У Беларусі правяраюць сістэму рэагавання на акты тэрарызму – перакрыюць асобныя дарогі


У Беларусі 7–8 снежня праводзіцца праверка дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, пра гэта афіцыйным СМІ паведамілі ў Дзяржаўным сакратарыяце Савету бяспекі РБ. У сувязі з праверкай будзе часова абмежаваны рух транспарту на асобных дарогах краіны.

«У гэты перыяд запланаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі і асабовага складу сілаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, часовае абмежаванне руху грамадзянаў (транспарту) на асобных дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці», – паведамляюць дзяржаўныя СМІ са спасылкай на Савет бяспекі.

У якіх мясцовасцях будуць уведзеныя абмежаванні, не ўдакладняецца. Плануецца таксама «ўжыванне імітацыйных сродкаў паражэння ў навучальных мэтах».

Праверка дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму ладзіцца пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бяспекі Рэспублікі Беларусь.

6 снежня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што Уброеныя сілы краіны пачалі «планавыя заняткі па баявой гатовасці». Да гэтага, 3 снежня, Беларусь наведаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што візіт расейскага міністра меў на мэце націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб ён і далей падтрымліваў наступальную кампанію Расеі ва Украіне. Незалежныя эксперты адзначаюць, што рызыка ўступлення Беларусі ў вайну за апошнія тыдні істотна павялічылася.

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў