Еўразвяз заклікае ЮНЕСКА адрэагаваць на сітуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі


Дэлегацыя Еўрапейскага звязу выступіла са зваротам да ЮНЕСКА аб абароне журналістаў і работнікаў сродкаў масавай інфармацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Журналіст Радыё Свабода Антон Трафімовіч. Журналісты падчас працы на пратэстнай акцыі. ЦУМ, Менск. 1 верасня 2020.
Фота: ТК / Белсат

У заяве сказана, што заахвочванне і абарона правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду сродкаў масавай інфармацыі і бяспеку журналістаў ляжаць у аснове мандата ЮНЕСКА:

«Мы настойліва заклікаем ЮНЕСКА, як установу ААН, якая мае канкрэтны мандат на абарону свабоды выказвання меркаванняў і свабоды прэсы, рэагаваць на далейшае пагаршэнне сітуацыі ў адносінах права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоды друку, асабліва ў дачыненні да журналістаў і работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё меркаванне, у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года».

У заяве таксама адзначаецца, што беларускія ўлады працягваюць свае напады на нацыянальных і міжнародных журналістаў і работнікаў сродкаў масавай інфармацыі: яны рэгулярна падвяргаюцца пераследам, запалохванню і адвольным затрыманням.

Таксама ЕЗ настойліва заклікае беларускія ўлады спыніць парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і выконваць верхавенства закона а таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, якія ў цяперашні час утрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зняволенне за простае выкананне сваёй працы і ажыццяўленне сваіх правоў.

У нядаўнім лісце Генеральнаму дырэктару ЮНЕСКА Одры Азулай Еўрапейскі звяз падкрэсліў, што арганізацыя павінна граць сваю важную ролю ў абароне журналістаў ва ўсім свеце:

«У адпаведнасці з нядаўнім пасланнем Генеральнага дырэктара з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы 3 траўня мы настойліва заклікаем ЮНЕСКА зрабіць свой голас гучным і ясным па гэтым пытанні, публічна пацвярджаючы сваю абсалютную падтрымку свабоды выказвання меркаванняў і абароны журналістаў у Беларусі».

На дадзены момант у Беларусі ў няволі застаюцца 12 журналістаў, 11 з іх праходзяць па крымінальных справах.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў