Што Кабінет Ціханоўскай адказаў беларусам пра санкцыі, палітвязняў, легалізацыю і сілавы сцэнар


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 8 студзеня распачала візіт у Польшчу і правяла сустрэчу з прадстаўнікамі свайго Кабінету. Пасля сустрэчы Аб’яднаны пераходны кабінет адказаў на пытанні беларусаў у онлайн-трансляцыі. «Белсат» пераказвае некаторыя адказы.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля сустрэчы з польскім бокам і паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Першае пытанне Святлане Ціханоўскай было аб тым, хто і як прымае стратэгію Кабінету, чаму гэты працэс непразрысты. Яна адказала: рашэнне прымаюць бальшынёй галасоў. Кабінет штотыдзень збіраецца на онлайн-паседжанні і прымае рашэнні калегіяльна.

Наступныя пытанні тычыліся розных тэмаў, якія мы разаб’ем на некалькі групаў не ў храналагічным парадку.

Што з пашпартам Новай Беларусі

Наступнае пытанне тычылася праекту пашпарта Новай Беларусі. Ціханоўская расказала, што ўжо некалькі месяцаў рыхтуе замежных партнёраў да таго, што такі пашпарт будзе выдадзены і што яго прызнання будуць прасіць. Аднак прызнанне будзе складаным працэсам, бо справа беспрэцэдэнтная.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Намеснік кіраўніцы Кабінету, прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказаў, што з Польшчай размаўляюць не толькі аб прызнанні пашпарта Новай Беларусі, але і аб тэхнічным падтрыманні праекту. Перад выданнем пашпарта яшчэ трэба заснаваць пашпартны цэнтр, выдаць фізічны ўзор дакументаў і адшукаць каманду для пашпартнага цэнтру. Кавалеўскі спадзяецца на хуткае развязанне гэтай задачы.

Выданне пашпарта Новай Беларусі – пытанне часу, запэўніў ён.

Беларускія суполкі ўва ўсім свеце маюць далучыцца да працэсу – Кавалеўскі сказаў, што будзе момант, калі дэмакратычныя сілы звернуцца да дыяспараў па інфармацыю і лабіяванне прызнання пашпарта.

Што з грашыма на палітвязняў

Пытанне было і пра вынікі леташняга марафону салідарнасці – у прыватнасці, пра тое, як юрыдычна аформлены найбуйнейшы атрымальнік сродкаў з марафону, фонд «By_help». Прадстаўніца Кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова расказала, што марафон мае назіральную раду з прадстаўнікамі беларускіх медыяў, а атрымальнікі дапамогі праходзяць аўдыт, паказваюць фінансавую дакументацыю. Такіх фондаў цяпер шэсць, але ў іх ліку яшчэ няма «By_help» – аўдыту пакуль не было, бо яшчэ не ўсе сродкі размеркаваныя. І яшчэ не ўсе грошы, сабраныя на марафоне, перададзеныя ініцыятывам і фондам. Поўную справаздачу па марафоне яна спадзяецца апублікаваць ужо найбліжэйшым часам.

Сярод пытанняў была заява пра тое, што не ўсе сем’і палітвязняў атрымалі дапамогу, хоць падавалі заяўкі. Гарбунова адказала, што нават калі б усе паўмільёна беларускіх эмігрантаў «скінуліся па тры еўры», гэтага хапіла б на тры месяцы дапамогі палітвязням – з улікам толькі вядомых лічбаў палітзняволеных, якія могуць быць толькі «верхавінай айсбергу». Нават калі вырашыць, што тым, хто ўжо адбыў неправамернае пакаранне, даць тысячу еўраў на першы месяц рэабілітацыі на волі, спатрэбяцца тыя самыя паўтара мільёна еўраў. Грошай і людзей у праваабарончым руху «катастрафічна не хапае», прызнала яна.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Абʼяднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ціханоўская, адказваючы на адно з пытанняў, гаварыла пра кантакты з бізнесам: ведае, што шмат бізнес-структураў падтрымлівае зборы на палітвязняў або культурныя ініцыятывы, але сістэмнай працы няма. Шмат хто ў бізнесе не хоча адкрытых стасункаў з палітычнымі структурамі, каб пазбегчы рызыкаў, адзначыла яна, але самі людзі з бізнесу намагаюцца дапамагаць тым, каму дапамога патрэбная. Таму яна заклікала беларускі бізнес яднацца вакол агульных мэтаў.

Што з санкцыямі

Ці ўздымалася пытанне пра сінхранізацыю санкцыяў супраць рэжымаў у Беларусі і Расеі? Намеснік кіраўніцы Кабінету, прадстаўнік у пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка адказаў, што санкцыі не сінхранізуюць, а прымаюць асобна адносна Расеі і Беларусі.

Не адбываецца гарманізацыя санкцыяў і таму, што яе часам блакуюць асобныя краіны – Латушка нагадаў пра публічна вядомы выпадак з Партугаліяй, якая блакавала ўвядзенне новых санкцыяў адносна Лукашэнкі і патрабавала зняць санкцыі з беларускага калію, таму даводзілася «бараніць санкцыі» (і санкцыі не на заробкі гарнякоў, падкрэсліў Латушка, а на даходы рэжыму з калію праз карупцыйныя схемы). Сітуацыя з санкцыямі, прызнаў Латушка, пакуль патавая, але гэта абмяркоўвалі ў тым ліку на сустрэчах з польскімі партнёрамі 8 студзеня.

Дэмакратычныя сілы, расказаў Латушка, таксама прапаноўваюць замежным партнёрам прымаць пакеты санкцыяў менавіта з праваабарончых матываў, напрыклад, супраць прадпрыемстваў, што выкарыстоўваюць прымусовую працу палітвязняў. Але «не мы прымаем гэтыя рашэнні», нагадаў Латушка.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ён наракаў, што не можа растлумачыць, чаму пэўных санкцыяў, напрыклад, на карэспандэнцкія рахункі банкаў, не прымаюць цяпер Злучаныя Штаты. Тых, хто хоча дапамагчы, Латушка заклікаў пісаць лісты ў міністэрствы замежных справаў адпаведных краінаў і ў Еўрапейскую службу замежнапалітычнай дзейнасці.

На думку Латушкі, 2024 год будзе «лакмусавай паперкай» адносна міжнародных партнёраў, бо магчымае прыняцце ці непрыняцце ордару на арышт Лукашэнкі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей, накіраванне ці ненакіраванне ў Міжнародны крымінальны суд справы супраць Лукашэнкі і паплечнікаў. Сярод шэрагу партнёраў, расказаў Латушка, ёсць думка, што ордар на арышт «спаліць масты» – і тады Лукашэнку не будзе чаго губляць. Латушка ж лічыць, што праз 30 гадоў варта «паставіць крыж» на Лукашэнку, а не гуляць ва ўмоўнасці. У партнёраў, наракаў ён, заніжанае жаданне выкарыстоўваць наяўныя інструменты – гэта не ў беларусаў завышаныя жаданні.

Латушка таксама расказаў пра нядаўнія размовы з міністрам юстыцыі Польшчы пра новыя падыходы ў прыцягненні рэжыму да адказнасці. Сярод іх – патэнцыйная магчымасць разглядаць у польскіх пракуратурах справы аб катаваннях грамадзянаў Беларусі з картай паляка і з міжнароднай абаронай, гэта дазволіць пачынаць у Польшчы сапраўдныя крымінальныя справы і выдаваць ордары на арышт злачынцаў рэжыму Лукашэнкі.

Што з сілавым сцэнаром і вызваленнем Беларусі

Адно з пытанняў было эмацыйным – пра план вызвалення Беларусі, адсутнасць збораў на зброю і дроны для гвалтоўнага супраціву і пра тое, колькі гадоў яшчэ чакаць. Ціханоўская расказала, што праходзіць праз такія ж эмоцыі, але заўважыла: ахвяры не былі марныя, бо рэжыму не ўдалося «перагарнуць старонку», а беларусаў больш не падманеш. Аднак адказнасць за вызваленне беларусаў ляжыць на кожным беларусе – кожнаму варта думаць, што зрабіць для вызвалення краіны.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык бярэ ўдзел у стрыме і адказвае на пытанні беларусаў пасля паседжання Абʼяднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На сустрэчы меўся прысутнічаць таксама прадстаўнік Кабінету ў справе абароны Валер Сахашчык, але ён не паспеў прыехаць з Украіны да пачатку прэс-канферэнцыі. Ён выйшаў на сувязь праз інтэрнэт, яшчэ будучы ў дарозе. Яго пыталі, ці магчыма зрабіць мабілізацыйны вызваленчы рэзерв з беларусаў замежжа. Сахашчык адказаў, што нішто не забараняе ствараць за мяжой спартова-патрыятычныя клубы і аб’яднанні людзей, у межах законаў ладзіць і вайсковую падрыхтоўку.

Але дзеля гэтага, працягнуў ён, патрэбныя рэсурсы, а каб яны былі, трэба выбраць свой парламент (маючы на ўвазе Каардынацыйную раду), сфармаваць бюджэт за кошт унёскаў беларусаў, якія «скінуліся» хаця б па адным еўра на месяц. Ён дадаў, што ўпэўнены: перамены ў Беларусі цалкам можна правесці без грамадзянскай вайны, хіба можа выйсці, што давядзецца «замірваць» нейкую колькасць «адмарозкаў» – і для гэтага можа спатрэбіцца сілавы кампанент.

І іншае

Прадстаўніцы ў справе нацыянальнага адраджэння Аліне Коўшык дасталіся пытанні пра ўжо напісаныя стратэгіі. Падрабязна аб гэтых стратэгіях мы ўжо расказвалі раней: пра Стратэгію нацыянальнага адраджэння і Стратэгію пераходу да новай Беларусі.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык выступае перад прадстаўнікамі медыяў пасля паседжання Абʼяднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Адно з пытанняў Кабінету было пра атрыманне беларусамі даплаты да пенсіі ў будучай Беларусі за час працы за мяжой і ў прыватнасці ў Польшчы. Ціханоўская абяцала скіраваць пытанне да юрыстаў. Гарбунова дадала, што ведае аб пытаннях пра пенсіі за мяжою, але адказаў на іх яшчэ не мае: дзяржавы, якія прынялі беларускіх уцекачоў і эмігрантаў, не былі гатовыя да такой колькасці людзей і пытанняў. Пакуль Кабінет прапаноўвае беларусам за мяжою толькі юрыдычныя кансультацыі ў гэтай справе і просіць звяртацца да мясцовых арганізацыяў, якія займаюцца дапамогай уразлівым групам.

А ці праўда тыя чуткі, што маці Кавалеўскага жыве ў Расеі і ёсць сябрам партыі ўлады «Единая Россия»? Кавалеўскі адказаў, што няпраўда: ягоная маці не жыве ў Расеі, не ёсць сябрам «Единой России». Па падрабязнасці Кавалеўскі адаслаў да свайго інтэрв’ю на «Еўрарадыё».

Чаму ў Ціханоўскай напружаныя стасункі з некаторымі прадстаўнікамі «старой апазіцыі», напрыклад, з кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2010 годзе Андрэем Саннікавым? Ціханоўская на такое пытанне адказала, што з Саннікавым не мае асаблівых стасункаў, яны сустракаліся толькі аднойчы, асаблівага жадання да супрацы з ягонага боку яна не бачыла, але адкрытая да супрацы з любым, хто падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці.

А каго Ціханоўская называе дэмакратычнымі сіламі? Яна адказала: гэта аб’яднанне людзей, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці, маюць на мэце пазбавіцца дыктатуры, вызваліць палітвязняў і будаваць дэмакратычную Беларусь.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ўручыла «Знак Гонару» кіраўнікам «Белсату»
2024.01.08 11:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў