Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона непакоіла выдаленне з Асноўнага закону Беларусі палажэння пра бяз’ядравы і нейтральны статус краіны.
Эмануэль Макрон і Уладзімір Пуцін падчас брыфінгу 7 лютага абмеркавалі будучыя змяненні ў Канстытуцыю Беларусі. Прэзідэнта Францыі найбольш хвалявала выдаленне з тэксту Асноўнага закону двух палажэнняў ад 1994 году – пра статус нейтральнай і бяз’ядравай дзяржавы (артыкул 18 Канстытуцыі Беларусі).
«Я выказаў прэзідэнту Пуціну заклапочанасць у сувязі з новым праектам Канстытуцыі Беларусі, які прадугледжвае скасаванне двух фундаментальных палажэнняў аб яе статусе ад 1994 году, а таксама ў сувязі з заявай прэзідэнта Лукашэнкі аб ядравай зброі. У гэтай сувязі я атрымаў запэўненні ад прэзідэнта Пуціна», – перадае словы Макрона ТАСС.
Пад заявай Лукашэнкі меліся на ўвазе ягоныя словы пра тое, што Беларусь гатовая прапанаваць Расеі размясціць на сваёй тэрыторыі ядравую зброю, калі НАТО накіруе ядравую зброю ў Польшчу.
Пра ядравую зброю Пуцін выказаўся таксама на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Макронам. Ён нагадаў пра ядзерны патэнцыял Расеі, кажучы пра перспектыву ўступлення Украіны ў НАТО.
«Мы разумеем, што Расея – адна з вядучых ядравых дзяржаваў, а па некаторых кампанентах сучаснасці шмат каго апярэджвае. Пераможцаў не будзе. Вы апыняцеся ўцягнутымі ў гэты канфлікт супраць сваёй волі», – заявіў Пуцін.
ГГ, belsat.eu