Брытанскі арнітолаг пра Палессе: «У Заходняй Еўропе такіх тэрыторыяў, як у вас, больш амаль няма»


Кожную другую суботу траўня і кастрычніка ў свеце адзначаюць дзень пералётных птушак. Беларускае Палессе – прыпынак у дарозе з выраю да месцаў гнездавання ў мноства відаў пярнатых. Брытанскі арнітолаг Адам Эштан-Бат толькі вярнуўся з Палесся і дзеліцца з belsat.eu уражаннямі ад беларускай прыроды.

«Палессе – дзікая прырода без межаў» – супольны міжнародны праект «Аховы птушак Бацькаўшчыны», Украінскага таварыства аховы птушак, Франкфурцкага заалагічнага таварыства і Брытанскага трасту ў арніталогіі. Галоўная мэта – захаванне рэгіёну ў максімальна натуральным выглядзе.

Адам Эштан-Бат з 2019 года працуе ў праекце, каардынуе збор звестак пра птушак Палесся, кажаноў і жамяру. Амаль цэлы красавік Адам правёў у Тураве і эмацыйна распавядае пра палескія паводкі, якіх амаль немагчыма цяпер пабачыць у Заходняй Еўропе.

Арнітолаг Адам Эштан-Бат. Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Прыпяць – адная з апошніх рэдкіх рэк, што засталася амаль у натуральным стане, бо ўсе нашыя рэкі ў Заходняй Еўропе выпрастоўваліся, будаваліся плаціны. І гэта не дазваляе ім так разлівацца і ўтвараць такія паводкі, якія ствараюць рэдкія біятопы, дзе квітнее дзікая прырода», – кажа арнітолаг.

З сумам ён кажа пра планы будаваць водны шлях Е-40, які можа знішчыць рэдкія біятопы (Е-40 – польска-беларуска-ўкраінскі праект у пытанні спалучэння Чорнага мора з Балтыйскім праз Прыпяць, што прадугледжвае выпрастоўванне ракі і будаванне плацінаў). Як прыклад такога рэдкага біятопу Адам прыводзіць заліўныя дубравы:

«На мінулым тыдні я быў у пойменных дубравах у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Гэта фактычна апошні ў Еўропе такі лес, бо заходнееўрапейскія рэчкі выпрастоўваліся – адпаведна, і няма такіх паводак».

Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Адам перакананы: Палессе – унікальны для Еўропы рэгіён з непараўнальна вялікімі тэрыторыямі лясоў і балотаў. Цалкам усё Палессе займае 180 тысяч квадратных кіламетраў, гэта амаль утрая больш за плошчу Літвы. Пойма Прыпяці – адное з найбуйнейшых еўрапейскіх месцаў збірання пералётных птушак, тры гады таму тут назіралі адначасова 120 000 батальёнаў – абсалютны рэкорд для ўсёй Еўропы.

«У Вялікай Брытаніі мы лічым пэўныя віды птушак рэдкімі, і што яны могуць быць толькі ў пэўных месцах, а вось я прыязджаю сюды – і гэта абсалютна звычайныя віды. Напрыклад, пячураўка-трашчолка: яны амаль зніклі ў Англіі, ёсць папуляцыя ў Шатландыі, і іх можна знайсці ў сапраўды добрых лясах – ну, добрых у нашым разуменні, але ў параўнанні з тутэйшымі лясамі гэта, вядома, абы-што. Я вось нядаўна сядзеў за маім камп’ютарам на Тураўскай станцыі кальцавання, піў каву – і раптам чую, як спявае пячураўка-трашчолка. Я гэтак эмацыйна крычу дырэктару станцыі: «Павел, там пячураўка-трашчолка!» А ён гэтак абыякава: «Ну, так». Проста гэта не тая птушка, якую вось так можна пачуць у вёсцы ў Вялікай Брытаніі. І такіх відаў шмат».

Менск, Беларусь.6 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Вялікі арлец – яшчэ адзін характэрны для Палесся від птушак. Яму пагражае глабальнае знікненне, а ў Беларусі ягоная папуляцыя налічвае да 150 параў і ёсць адной з самых вялікіх у Еўропе. Адная з прычынаў змяншэння колькасці гэтых птушак – знікненне месца іхнага жыхарства: арлец абірае забалочаныя тэрыторыі, якія ўсё часцей асушаюць. У межах праекту адмыслоўцы ставяць камеры на гнёзды і вешаюць перадатнікі на саміх птушак. Ужо 15 арліных «кватэраў» пад відэаназіраннем, і 21 арлец – з GPS-перадатнікам. Гэта дазваляе атрымліваць звесткі пра іхнае перасоўванне. Да прыкладу, 10 красавіка ўсе арляцы ўжо вярнуліся назад на Палессе.

У межах праекту Адам таксама вывучае кажаноў. На Палессі жывуць амаль усе вядомыя ў Беларусі віды кажаноў, на забалочаных тэрыторыях знайшлі нават шыракавушку – від, які асацыюецца са старымі лісцевымі лясамі, а не з балотамі. Навукоўцы расстаўляюць адмысловыя прылады для запісвання гуку, і летась яны атрымалі звыш мільёна запісаў. Пасля расшыфроўвання запісаў робіцца зразумелым, якія віды сустракаюцца ў пэўным біятопе. Агулам на Палессі 16 відаў кажаноў.

«У вас шмат тэрыторыяў у адносна некранутым стане. У нас гэткія тэрыторыі таксама былі 200 гадоў таму, але мы іх асушылі або пабудавалі гарады на іх. У Заходняй Еўропе такіх месцаў больш амаль няма», – кажа Адам.

Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Наста Кахановіч, belsat.eu

Стужка навінаў