Міліцыя спыніла справу супраць пенсіянера МУС за БЧБ-плот


Плот Міхаіла Русака.
Фота: радыё «Свабода»

Аддзел унутраных справаў Гомельскага райвыканкаму пастанавіў спыніць справу аб адміністратыўным правапарушэнні ў дачыненні пенсіянера МУС Міхаіла Русака, паведамляе радыё «Свабода».

Пракуратура ладзіла праверку, бо ў пенсіянера плот — бел-чырвона-белы. З верасня на ўласным падворку Міхаіл Русак размяшчаў бел-чырвона-белы сцяг. Калі яго скралі невядомыя, пенсіянер купіў і паставіў новыя сцягі, іх прыехалі здымаць каля дваццаці чалавек — прадстаўнікі міліцыі, сельсавету, камунальнікі. Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гаспадара. Міхаіла Русака аштрафавалі на 405 рублёў.

Паводле пратаколу, Міхаіл Русак «не зрабіў належных захадаў для падтрымання ў належным стане знадворнага выгляду жылога дому ды іншых збудаванняў, а менавіта размясціў на даху збудавання і фасадзе жылога дому незарэгістраваную сімволіку (бел-чырвона-белыя сцягі)».

«Для мяне бел-чырвона-белы сцяг — гэта сімвал Хрыста, чысціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — казаў Міхаіл Русак.

І пасля гэтага выпадку пенсіянер МУС пафарбаваў свой плот і гараж у «палітычныя» колеры.

«Зноў да мяне прыходзілі тыя ж невядомыя, што і першы раз, відаць, міліцыянты. Патрабавалі зафарбаваць плот. Я пытаўся ў іх дазволу — у які колер мне фарбаваць, і абавязкова каб прадставілі нарматыўны акт, на які яны спасылаюцца. Я казаў, што трыццаць гадоў працаваў у міліцыі і змагаўся з пярэваратнямі ў пагонах, яшчэ пры бандзе Марозава. Рабіў гэта ў тым ліку і дзеля іх і іхных дзяцей, каб яны жылі ў шчаслівай краіне, а не служылі аднаму толькі чалавеку», — сказаў Русак.

«Ране мяне віншавалі з Днём міліцыі як пенсіянера. Я ім назад тую паштоўку аддаў і напісаў, што я да такой міліцыі не маю ніякага дачынення, такой, якая служыць злачыннаму рэжыму. І ўсё — больш паштовак не дасылалі», — пракаментаваў Русак.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў