Блогер Сцяпан Пуціла распавёў пра сваё знікненне


Cцяпан Пуціла.
Фота: «Белсат»

Вядомы блогер Сцяпан Пуціла ў эфіры «Белсату» распавёў пра тое, чаму ягоныя сацсеткі не абнаўляліся, і абверг усе чуткі, якія ўзніклі ў сувязі з гэтым.

«Апошнім часам нашай рэдакцыя толькі і рабіла, што працавала над новым фільмам, анонс якога мы запусцілі ў нашых сацсетках. Фільм будзе вельмі магутны, гэта будзе толькі першая частка вялізнай серыі расследаванняў пра Лукашэнку, якім чынам ён здабывае ўсе гэтыя незаконныя багацці. Гэта вельмі цяжкая праца, таму мы нават і не выходзілі ў эфір», – распавёў Сцяпан Пуціла.

Лукашэнка сам верыць, што нічога не скраў

«Лукашэнка сам паверыў у тэзіс, што ён нічога не браў, бо сапраўды, мы накапалі шмат дакументаў, і на яго анічога не аформлена. Гэта або ягоныя сябры, знаёмыя, або падарункі ў выглядзе, напрыклад, «Майбаха». Але хто проста так дорыць «Майбах»? Насамрэч гэта карупцыйныя схемы, пра якія мы ўсё распавядзем. Думаю, сам Лукашэнка будзе глядзець гэтую прэм’еру а 18-й гадзіне на YouTube-канале».

Швейцарскія банкі, рахункі

«Мы напрыканцы хацелі падлічыць, колькі каштуе маёмасць Лукашэнкі, але збіліся ў падліках, бо статыстычная хіба – мільярды долараў. Таму мы вырашылі зрабіць наступныя часткі. Пакуль, на жаль, дакументаў пра рахункі Лукашэнкі за мяжой няма. Але мы таксама апублікавалі дакумент пра Віктара Лукашэнку, пра ягоны рахунак у швейцарскім банку. Гэта даволі стары дакумент, 2012 года. Але вядома, што гэтая інфармацыя закрытая, і яны робяць гэта праз трэціх асобаў. Але вось схемы, як гэта робіцца, вядомыя і празрыстыя».

Хто адказвае за сродкі Лукашэнкі?

«Лукашэнка адхіліў свайго сына Віктара, звольніў з пасады. Але ўсё часцей паўтарае, што сынам перадаваць уладу не будзе. І гэта сапраўды так. Таму Лукашэнка давярае свае сродкі сваім сябрам, алігархам, на якіх мае кампрамат і можа пасадзіць іх у любы момант. Бо толькі дзякуючы ім ён набывае новыя машыны, новыя гадзіннікі. Лукашэнка ледзь не кожны год мяняе гадзіннікі, якія каштуюць дзясяткі тысяч еўраў».

Браджэнне ў асяродку Лукашэнкі

«У асяродку Лукашэнкі адбываецца браджэнне. Яны самыя бачаць, што грошы ў рэжыму канчаюцца. Так, пакуль для сілавікоў ёсць запасы. Але апошнія навіны – што забаранілі павышаць кошты, што візіт да Пуціна стаў няўдалым, бо кіраўнік Крамля не хоча даваць грошай. Таму чыноўнікі пачынаюць задумвацца».

Фільм блогера Сцяпана Пуцілы з’явіцца ў сацсетках 8 сакавіка а 18-й гадзіне. Называецца фільм – «Лукашэнка. Залатое дно».

СС, belsat.eu

Стужка навінаў