Нацыянальны банк раскрыў статыстку куплі і продажу валюты на ўнутраным рынку ў студзені – сакавіку сёлета. За гэты час беларусы здалі $ 2,312 млрд, а набылі амаль $ 2,279 млрд. Эканамістка Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», чаму так адбываецца, і зрабіла асцярожны прагноз, што будзе далей.
За першыя тры месяцы 2023-га беларусы прадалі валюты болей, чымся набылі, на $ 33 млн. Прычым у студзені фізічныя асобы былі чыстымі пакупнікамі валюты, а ўжо ў лютым і сакавіку – наадварот. Агулам за тры месяцы беларусы прынеслі ў банкі $ 2,312 млрд, а забралі амаль $ 2,279 млрд.
У студзені працягнулася тэндэнцыя леташняга снежня, растлумачыла «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна: беларусы набывалі валюту на прэміі ды «трынаццатыя заробкі», што выплочваюцца працадаўцамі ў канцы года.
«У людзей становіцца больш грошай, і, хутчэй за ўсё, гэта паўплывала на павышаны попыт. У якасці ашчаджэнняў людзі ўсё роўна разглядаюць больш цвёрдыя валюты, чым беларускі рубель», – сказала эканамістка.
Цяпер жа эфект снежня мінуў, рэальныя даходы не павялічваліся, адпаведна, у людзей стала менш грошай, адзначыла Лузгіна:
«Адбыўся разварот з куплі на продаж. У людзей не так шмат грошай, і ў пэўнай ступені яны праядаюць свае валютныя заначкі. Хаця яшчэ не ў вялікіх, вядома, аб’ёмах».
Калі ў лютым чысты продаж валюты склаў $ 31 млн, то ў сакавіку ўжо ўдвая болей: $ 62 млн.
«Што будзе ў красавіку, пакуль складана сказаць. Апошнім часам трывае паслабленне беларускага рубля да долара і еўра, і гэта можа справакаваць пэўную нервовасць на рынку. Людзі будуць нервавацца, што курс хутка зніжаецца, і гэта можа прыпыніць чысты продаж валюты, або ён, як мінімум, скароціцца», – мяркуе экспертка.
Сяргей Крот belsat.eu