41 прашэнне і ніводнага адабрэння. Чаму Грузія не дае беларусам прытулак і ці дапамогуць дэмсілы?


За 5 гадоў, з 2019-га па 2023-ы, 41 беларус папрасіў міжнародную абарону ў Грузіі, згодна з дадзенымі мясцовага МУС. Пры гэтым ніводная заяўка не была ўхваленая. Большасць дагэтуль разглядаюцца. Па шасці кейсах былі адмовы. Разбіраемся, чаму так, што рабіць беларусам, у якіх няма іншага выйсця, акрамя як прасіць прытулак, і ці могуць паспрыяць паляпшэнню сітуацыі беларускія дэмакратычныя сілы?

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Увечары людзі спяшаюцца дадому з працы. Станцыя метро Руставелі. Тбілісі, Грузія. 23 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Не пацягну яшчэ адзін пераезд»

Беларуска Марыя (імя змененая з меркаванняў бяспекі) жыве ў Грузіі разам з сынам з 2021 года. Пераезд быў вымушаны, як і ў многіх іншых беларусаў, у сувязі з пераследам з боку рэжыму Лукашэнкі. У Грузіі сын Марыі пайшоў у першы клас, за амаль тры гады сям’я адаптавалася да новай краіны. Наша суразмоўца нікуды больш не збіралася ехаць і хацела ў Грузіі дачакацца магчымасці вяртання дамоў, у Беларусь.

Але ў верасні 2023 года Лукашэнка падпісаў консульскі ўказ №278, згодна з якім беларусам больш нельга мяняць пашпарты за мяжой. Тэрмін дзеяння пашпарту сына Марыі скончыўся ў сакавіку 2024 года. Пакуль дакумент яшчэ быў дзейны, жанчына паспела аформіць сабе і дзіцяці дазвол на жыхарства на год. Цяпер жа беларуска збіраецца падавацца на міжнародную абарону.

«Так, я думала пра ад’езд, узважвала розныя варыянты, але ўрэшце зразумела, што не хачу нікуды ехаць і нават не пацягну цяпер яшчэ адзін пераезд – у нас сышло занадта шмат высілкаў і рэсурсаў, каб тут адаптавацца, – кажа Марыя. – Цяпер нарэшце я ведаю, як тут усё працуе, я разумею гэтую краіну, і я не хачу ні для сябе, ні для сына стрэсу новай адаптацыі».

Атрымаць міжнародную абарону Марыя хоча, каб мець магчымасць аформіць медычную страхоўку.

«Бо тэарэтычна я пакуль магла б нічога не рабіць – у мяне пашпарт дзейны яшчэ 8 гадоў, дзіцяці да 12 гадоў не трэба рабіць візаран, у нас пакуль ёсць ДНЖ, але медычную страхоўку без пацверджання легальнага знаходжання ў краіне не дадуць», – тлумачыць Марыя.

Разбор
Чакаць пераменаў ці падавацца на ўцякацтва? Што рабіць, калі сканчаецца пашпарт, распавядае юрыстка
2023.09.21 07:00

«Няхай я стану першай, каму Грузія дасць абарону»

Жанчына ведае пра не самую вясёлую статыстыку датычна выдачы статусу ўцекачоў беларусам у Грузіі, аднак настроеная аптымістычна.

«Няхай я стану першай, каму Грузія дасць абарону, – смяецца жанчына. – Я буду змагацца. Пры патрэбе я прыцягну ўсе магчымыя арганізацыі, грузінскія ў тым ліку. Калі адмовяць, буду судзіцца. Суды тут доўга ідуць, а за гэты час, мо, рэжым Лукашэнкі ляснецца. Агулам, я кансультавалася з юрыстамі – мне кажуць, у мяне добры кейс, і мне павінны даць прытулак. Спадзяюся на гэта».

На пытанне, ці чакае Марыя пашпарт Новай Беларусі, які нібыта павінен вырашыць праблему з легалізацыяй, жанчына кажа – не.

«Я ў той пашпарт не надта веру, ды і яны ж сказалі, што дадуць яго найперш тым, у каго ёсць легалізацыя. І ці прызнае яго Грузія? Гэта вялікае пытанне», – кажа наша суразмоўца.

У падобнай сітуацыі знаходзіцца беларуская спартоўка – чэмпіёнка па тайскім боксе – Марына Зялёная – надоечы мы гутарылі з ёй пра жыццё ў Грузіі. У Марыны таксама сканчаецца пашпарт у сына, і таму яна падалася на міжнародную абарону. Агулам, з гэтай праблемай беларусы сутыкаюцца ўсё часцей, бо нашая краіна выдае дзецям пашпарт толькі на 5 гадоў. У тых, хто з’ехаў у 2020 годзе, неўзабаве пачнецца пяты год эміграцыі.

Марына Зялёная ўжо пабыла на першым інтэрв’ю ў дэпартаменце міграцыі і распавядала нам, што грузіны не асабліва разумеюць пагрозаў, з якімі могуць сутыкнуцца беларусы на радзіме, і што ім трэба вельмі дэталёва тлумачыць нашую сітуацыю. Марына таксама мае намер змагацца і выкарыстаць усе даступныя ў рамках закону інструменты, каб атрымаць статус уцекача.

Інтэрв’ю
Спартоўка Марына Зялёная ўцякла ад пераследу ў Грузію і марыць развіваць бокс для людзей з інваліднасцю
2024.04.05 06:00

Некалькі адмоваў і ніводнага адабрэння за пяць гадоў

Тым часам беларускія праваабаронцы не ведаюць ніводнага выпадку адабрэння беларусам прашэння аб міжнароднай абароне ў Грузіі. З 2019 па 2023 гады быў зарэгістраваны 41 зварот ад беларусаў з прашэннем прытулку, распавядае праваабаронца Раман Кісляк са спасылкай на дадзеныя грузінскага МУС. Пры гэтым у 2019 годзе быў пададзены адзін зварот – ад мужчыны ва ўзроставай групе 26 – 40 гадоў, а астатнія 40 – у перыяд з 2020 па 2023 гады. Найбольш падаваліся ў 2021 і 2023 гадах – у 2021 годзе было 10 заявак, у 2023 – 21. Колькасць заяваў рэзка павялічылася пасля выхаду консульскага ўказу №278. Да восені 2023 года прытулак прасілі пераважна беларусы, у якіх у Грузіі нараджаліся дзеці, а за пашпартам для немаўляці бацькі не маглі паехаць у Беларусь, зазначае праваабаронца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Заявы не былі ўхваленыя, гэтыя дзеці дагэтуль без дакументаў – і гэта вялізная праблема, якую мы паўсюль падымаем – што дзеці беларусаў, якія нараджаюцца ў Грузіі і чые бацькі не могуць паехаць у Беларусь, не маюць магчымасці атрымаць праязны дакумент акрамя як праз міжнародную абарону, якую ім таксама не даюць», – кажа спадар Раман.

Праваабаронцам вядома пра шэсць адмоваў у прытулку беларусам за апошнія пяць гадоў, але людзі абскарджваюць іх, і гэтыя справы дагэтуль знаходзяцца ў судах. Большасць жа прашэнняў дагэтуль разглядаюцца. Таксама, паводле статыстыкі МУС Грузіі, з 2019 па 2023 гады з краіны выдварылі трох беларусаў: у 2020 і 2021 гадах былі выдвараныя два мужчыны ва ўзросце 26 – 40 гадоў, у 2023 годзе – мужчына ва ўзросце 41 – 65 гадоў.

Адначасова, паводле Рамана Кісляка, цягам апошніх пяці гадоў Грузія давала прытулак грамадзянам такіх краінаў, як Сірыя ці Расея.  У 2023 годзе Грузія дала прытулак 16 чалавекам. Сярод іх грамадзяне Бангладэшу, Турцыі, Ірану, Расеі, Сірыі, Танзаніі. Расейцаў – 4 чалавекі. 166 чалавек атрымалі гуманітарны статус. Сярод іх найбольш украінцаў – 130, а таксама грамадзяне Афганістану, Іраку, Эрытрэі, Емену, Сірыі, Казахстану. Што праўда, ад прадстаўнікоў гэтых краінаў і заяваў больш, зазначае беларускі праваабаронца.

«Мне падаецца, што мы сталі ахвяраў спрошчаных магчымасцяў нашага пражывання тут. А па-другое, таго, што можна пераехаць у Еўропу. Ды і няма масы зваротаў. Параўнайце, напрыклад, колькасць зваротаў у Еўразвязе і ў Грузіі. 41 зварот за 5 гадоў – гэта вельмі мала», – кажа юрыст.

Мы напісалі ў грузінскі МУС, у якім папрасілі растлумачыць, чаму ніводнаму беларусу не быў нададзены статус уцекача за апошнія пяць гадоў, а таксама ўдакладніць, якія крытэрам мусіць адпавядаць грамадзянін Беларусі, каб атрымаць прытулак у Грузіі. У адказе МУС толькі накіраваў нас на свой афіцыйны сайт, дзе размешчаная толькі статыстычная інфармацыя ў лічбах без нейкага тлумачэння.

Аб’яднаны пераходны кабінет: шукаем шляхі выхаду на грузінскія ўлады

Ці можна паспрыяць паляпшэнню сітуацыі і як дапамагчы беларусам у Грузіі, мы запыталіся ў прадстаўніка па замежных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету, намесніка Святланы Ціханоўскай Валера Кавалеўскага.

«Сітуацыя беларусаў у Грузіі сапраўды выклікае сур’ёзную трывогу. Фактычна няма дзейных інструментаў па вырашэнні міграцыйных пытанняў, з якімі яны сутыкаюцца, – адказаў нам палітык. – Гэта ўскладняецца яшчэ і тым, што грузінскія ўлады пакуль не праяўляюць нейкай зацікаўленасці ў тым, каб абмяркоўваць гэтыя праблемы з Аб’яднаным пераходным кабінетам».

Намеснік Ціханоўскай зазначыў, што цяпер ён праз розныя каналы шукае магчымасці выхаду на грузінскія ўлады.

Аналітыка
«Да беларусаў у Грузіі ставяцца гэтак жа, як да Лукашэнкі і расейцаў». Як тое змяніць і ці магчыма?
2023.10.04 07:05

«У прыватнасці, праз дырэктарат па ўнутраных справаў Еўрапейскай камісіі. Таксама задзейнічаў міжнародныя арганізацыі, а менавіта – Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа. Яны абяцалі нейкім чынам пасадзейнічаць, але зразумела, што гэта пакуль не з’яўляецца гарантыяй, – распавядае спадар Валер. – Буду шукаць далей. Для нас гэта застаецца важнай задачай для вырашэння на міграцыйным кірунку. Буду старацца знайсці такія кантакты, каб дамагчыся правядзення двухбаковых кансультацыяў па пошуку тых праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Грузіі».

Валер Кавалеўскі лічыць, што прычына няпростага становішча беларусаў у Грузіі ў геапалітычных раскладах.

«Выглядае, што Грузія не хацела б ствараць умовы для таго, каб Лукашэнка і ягоны рэжым нейкім чынам пашкодзілі інтарэсам краіны, – кажа палітык. – Грузія ў гэтым сэнсе знаходзіцца ў досыць уразлівым становішчы праз тое, што частка яе тэрыторыі акупаваная Расеяй, і гэта вызначае асцярожную пазіцыю да сітуацыі ў Беларусі. Мы з разуменнем ставімся да гэтага, але разам з тым не лічым, што гэта павінна быць перашкодай для вырашэння рэальных пытанняў у жыцці фізічных асобаў, якія, дарэчы, не абавязкова з’яўляюцца часткай дэмакратычнага руху».

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 06:00

«Прыйшоў час станавіцца заўважнымі»

Беларусы Грузіі ў сваю чаргу лічаць, што каб змяніць сітуацыю, трэба найперш дзейнічаць самім, а не чакаць дапамогі ад Аб’яднанага пераходнага кабінету ці Святланы Ціханоўскай.

«Я лічу, што трэба аб’ядноўвацца беларусам Грузіі, якія тут застаюцца, і наўпрост без пасярэднікаў весці перамовы з уладамі і тлумачыць нашую сітуацыю, – кажа Марыя. – Офіс Ціханоўскай, па маім меркаванні, уплывовы ў Еўропе, але не ў Грузіі. Ну і каб весці перамовы, трэба хаця б прыехаць у краіну і сустракацца не толькі з беларусамі, але і з мясцовымі ўладамі. А такіх сустрэчаў не было, прынамсі, публічна яны не агучваліся».

Марыя перакананая – у Грузіі каб цябе пачулі, трэба казаць пра сябе і свае праблемы:

«Я зразумела за тры гады жыцця тут, што пра сябе трэба казаць, выходзіць у медыі, знаходзіць падтрымку ў мясцовых палітыкаў. Я чула ад мясцовых тут такую фразу – што беларусы незаўважныя. Дык прыйшоў час станавіцца заўважнымі, адвакатаваць свае праблемы, тлумачыць нашую сітуацыю. Я думаю, што калі размаўляць, заўсёды можна дамагчыся нейкага станоўчага выніку».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў