«Абсалютна небяспечны». Праваабаронца Алена Маслюкова пра Светлагорскі цэлюлозна-кардоны камбінат


7 чэрвеня прыкладна а 15:30 на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся выбух, у выніку якога была парушаная цэласнасць аднаго з рэзервуараў і пашкоджаныя суседнія будынкі. На месцы здарэння працавалі ратавальнікі, а персанал прадпрыемства эвакуявалі. Не абышлося і без ахвяраў. Больш падрабязна пра тое, што здарылася на камбінаце ў Светлагорску, прычыны і наступствы аварыі ў жывым эфіры «Белсат» нам распавяла праваабаронца Алена Маслюкова.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

У Следчым камітэце паведамілі, што частка тэрыторыі камбінату застаецца недаступнай, таму ўдалося правесці толькі частковы візуальны агляд месца здарэння, дзе ўдалося ліквідаваць наступствы выбуху. Першапачаткова паведамлялася пра двух зніклых работнікаў, якія знаходзіліся побач з месцам аварыі, але ўжо пасля разбору завалаў сталі вядомыя імёны трох загінулых: Віктар Аляксандравіч Раманькоў, Міхаіл Аляксандравіч Шаціца і Алег Васільевіч Кацуба. Усе яны працавалі выпарвальнікамі шчолаку.

Hавiны
У Светлагорску трое загінулі, СК распачаў справу на падставе выбуху, а не гібелі людзей
2023.06.08 18:58

«Тое, што адбылося ўчора на заводзе беленай цэлюлозы, – гэта цалкам прадказальная намі сітуацыя. Пачынаючы з 2019 года паўстала экалагічная ініцыятыўная група ў Светлагорску, група неабыякавых грамадзянаў, якія спачатку змагаліся супраць будаўніцтва гэтага заводу: сабралі дзесяць тысячаў подпісаў, якія разаслалі ў вышэйшыя інстанцыі. У выніку завод пачалі будаваць. Пачалі будаваць па кітайскім праекце, за кітайскія грошы, пры дапамозе кітайскіх работнікаў, па кітайскіх стандартах… І ў выніку мы атрымалі тое, што атрымалі», – узгадвае Алена Маслюкова.

Таксама, паводле афіцыйных дадзеных, ад выбуху пацярпелі чатыры чалавекі, якія атрымалі раненні галавы і апёкі рук. Ад шпіталізацыі яны адмовіліся. Але праваабаронца ўпэўненая, што пацярпелых нашмат болей:

«Я ведаю дакладна: усе работнікі, якія працуюць на гэтай вытворчасці, падпісвалі паперы аб неразгалошванні ўсяго, што адбываецца на гэтым заводзе. І вось у мяне паўстае пытанне: ці вартае чалавечае жыццё падпісання гэтых паперак і праца на гэтай шкоднай вытворчасці?»

Выбух на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК.
Фота: РАНАК / Telegram

Прычынай выбуху назвалі ўспышку газапаветранай сумесі без наступнага гарэння. Ужо 8 чэрвеня ў Следчым камітэце паведамілі пра правяранне дзвюх асноўных версіяў аварыі: рамонтныя працы без рэгламенту альбо парушэнне тэхналагічнага працэсу. Цяпер ведамства займаецца праверкай працоўнай дакументацыі і дапытвае супрацоўнікаў і кіраўніцтва камбінату. Таксама СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 302 ч.2 («Парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны»), але не праз факт гібелі працаўнікоў заводу.

Мясцовыя ўлады паведамляюць, што жыццю і здароўю насельніцтва Светлагорскага раёну больш нічога не пагражае, а паветра ў зоне ўплыву камбіната адпавядае ўсім нормам. Алена Маслюкова з гэтым не згодная:

«На маю думку, гэты завод абсалютна небяспечны. Я б не верыла афіцыйным крыніцам. Мне дакладна вядома, што з ратаўнікоў МНС, якія прыехалі на ліквідацыю наступстваў гэтай аварыі, два чалавекі адчулі сябе так кепска, што за імі прыехала хуткая і адвезла іх у шпіталь. Напэўна, яны проста атруціліся тымі шкоднымі выкідамі. Мне тэлефанавала вялікая колькасць людзей са Светлагорску, якія распавядалі, што адчувалі пахі то аміяку, то хлору, то нейкі прысмак медзі ў паветры».

У 2020 годзе на гэтым прадпрыемстве ў выніку выбуху на чане ракітавага алею загінулі зваршчыкі Аляксей Сасноўскі і Аляксандр Русіновіч.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў