Балгарыя не выдала Беларусі ўкраінскага добраахвотніка Дзмітра Трафімчука


Раённы суд у балгарскім горадзе Руса адмовіўся выдаць Беларусі ўкраінца Дзмітра Трафімчука, які знаходзіўся ў вышуку Інтэрполу па запыце Беларусі. Пра гэта балгарскай службе «Свободна Европа» паведаміла адвакатка мужчыны.

Грамадзяніна Украіны Дзмітра Трафімчука затрымалі 19 лістапада 2022 года на мяжы Балгарыі і Румыніі, бо памежнікі высветлілі, што мужчына знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу па запыце Беларусі.

Дзмітро Трафімчук разам з жонкай і дзецьмі ехаў у Балгарыю, каб адтуль трапіць у Турэччыну. У апошнія месяцы ён разам з жонкай займаўся валанцёрскай дапамогай жыхарам Харкаўскай вобласці. Ва Украіне сям’я не мае ўжо дому, бо на пачатку вайны ў яго трапіла бомба.

Паводле заявы МУС Беларусі, Трафімчук быў замешаны ў схеме крадзяжу асабістых і банкаўскіх рэквізітаў замежных грамадзян. Па словах самога Дзмітра, справа была цалкам сфабрыкаваная.

З лістапада да 30 снежня 2022 года Трафімчука трымалі ў Балгарыі пад вартай. Нарэшце 30 снежня раённы суд гораду Руса разгледзеў запыт аб экстрадыцыі і адмовіў у ёй на падставе таго, што ўлады Беларусі не могуць дамагчыся павагі да правоў чалавека ў турмах. Паводле суду, пісьмовыя запэўніванні Беларусі ў тым, што Трафімчук не будзе падлягаць гвалту, катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню, не маюць даверу.

«Экстрадыцыя ў Беларусь небяспечная для жыцця Дзмітра. Яго там могуць забіць», – распавяла журналістам ягоная жонка Вікторыя Трафімчук.

Дзмітро Трафімчук быў вызвалены з-пад варты і знаходзіцца на свабодзе разам з сям’ёй.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў