краіны стала большай на 7,5%. Фізічныя асобы былі вінныя банкам Br 5,32 млрд па спажывецкіх крэдытах і Br 12,176 млрд – па доўгатэрміновых.

Пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб перад банкамі на 1 траўня склала Br 35,7 млн. Яна вырасла за красавік на Br 1,2 млн, цягам года – на Br 2 млн.

Крэдыты як сродак разагрэву эканомікі

У каментары «Белсату» старшэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна патлумачыла тое, што адбываецца. Паводле яе слоў, крэдыты ў Беларусі становяцца больш даступнымі для насельніцтва. Гэта ж з’яўляецца вынікам таго, што Нацбанк паступова зніжае стаўку рэфінансавання – пяты раз за 2023 год.

Уплывае на даступнасць фінансавых рэсурсаў у банкаўскай сістэме таксама зніжэнне іншых ставак па інструментах Нацыянальнага банка. Усё гэта прыводзіць да паніжэння працэнтных ставак у банкаўскай сістэме. І сёлета яны ўжо сталі ніжэйшымі, чым былі год таму.

Нацбанк жа ідзе на зніжэнне ставак таксама па шэрагу прычын. Па-першае, адзначыла Анастасія Лузгіна, у Беларусі ў параўнанні з 2022 годам значна запаволілася інфляцыя. А па-другое, тым самым рэалізуецца задача ўрада па выхадзе на эканамічны рост да канца года.

Экспертка падкрэсліла, што, зыходзячы з прагнозных паказчыкаў, асноўным інструментам эканамічнага росту з’яўляюцца інвестыцыі, якія ў 2023 годзе павінны вырасці больш чым на 20% у параўнанні з мінулым годам. Паколькі знешняе крэдытаванне абмежавана праз санкцыі і тым, што, «акрамя Расеі, напэўна, вельмі мала хто рызыкне ўкласціся ў беларускую эканоміку», урад звяртаецца да ўнутраных інвестыцый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі.
Фота: Белсат

«І для таго, каб іх стымуляваць, у тым ліку і праводзіцца такая досыць мяккая грашова-крэдытная палітыка Нацыянальнага банка», – патлумачыла Анастасія Лузгіна.

З аднаго боку наўпрост вельмі актыўна ідзе крэдытаванне прадпрыемстваў у рублях, а з другога – ствараюцца ўмовы для росту крэдытавання ў рублях грамадзян.

На што ідуць крэдыты

Гаворачы пра структуру крэдытаў, якія бяруць фізасобы, Анастасія Лузгіна адзначыла, што асноўны рост цяпер прыпадае на доўгатэрміновыя крэдыты, пры дапамогзе якіх часцей за ўсё фінансуецца набыццё нерухомасці.

«Доўгатэрміновыя крэдыты растуць больш актыўна, чым кароткатэрміновыя, дзе, у асноўным, спажывецкія крэдыты», – сказала эканамістка.

У выніку, дадала яна, змянілася і структура крэдытавання насельніцтва. Калі ў 2022 годзе доля кароткатэрміновых крэдытаў складала ў сярэднім 27%, а доўгатэрміновых – 73%, то ў гэтым годзе ў красавіку доля кароткатэрміновых знізілася да 18,7%,а доўгатэрміновых адпаведна павялічылася да 81,3%.

«Рост крэдытавання насельніцтва адбываецца ў асноўным за кошт нарошчвання доўгатэрміновага крэдытавання, гэта значыць у той жа нерухомасці. І гэта як раз узгадняецца з той палітыкай, якую праводзіць дзяржава, гэта значыць з ростам інвестыцый, у тым ліку і стымуляванне будаўніцтва», – сказала Анастасія Лузгіна.

Ці чакаць інфляцыю?

Паводле эксперткі, калі б назіраўся актыўны рост толькі спажывецкага крэдытавання, то можна было б казаць пра рост інфляцыйных рызыкаў і пра хуткае разгортванне інфляцыйнай спіралі. І хоць у абсалютных лічбах маем рост спажывецкага крэдытавання, «усё ж такі асноўны рост забяспечаны доўгатэрміновымі крэдытамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі стаяць у чарзе да банкамата ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Доўгатэрміновыя ж крэдыты звычайна не прыводзяць у кароткатэрміновым перыядзе да росту інфляцыі, адзначыла эканамістка. Замест гэтага назіраецца стымуляванне эканамічнай актыўнасці і, у прыватнасці, будаўнічага сектара.

Тым не менш, падкрэсліла Анастасія Лузгіна, калі трэнд на зніжэнне працэнтных ставак і напампоўка эканомікі таннымі грашыма захаваюцца, «у сярэднетэрміновай перспектыве можа наступіць перагрэў эканомікі, які выяўляецца ва ўзмацненні інфляцыйных працэсаў».

Дзе хаваюцца рызыкі

У любым выпадку, дадала Анастасія Лузгіна, «мяккая грашова-крэдытная палітыка, а яна цяпер у нас мяккая, нясе ў сабе інфляцыйныя рызыкі». Тым больш, што Беларусь функцыянуе не ў стабільных умовах.

«Трэба разумець, што рэалізацыя інфляцыйных рызыкаў звычайна грунтуецца не на адным фактары, да прыкладу, росце доўгатэрміновага крэдытавання насельніцтва, а вынікае зыходзячы з рэалізацыі некалькіх стымулюючых інфляцыю працэсаў», – падкрэсліла эканамістка.

На паскарэнне інфляцыі можа ўплываць: дынаміка расейскага рубля, які ў сваю чаргу ўплывае на беларускі; адкладзеныя інфляцыйныя працэсы праз ручное рэгуляванне коштаў у краіне; стымуляванне росту заробкаў.

У сувязі з тым, што, паводле апошняга прагнозу Еўразійскага банка развіцця, інфляцыя ў Беларусі да канца года павінна паскорыцца прыкладна да 8%, эканамістка падкрэсліла: «Таму рызыкі ва ўмовах такой мяккай грашова-крэдытнай палітыкі (гэта не толькі тычыцца насельніцтва, але і прадпрыемстваў), вядома, існуюць».

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў