«Выстаўце ўльтыматум Лукашэнку». Ціханоўская заклікала ўмяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша і да ўрадаў замежных краінаў з заклікам уратаваць беларускіх палітычных вязняў.

Гэтую заяву дэмакратычная лідарка зрабіла падчас брыфінгу каля амбасады Беларусі ў Літве, прысвечанага рэжыму інкамунікада.

Абраная прэзідэнтка Беларусі ўжо год нічога не ведае пра мужа. Сяргей Ціханоўскі пазбаўлены лістоў, званкоў і сустрэчаў з адвакатам. «Толькі ананімныя лісты, што ён нібыта памёр. І адно тое відэа, дзе я ледзь яго пазнала», – дадала Святлана.

Ціханоўская нагадала, што таксама больш за год няма сувязі з Віктарам Бабарыкам, Максімам Знакам, Марыяй Калеснікавай, Ігарам Лосікам ды іншымі:

«Інкамунікада – гэта спосаб катавання. І гэта катаванне не толькі для палітвязняў, але і для іхных сем’яў. Якія жывуць у поўнай невядомасці і страху, што можа адбыцца найгоршае.

Рэжым Лукашэнкі ўжо забіў пяцярых беларускіх палітвязняў – Ігара Ледніка, Вадзіма Храська, Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча. І працягвае забіваць іншых. Турма – гэта павольная смерць. А смерць у няволі – гэта страшная смерць…

Брыфінг Святланы Ціханоўскай каля амбасады Беларусі ў Вільні, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Здавалася, забойства Навальнага ў Расеі мусіла б скалануць міжнародную супольнасць, прымусіць да дзеянняў. Але пакуль мы збольшага чуем толькі словы асуджэння і заклапочанасці», – канстатавала абраная прэзідэнтка Беларусі.

Ціханоўская заклікала генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша ўмяшацца ў сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі:

«Патрабуйце спыніць зверскую палітыку інкамунікада ў беларускіх вязніцах. У вашых сілах уратаваць жыцці людзей. І гэта не палітычнае пытанне, гэта пытанне гуманітарнае. Палітвязням мусіць быць забяспечаны доступ да кваліфікаванай медычнай дапамогі, сувязь з адвакатамі і семʼямі.

Я звяртаюся да ўрадаў замежных краінаў: зрабіце пытанне палітвязняў сваім прыярытэтам. Патрабуйце выкананне запыту Камітэту правоў чалавека ААН да рэжыму аб тэрміновых захады ў справах Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Сяргея Ціханоўскага. Выстаўце ўльтыматум Лукашэнку з патрабаваннем паказаць палітвязняў, якіх трымаюць у рэжыме інкамунікада, і вызваліць іх з турмаў».

Гісторыі
Роўна год няма вестак ад палітвязня Міколы Статкевіча – апошні ліст прыйшоў 9 лютага 2023 года
2024.02.09 07:33

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў