«Я магу гэтым толькі ганарыцца». 30 гадоў таму ў Беларусі ліквідавалі СССР


30 гадоў таму, 8 снежня 1991 года, у Белавежскай пушчы былі падпісаныя пагадненні пра спыненне існавання Савецкага Саюзу. «Белсат» паразмаўляў з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам, які быў адным з падпісантаў дамоваў, і палітолагам Валерам Карбалевічам пра тыя падзеі і сённяшнюю сітуацыю.

Падпісанне Белавежскіх пагадненняў. За сталом сядзяць: злева – Вітольд Фокін і Леанід Краўчук, у цэнтры – Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч, справа – Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс. 8 снежня 1991 года. Крыніца: RIA Novosti / Wikipedia

Падрыхтоўка

На ўрадавую сядзібу ў беларускіх Віскулях, што за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай, высокія дэлегацыі пачалі прыбываць 7 снежня. Апроч кіраўнікоў Беларусі, у Белавежскую пушчу прыехалі лідары суседніх Расеі і Украіны.

На той момант Менск і Кіеў, у адрозненне ад Масквы, ужо абвесцілі пра свой выхад са складу СССР – 25 і 24 жніўня адпаведна. Але, паводле ўспамінаў удзельнікаў тых гістарычных падзеяў, менавіта расейская дэлегацыя рыхтавала праекты будучых Белавежскіх дамоваў.

Кіраўніцтва СССР у Віскулі не запрасілі. Але яно, даведаўшыся пра падзеі, накіравала спецназ КДБ Беларусі, «які атачыў лес у раёне паляўнічай рэзідэнцыі і чакаў загаду на арышт ліквідатараў СССР». Але загаду не паступіла, бо «гэта пахла грамадзянскай вайной».

«Гэта выглядала б, што я нібыта для таго, каб утрымаць уладу, пайшоў на такое, хаця трэба было дэмакратычнымі шляхамі дамагацца», – патлумачыў пазней апошні кіраўнік Саюзу Міхаіл Гарбачоў.

Што было ў дамовах?

Само падпісанне дакументаў адбылося 8 снежня. Ад Беларусі іх свае подпісы паставілі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, ад Украіны – прэзідэнт Леанід Краўчук і прэм’ер Вітальд Фокін, а ад Расеі – прэзідэнт Барыс Ельцын і дзяржсакратар і намеснік старшыні ўраду Генадзь Бурбуліс.

У прэамбуле дакументу Беларусь, Расея і Украіна як дзяржавы – заснавальніцы СССР у 1922 годзе канстатавалі, што ён «як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне».

Замест гэтага бакі дамовіліся ўтварыць Садружнасць Незалежных Дзяржаваў (СНД) з роўнымі правамі ды свабодамі для грамадзянаў, прызнаннем тэрытарыяльнай цэласнасці ды абавязваліся развіваць супрацу «сваіх народаў і дзяржаваў у галіне палітыкі, эканомікі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, навукі, гандлю, у гуманітарнай і іншых галінах, садзейнічаць шырокаму інфармацыйнаму абмену» і гэтак далей.

Афіцыйным месцам знаходжання каардынацыйных органаў СНД прызначаўся Менск, і «спынялася дзейнасць усіх органаў СССР на тэрыторыях дзяржаваў – чальцоў садружнасці». Праз 18 дзён, 26 снежня 1991 года, Савецкі Саюз афіцыйна спыніў існаванне.

«Я лічу гэта сваім другім палітычным дасягненнем»

У каментары «Белсату» адзін з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч са спасылкай на шведскіх дыпламатаў назваў падпісаныя 30 гадоў дакументы «шэдэўрам легітымнай дыпламатыі канца другога тысячагоддзя».

Станіслаў Шушкевіч у сваёй кватэры. Менск, Беларусь. 8 снежня 2016 года.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

«Я магу гэтым толькі ганарыцца. Я лічу гэта сваім другім палітычным дасягненнем у жыцці. Першае – гэта вывад ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі. Уявіце сабе, калі б у Беларусі была ядравая зброя. Па-першае, Расея б не адчапілася, а па-другое, быў бы шантаж [з боку дзейных уладаў. – Рэд. Belsat.eu]. Так што, я лічу тое, што адбылося ў Белавежскай пушчы, вельмі важным», – падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч.

«Зрабілі Беларусь юрыдычна незалежнай»

Сёння, на ягоную думку, Уладзімір Пуцін, спрабуючы аднавіць расейскую імперыю, не ўяўляе яе без Беларусі ды Украіны. А Аляксандр Лукашэнка ж «тое, што скажа Пуцін, ён будзе рабіць».

«Пуцін вырашыў уключыць Беларусь у імперыю. І наш паўтарае ўжо. Прызнаў ужо неўкраінскім Крым. Гэта агідная здача незалежнасці Беларусі, якая заваяваная ў тым ліку і Белавежскімі пагадненнямі. Белавежскія пагадненні фактычна зрабілі Беларусь юрыдычна незалежнай», – адзначыў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі.

Пры гэтым ён не верыць у магчымасць аднаўлення СССР у сённяшніх умовах.

«Ёсць такая расейская прыказка: сабака ніколі не вяртаецца да сваёй блявоціны. Аднавіць гэтую імперыю немагчыма. Імперыю, якая загубіла народы, выгнала людзей са сваіх месцаў і ўчыніла генацыд. Імперыю, якая пасылала сотні тысяч людзей на верную смерць, каб заваяваць на некалькі гадзінаў раней нейкі плацдарм у Еўропе. Імперыю, якая палітзняволенымі будавала ДнепраГЭС і розныя будоўлі камунізму. Гэта немагчыма аднавіць», – адзначыў Станіслаў Шушкевіч.

На ягоную думку, сённяшнія Беларусь і Расея абапіраюцца на прынцып дзяржаўнага тэрарызму, дзе кіруюць не эканамісты, а сілавікі.

«І бяззбройны народ супрацьстаіць добра ўзброенай арміі, якая павінна бараніць ад вонкавага ворага. А яна бароніць свой статус ад свайго народу. Беларускі тэрарызм – гэта вайна ўраду са сваім народам», – мяркуе былы кіраўнік Беларусі.

«Самы постсавецкі рэжым»

І хоць 30 гадоў менавіта ў нашай краіне былі падпісаныя адныя з ключавых дакументаў ХХ стагоддзя, ніякіх прыкметаў таго, што іх хаця б згадаюць дзейныя ўлады, няма.

«Беларускі рэжым – самы постсавецкі рэжым. І настальгія па Савецкім Саюзе тут найбольшая. І Лукашэнка казаў не раз, што распад Савецкага Саюзу – гэта вялікае няшчасце. Таму як можна святкаваць дату, якая спрычынілася да няшчасця?» – адзначыў у каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч.

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Вячаслаў Кебіч пасля падпісання Пагаднення аб стварэнні СНД. 8 снежня 1991 года. Крыніца: RIA Novosti / Wikipedia

Між тым Станіслаў Шушкевіч найлепшай формай ушанавання Белавежскіх пагадненняў лічыць вяртанне Беларусі да дэмакратычнага ладу, дзе кіраўнік краіны не можа быць ва ўладзе больш за два тэрміны.

«У нас нашыя галоўныя дакументы, у тым ліку і Канстытуцыя, антыдэмакратычныя. Трэба іх мяняць, і трэба праводзіць выбары. Трэба пазбаўляцца фальсіфікацыі выбараў, калі спачатку выгналі з краіны Саннікава, а пасля пасадзілі Бабарыку на 14 гадоў. Такога ў свеце няма. І тысячы палітзняволеных таксама няма нідзе ў еўрапейскай краіне», – падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч.

«Пабочны прадукт рэжыму»

Але пакуль «так атрымалася, што будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці стала пабочным прадуктам будаўніцтва аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі», мяркуе Валер Карбалевіч.

«І гэты тэзіс добра ілюструе нядаўняя заява міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Маўляў, пагроза існавання дзейнага рэжыму ад заходняга санкцыйнага ціску пагражае стратай незалежнасці Беларусі. То бок, рэжым і незалежнасць – гэта адно і тое ж», – заявіў палітолаг.

Таму, на ягонае меркаванне, «асабліва з улікам тых крокаў Лукашэнкі ў бок Расеі, калі залежнасць ад Расеі становіцца ўсё большай і большай, – гэта адначасова крокі ў скарачэнні беларускага дзяржаўнага суверэнітэту».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў