Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву ходзіце?» Пра тэрор у Бучы і Барадзянцы


Нашыя калегі з выдання «Вот Так» апублікавалі ўласны рэпартаж з вызваленых украінскай арміяй гарадоў Кіеўскай вобласці. Няясна, на што гэта больш падобна: на жахі Другой сусветнай вайны або на крывавыя бясчынствы за часоў Івана Жахлівага.

Спаленая расейская браняваная тэхніка ў Бучы, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Раман Папкоў / Вот Так

«Наракай на сябе, я цябе проста расстраляю»

Некалькі абгарэлых целаў ляжаць на зямлі, прыціснуўшыся адно да аднаго. Крыміналісты з памочнікамі пачынаюць складваць цела ў мяшкі. Трупы – далікатныя, як засохлае восеньскае лісце. Трэба быць вельмі акуратнымі, перамяшчаючы іх. Маладая журналістка ў бронекамізэльцы хапаецца за ствол дрэва, потым адварочваецца, павольна адыходзіць.

Гэтых загінулых, спаленых асобаў знайшлі не адразу. Мінула ўжо некалькі дзён з моманту адыходу расейскіх войскаў, але Бучу дасюль вызваляюць ад мінаў і расцяжак. І знаходзяць целы. Вось знайшлі яшчэ пяць чалавек, мы на іх глядзім. Гэта былі маладыя мужчыны і жанчыны. У некаторых выяўленыя агнявыя раненні. Расстралялі, потым падпалілі. Тыповая гісторыя для Бучы часу расейскай акупацыі.

Спаленыя целы жыхароў Бучы, знойдзеныя пасля выхаду з гораду расейскіх войскаў. Украіна, 5 красавіка 2022 года.
Фота: Раман Папкоў / Вот Так

Трупы запакаваныя ў пакеты і адпраўленыя ў кодаўб машыны. Іх павязуць у Кіеў на экспертызу. Журналісты абступаюць аднаго з памочнікаў групы крыміналістаў – мужчыну-волата, які дапамагаў загружаць целы. Распытваюць яго. Ён працаўнік аднаго з мясцовых пахавальных агенцтваў. Цярэбіць у руках свае сінія гумовыя пальчаткі, распавядае, як яму даецца такая праца.

Кажа, раней, задоўга да вайны, некалькі гадоў жыў і працаваў у Маскве. Там жывуць ягоныя былая жонка і сын ад першага шлюбу.

– Вы расказваеце ім пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, што вы бачыце?

– Не, я з імі стасункаў не маю практычна. Але мая мама ім распавядае.

Размаўляю са сваім знаёмым, ветэранам вайны на Данбасе, байцом тэрытарыяльнай абароны Уладзімірам Шэрэдэгам.

«Я такога не чакаў, хоць я бачыў да гэтага шмат разоў трупы, мне даводзілася забіваць на вайне людзей. Але такога, як у Бучы, вось праўда, не чакаў.

Я думаў, што ў вас у Расеі хоць бы дзевятнаццатае стагоддзе, але ў вас жа там шаснаццатае! У вас Іван Жахлівы, апрычніна, адрэзаныя насы, выдраныя ноздры, зашытыя ў шкуры мядзведзяў людзі, п’яныя стральцы. Я ў …. [жаху]», – з болем гаворыць ён мне.

Мясцовая жанчына старэйшага веку Людміла распавядае, што кожны дзень у дом, дзе яна хавалася са сваякамі, прыходзілі расейскія вайскоўцы: «Правяралі кожны дзень нашую хату і наш склеп. Лічылі ўсіх людзей, хто быў у нас. Афіцэр сказаў: «Калі ўбачу яшчэ кагосьці новага, наракай на сябе, я цябе проста расстраляю». Я яму кажу: «Добра, нікога ў нас больш у хаце няма».

Паводле маёй суразмоўцы, за выхад на вуліцу таксама пагражалі расстрэлам. У цэлым расейскія вайскоўцы былі нешматслоўныя. Толькі адзін з салдатаў адказаў на пытанне, адкуль ён: «Сказаў, што ён з Пскоўскай вобласці, зваць яго Шаміль».

Жанчына кажа, што цяпер не могуць знайсці суседскай сям’і. Гэтыя людзі таксама не здолелі своечасова эвакуявацца, сядзелі ў сябе ў склепе, а потым бясследна зніклі. Людміла мяркуе, што іх забілі за тое, што яны выйшлі на вуліцу, а целы спалілі.

Войска катаў

З цэнтру Кіева да Бучы ехаць прыкладна гадзіну. Але першыя сляды рэальнай вайны відаць крыху раней, на Жытомірскай трасе. Серабрысты легкавік знішчаны на абочыне. Падобны да раздушанага навагодняга шара. Неўзабаве ўзарваных, зрашэчаных кулямі, раздушаных цывільных аўтамабіляў робіцца так шмат, што перастаеш звяртаць на іх увагу. А гэта не проста кучы абломкаў. Кожная гара змятага металу – чыёсьці абарванае жыццё. І найчасцей не адно.

Расейцы адчайна спрабавалі авалодаць Жытомірскаю трасаю, што злучае Кіеў з захадам краіны. У некалькіх месцах ім удалося яе перарэзаць, але потым агрэсара адкінулі. Паварочваем на поўнач і адразу бачым некалькі згарэлых расейскіх БМП і танкаў Т-72. Гэтая браняваная група таксама рвалася да Жытомірскай трасы і была знішчаная.

Спаленая расейская браняваная тэхніка ў Бучы, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Раман Папкоў / Вот Так

Калі едзеш з Кіева ў Бучу, усведамляеш, наколькі блізкі быў тэрор да сталіцы. Так, месяц Кіеў жыў ва ўмовах вайны, але пры гэтым усё ж не страціўшы базавыя камунальныя выгоды. Людзі маглі прыняць ванну і выпіць кавы. А ўсяго ў гадзіне язды ад гэтай ванны і гэтага кубку кавы – згвалтаваныя, расстраляныя і спаленыя целы.

Страшна, немагчыма ўявіць сабе, што было б, калі б расейская армія зайшла ў Кіеў. Узімку, напярэдадні вайны, паведамленні заходніх медыяў і выведак пра расстрэльныя спісы, якія рыхтуюцца Крамлём, былі праігнараваныя намі – як і ўсе астатнія папярэджанні. А гаворка была пра фізічную ліквідацыю ўкраінскіх палітыкаў і актывістаў, а таксама беларускіх і расейскіх дысідэнтаў, якія атрымалі прытулак на тэрыторыі Украіны.

У Кіеў войску катаў прарвацца не ўдалося. Але паводзіны пуцінскіх сілавікоў у іншых раёнах Украіны кажуць пра тое, што планы зачыстак былі рэальныя. Буча ў гэтым сэнсе адрозніваецца толькі тым, што раз’юшаныя адчайным супрацівам украінцаў акупанты абрынулі сваю жорсткасць не на журналістаў-актывістаў, а на самых звычайных людзей.

Вуліца Вакзальная – адна з цэнтральных у Бучы. Яе фотаздымкі абышлі ўсю сусветную прэсу. Менавіта на гэтай вуліцы ўкраінцы спалілі калону расейскай браняванай тэхнікі. Рудыя, быццам іржавыя, але насамрэч з’едзеныя агнём мёртвыя машыны дасюль стаяць тут. Гэта не проста баявыя адзінкі арміі праціўніка. За кожным БТР, за кожнаю БМП ў Кіеў ішлі катаванні і смерці. Але калону спынілі ў Бучы. Кіеў быў уратаваны ад катаванняў і пакаранняў смерцю. Але Буча іх не пазбегла.

Страшней, чымся ў Бучы

Што горшае за Бучу? Барадзянка паводле разбурэнняў горшая, страшнейшая. Мястэчка на паўночны захад ад Кіева ў першыя дні вайны было бамбаванае расейскай авіяцыяй. У Барадзянцы не было ніякіх вайсковых аб’ектаў. Самалёты скідалі на шматпавярховікі цяжкія некіраваныя бомбы, сканструяваныя для ўдараў па бункерах і скопішчы войскаў.

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка стаіць з журналістамі на цэнтральнай плошчы Барадзянкі. Побач – помнік Тарасу Шаўчэнку, якому расейскія салдаты невядома навошта прастрэлілі галаву. Герашчанка распавядае, што паветраныя ўдары па Барадзянцы былі нанесеныя ў першыя ж дні расейскага ўварвання.

Адразу пасля гэтага горад акупавалі, расейцы не давалі весці ратавальных працаў, хоць у руінах шматпавярховікаў напэўна пахаваныя людзі. Разбіраць завалы пачалі толькі цяпер, калі горад быў вызвалены. Натуральна, праз месяц пасля бамбаванняў аперацыю ў разборы завалаў ужо нельга назваць ратавальнай. Цяпер можна знайсці толькі мёртвых.

Помнік Тарасу Шаўчэнку з кулявымі адтулінамі ў адваяваным украінскім войскам горадзе Барадзянка каля Кіева. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Максім Марусенка / NurPhoto / NurPhoto / AFP / East News

Барадзянка, як і Буча, глынула рэпрэсіяў. Баец мясцовай тэрытарыяльнай абароны Віталь партызаніў супраць акупантаў некалькі тыдняў і, кажа, ацалеў цудам. На ім балаклава, пацёрты камуфляж, на плячы – стары савецкі аўтамат. Згадвае: неўзабаве пасля пачатку акупацыі па дамах пайшлі з правяраннямі. Шукалі ветэранаў вайны на Данбасе, украінскіх патрыятычных актывістаў. Каб атрымаць кулю ці бясследна знікнуць, дастаткова было мець «кампраматную інфармацыю» ў тэлефоне. Такою магло быць што заўгодна, аж да здымка ўкраінскага сцяга.

«Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву вы хадзіце? Вашыя дзяды ваявалі супраць фашыстаў? Хто такія фашысты? Што вы думаеце пра фашыстаў?»

Мой адрас таксама быў у іх. Пакуль я хаваўся, прыехалі да майго дому на БМП, зламалі вароты, перакапалі хату, шукалі нешта забароненае», – апісвае Віталь тое, што адбывалася.

У горадзе яшчэ захаваліся збудаваныя расейцамі з бетонных плітаў скрыні блокпастоў. На плітах намаляваныя літары V (знак групоўкі, што наступала на Кіеў з Беларусі), а таксама графіці «Россия» і «ЦСКА».

Неабходнае гістарычнае адступленне: да пытання пра Нямеччыну

Калі-небудзь гэтыя людзі – палкоўнікі, маёры, лейтэнанты, шарагоўцы ды іншыя так званыя расейскія вайскоўцы – будуць гаварыць пра злачынствы ва Украіне: «Гэта не мы. Гэта АМАП, гэта ФСБ, гэта кадыраўцы». Гэтак жа, як у свой час вермахт, які капітуляваў, казаў: «Гэта не мы, гэта СС». Пры гэтым было ясна: тэрор на акупаваных тэрыторыях не быў магчымы без вермахту, без яго беспасярэдняга ўдзелу.

Вермахту ў нейкім сэнсе гістарычна пашанцавала: яго так і не прызналі ў Нюрнбэргу злачыннай арганізацыяй. Затым была прыкладзеная маса небясплённых намаганняў у стварэнні легенды пра «чысты вермахт», які ваяваў, але нібыта не запляміўся злачынствамі нацысцкай партыі ды яе ваенізаваных арганізацыяў. Распачатая халодная вайна, будаўніцтва новай нямецкай рэспублікі і новага нямецкага войска – усё гэта спрыяла пошуку «чыстых», «шляхетных» каранёў, на якіх магла грунтавацца новая нямецкая ідэнтычнасць.

Баец ЗСУ фатаграфуе зруйнаваны жылы дом, пасля таго як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. Барадзянка, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Эдуард Крыжаноўскі

Але ў кожнага жыццяздольнага міфу павінен быць нейкі цвёрды, рэалістычны падмурак. Хоць бы некалькі гранітных камянёў. У вермахту было некалькі гэтых камянёў. Палкоўнік Штаўфэнбэрг, генерал Трэскаў, генерал Эрых Гёпнэр ды іншыя. Змоўцы, якія паспрабавалі коштам свайго жыцця ў 1944 годзе змяніць сітуацыю, уратаваць сваю краіну і ўсю Еўропу. Спроба была няўдалая.

Дый у цэлым апазіцыйнасць вермахту перабольшваць не варта: у масе сваёй афіцэрскі корпус быў верны рэжыму. Але было вось гэтае выключэнне, некалькі камянёў для наступнага будаўніцтва. Драма вайсковых афіцэраў-арыстакратаў ды іхнай «Валькірыі» была пралогам гісторыі новай Нямеччыны.

У расейскага войска цяпер няма за душою нічога, акрамя бруду і крыві. Так, мы чулі гісторыі пра расейскіх жаўнераў, «якія плакалі пры выглядзе дзяцей у скляпах». Аднак проста плакаць са зброяй у руках на чужой зямлі – гэта, напэўна, не тое, што цяпер трэба.

Раман Папкоў, ваенны карэспандэнт «Вот Так» у Кіеве / ІР

Стужка навінаў